Kitobni o'qish: «Эксгумацыя»
1
Лета было ў самым разгары. Дзённая лiпеньская спёка цяжкiм, даўкiм смогам ахiнула, сцiснула, быццам абцугамі, двухмiльённы горад i вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканнi – чаканнi дажджу. Здаецца, што асфальт на вулiцах плавiцца, ператвараецца ў пластылiн, i ад яго ўвачавiдкi, паволi цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкра-горкае паветра, якое завiсае над гмахамi дамоў, ствараючы вялiзны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносiць прахалоды, а слабенькi начны вятрыска, як нi стараецца, не можа прабiцца да гарадскiх вулiц. Жыццё, здаецца, замарудзiлася. Трава ўздоўж тратуараў i ў невялiкiх скверах ды парках звяла, а найбольш сонечнымi месцамi заўчасна жоўкне i сохне. Дрэвы таксама ўмомант знiякавелi, лiстота звiсае скручанымi ледзяшамi i немагчыма каля iх знайсцi i лапiка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамянiстага, бязлiтасна-гарачага сонца. Разамлелыя людскiя чэргi толькi i ўбачыш каля кiёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыклiва-гаманкiя аматары пенiстага пiва не здрадзiлi любiмаму пiтву, а толькi пакiнулi абгароджаную каля кiёска пляцоўку з трыма круглымi бруднымi сталамi i сцiшана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.
У адзiнае вакно кабiнета старшага следчага пракуратуры Васiля Мiкалаевiча Смаляка сонца зазiрае ўранку ўсяго на якую гадзiну, i следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымi спякотнымi днямi, калi чырвоны слупок на тэрмометры перакулiў за дваццаць пяць градусаў i настойлiва падкрадаўся да адзнакi трыццаць, следчы, не задумваючыся, змянiў бы свой пакой на той, дзе многа сонца i цяпла. Смаляк быў невысокi, але, як кажуць, чалавек шырокай косцi, рухавы, а выразныя шэра-сiнiя вочы пазiраюць з-пад чорных вузкiх броваў спагадлiва i шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, хоць выглядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сiвiзна, глыбокiя, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсiм, ад таго, што саромеўся насiць акуляры, на лбе i ў куточках рота старылi, асаблiва калi следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвiлiны ён меў хваравiты, пакутнiцкi выгляд. I наадварот, калi ўсмiхаўся, ад хваравiтасцi не заставалася i знаку, твар свяцiўся непадробнай шчырасцю, нейкiм унутраным святлом, i Смаляк маладзеў на добры дзесятак гадоў. Характар меў лагодны, спагадлiвы, не ачарсцвеў за час работы ў пракуратуры, але, калi трэба было, мог пастаяць, i не толькi за сябе. Мо якраз праз гэта i цягнулiся да яго людзi, давяралi асабiстае, самае iнтымнае, пра што нават на споведзi не кожны прызнаецца.
Смаляк, блiзарука прыжмурыўшыся, хуткiм размашыстым почыркам пiсаў чарнавы варыянт ліста, адказваў на скаргу, па якой праводзiў праверку. У гэты момант у дзверы рэзка пастукалi, i не паспеў следчы ўзняць галаву, як у кабiнет уварвалася Люся, сакратарка пракуратуры.
– Васiль Мiкалаевiч, Вас на «кавёр» да шэфа! – адным духам выпалiла дзяўчына, бы стрэлiла з кулямёта, i гэтак жа iмклiва знiкла, пакiнуўшы пасля сябе пах прыемных французскiх духоў.
«Вось гарэза!» – усмiхнуўся следчы i, няспешна перачытаўшы напiсанае, затушыў недакурак у адмысловай важкай попельнiцы, зробленай у выглядзе змяiнай галавы. Хаваючы паперы ў стол, Смаляк усё ж зажурыўся, бо на выхадныя планаваў паехаць з жонкай i сынам на возера. А што, калi Кучкун памяняў графiк дзяжурства? Такое часцяком здараецца, падчас летнiх адпачынкаў людзей не хапае.
Калi Смаляк увайшоў у кабiнет да пракурора, Сяргей Сяргеевiч Кучкун нешта iмпэтна даводзiў па тэлефоне нябачнаму субяседнiку: «…Не, так будзе няправiльна, прынятае рашэнне супярэчыць закону…» Убачыўшы следчага, ён кiўнуў галавой на крэсла, запрашаючы прысесцi, i, падпiхнуўшы яму шэрую папку, завязаную чорнымi матузкамi, прыкрыў далонню тэлефонную трубку:
– Васiль, пакуль я пагавару, прачытай скаргу, якая ляжыць у папцы.
Кучкун быў высокi, хударлявы, крыху сутулы пяцiдзесяцiгадовы мужчына. Шэрыя вочкi-калючкi, сiвыя, кароткiя, стрыжаныя пад вожыка валасы, якiя пагрозлiва тырчалi ў розныя бакi, i асаблiва строгi пракурорскi мундзiр, з якiм Кучкун не расставаўся нават у сёлетнюю трыццацiградусную спёку, надавалi яму выгляд жорсткага, непахiснага чалавека, прынцыповага законнiка. Але гэта было толькi першае ўражанне, якое ён даволi артыстычна ствараў аб сабе ў людзей, з якiмi сустракаўся ўпершыню. На самай справе Кучкун быў чалавекам настрою з падначаленымi i пракурорам-аднадумцам з вышэйшым начальствам.
Зразумеўшы, што ў выхадныя ён будзе вудзiць рыбу на Вячы, Смаляк паспакайнеў, усмiхнуўся.
– Ты што смяешся? – зноў паклаўшы далонь на трубку, узвысiў голас пракурор. – Ты перш прачытай, а ўжо смяяцца будзем потым… Прабачце, Iван Пятровiч, гэта я не Вам, – спахапiўся Кучкун i, апраўдваючыся, удакладнiў: – Тут у мяне са следчым праблемы… Кажаце, Федарэнка Вас падтрымлiвае? Калi так, то i я не супроць, толькi трэба ўсё дэталёва абмазгаваць…
Смаляк, не зважаючы на парады Кучкуна, узяў у рукi папку i адразу пазнаў справу Альховiка, па якой ён два месяцы таму праводзiў праверку. Следчы спрабаваў успомнiць хоць якую-небудзь дробязь, з-за якой начальства магло б засумнявацца ў правiльнасцi пастановы, што адмаўляла ўзбуджэнне крымiнальнай справы, i не знаходзiў: юрыдычна ўсё было правiльна. Прычынай праверкi было ананiмнае пiсьмо, у якiм сцвярджалася, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прыводзiлiся даволi пераканаўчыя доказы. Ананiмшчык абвiнавачваў Вярбiцкую Таццяну Фёдараўну, якая даглядала старога, сцвярджаў, што толькi ў яе была прычына адправiць Альховiка на той свет. Далей узгадвалася завяшчанне, якое пацярпелы за тыдзень да смерцi змянiў на карысць Вярбiцкай, i менавiта гэтым падпiсаў сабе смяротны прысуд. Азнаёмiўшыся з першым завяшчаннем i дапытаўшы двух братоў Шчэрбаў, якiя павiнны былi ўнаследаваць усю маёмасць нябожчыка, Смаляк ужо дакладна ведаў, што ананiмка напiсана iмi, хоць яны катэгарычна гэта адмаўлялi. Сваiх дзяцей ў Альховiка не было, усёй раднi – толькi Шчэрбы, пляменнiкi жонкі, памерлай пяць гадоў таму назад. Пасля смерцi цёткi пэўны час Шчэрбы клапацiлiся пра дзядзьку, дапамагалi яму, але, калi стары склаў завяшчанне i адпiсаў пляменнiкам дом у прыватным сектары, машыну, дачу i астатнюю маёмасць, на яго забылiся, быццам ужо i не жыў. Вось у гэты час i з’явiлася Вярбiцкая, якая ўвесь хатнi клопат узвалiла на свае плечы.
Смаляк перагарнуў дробна спiсаныя, як яму падалося, дрыжачай рукой старонкi скаргi i зноў падумаў пра Шчэрбаў. Ён быў перакананы, што скардзiлiся яны, але, каб праверыць сябе, зiрнуў на подпiсы i задаволена ўсмiхнуўся: так яно i было.
Кучкун скончыў телефонную размову i, засяроджана думаючы пра нешта сваё, прыжмурыўшы вочы, смалiў чорную, адпалiраваную да бляску курыцельную люльку. На ягоны жаўтаваты, жорсткi твар лёг цень заклапочанасцi, усхваляванай нервознасцi. На стале натужлiва гудзеў вялiзны, магутны, дваццацiгадовай даўнасцi вентылятар, прапелер якога паволi паварочваўся то ўправа, то ўлева, быццам вяртлявая маладзiца перад люстэркам. Фiранкi на вокнах матлялiся i хлопалi, бы ветразi, штучны, але прыемны вятрыска халадзiў твар, i гарачыня сапраўды адступала.
Смаляк дачытаў скаргу, яшчэ раз перагарнуў старонкi i прагледзеў месцы, пазначаныя чырвоным алоўкам. Следчы зiрнуў на пракурора, iх вочы сустрэлiся.
– Што скажаш? – нецярплiва спытаў Кучкун, у вачах яго мiльгануў нядобры агеньчык.
Смаляк моўчкi, няспешна паклаў скаргу ў папку. Ён разумеў Кучкуна i не мог пагадзiцца з ягонай усхваляванасцю.
– Вы хоць разумееце, што, калi скарга пацвердзiцца, да нас прымуць меры!.. – пракурор устаў з-за стала, некалькi разоў запар смактануў люльку i, зразумеўшы, што яна патухла, кiнуў на стол. – Васiль Мiкалаевiч, чаму Вы, атрымаўшы першую скаргу, не правялi экспертызу? Чаму адхiлiлi версiю забойства? Вось i вынiк: пракуратура горада адмянiла вынесеную Вамi пастанову.
Смаляк маўчаў, бо добра ведаў свайго непасрэднага начальнiка: Кучкун спярша можа сарвацца нават на крык, распальваецца больш за ўсё сам, пыхкае, як самавар, а калi выгаварыцца, як кажуць, выпусцiць пару, вось тады i пачнецца сур’ёзная гаворка. Так яно адбылося i на гэты раз. Не прайшло i хвiлiны, а Кучкун ужо гаварыў пра iншыя справы, якiх Смаляк нават i не расследаваў, крычаў, што яго ўвесь час наўмысна падстаўляюць, абы не даць дарабiць да пенсii. Але, калi размова пайшла пра рамонт будынка пракуратуры, пра камп’ютары, паперу, ручкi, ён раптам на паўслове змоўк, неяк вiнавата паглядзеў на Смаляка. У пакоi ўсталявалася цiшыня, i толькi стары вентылятар натужлiва i бесперапынна рабiў сваю справу. Кучкун падхапiў са стала сваю люльку, чыркануў запалкай i, прысмальваючы, хуценька запыхкаў.
Пасля iмпэтнага маналога пракурор колькi часу маўчаў, вiдавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце i не лiчыў патрэбным даказваць ужо даказанае. Першы парушыў маўчанне Кучкун:
– Гэтая скарга сама па сабе нiчога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы цікавіліся, як iдзе расследаванне.
Смаляк адарваўся ад папер i зацiкаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.
– I не толькi з гарадской пракуратуры, – стомлена зазначыў ён. – А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзiчы нябожчыка ўчапiлiся ў спадчыну i не могуць падзялiць. Магла б i мiлiцыя разабрацца… – пракурор цяжка ўздыхнуў i, унiкаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: – З табой згодзен, пастанова вынесена правiльна, але трэба дапрацаваць. Гэта загад.
Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховiка i, так, не сказаўшы нiводнага слова падчас размовы, пакiнуў кабiнет начальнiка.
2
Смаляк у дэталях памятаў першую сустрэчу з Вярбiцкай, якая пакiнула аб сабе прыемнае ўражанне. Цiхмяная, добра складзеная брунетка трыццацi пяцi гадоў, шчыра, iншы раз нават наiўна адказвала на пытаннi следчага, а калi прыгадвала Альховiка, прыкладвала насоўку да вiльготных вачэй i паспешлiва жагналася на пусты кут, жадаючы памерламу царства нябеснага. Жыла яна са старымi бацькамi i двума сынамi-пагодкамi, трынаццацi i дванаццацi гадоў, у невялiкай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна i зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены i ўхваляў нябожчыка Альховiка за тое, што змянiў завяшчанне на карысць Вярбiцкай i яе дзяцей.
А другой гадзiне Смаляк выйшаў з метро i няспешна падаўся па вулiцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам i жонкай на возера. Можна было праехаць некалькi прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было анiякага жадання, i ён пашыбаваў па шматлiкiх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвiлiн скiнуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснiчках, калiсьцi пафарбаваных у зялёны колер, i трапіў у панадворак. Адразу кiнулася ў вочы, што тут нiхто не жыве. Тры вакны сумна глядзелi на вулiцу зачыненымi аканіцамі, а чацвёртае, кутняе, ды невялiчкiя вакенцы на верандзе былi крыж-накрыж забiты негабляванымi дошкамi. Дзверы вартаваў вялiзны, руды ад iржы замок, а на ледзь прыкметнай сцяжынцы валялiся ссохлыя яловыя галiнкi, па ўсiм відаць, не прыбраныя з дня пахавання Альховiка. Смаляк зiрнуў на гадзiннiк, прыкiнуў, колькi часу ехаць назад, у пракуратуру, i пашкадаваў марна патрачаныя дзве гадзiны. Ён хацеў ужо вяртацца ў весніцы, але ў гэты момант за хатай, у глыбiнi гародчыка нешта зашамацела, пачулiся прыглушаныя галасы:
– Iдзi сюды, тут ажно абсыпана…
– I ў мяне поўна…
Смаляк зацiкавiўся i наўпрасткi па высокай, ледзь не да калена, траве пайшоў на галасы. Калi завярнуў за блiжэйшы вугал, пад нагамi зазвiнела бiтае шкло, i адразу галасы сцiхлi. З кустоў данеслася шамаценне, тупат ног: нехта задаваў лататы з абсыпанага спелымi буйнымi ягадамi малiннiку. Праз нейкi час у суседняй хаце не дужа моцна бразнулi дзверы. Смаляк усмiхнуўся, набраў жменю сакавiтых ягад i кiнуў у рот. Малiны, набрынялыя салодкiм пахучым сокам, прыемным халадком раставалі на языку, наталялі смагу. «Пiльныя суседзi не дадуць прапасцi ўраджаю», – падумаў следчы i абвёў позiркам агарод, на якiм, акрамя малiннiку, цягнулася да сонца толькi крапiва. Смаляк азiрнуўся, пашукаў вачыма блiжэйшы шлях да вулiцы, але гарэзлiвая думка падштурхнула да плота, за якiм знiклi ўцекачы.
Едучы сюды, следчы вырашыў спярша сустрэцца з Вярбiцкай, а ўжо потым апытваць астатнiх. Смаляк вагаўся, стоячы каля зламанага плота, да якога ў абодва бакi бегла добра-такi ўтаптаная сцяжынка, але цiкаўнасць узяла верх, i ён пераскочыў у суседнi гарод, зрабiў некалькi крокаў да будынiны, абмiнуў вялiзны куст парэчак i аслупянеў ад нечаканасцi: невядома адкуль перад iм узнiкла агромнiстая чорная аўчарка. У яе на хрыбецiне ўздыбiлася поўсць, агнiстыя вочы iскрылiся злосцю, вялiкiя белыя iклы блiшчэлi ў чорнай зяпе, пагражаючы ўчапiцца ў няпрошанага госця. Смаляк знерухомеў i з на-дзеяй паглядзеў на вокны, чакаючы паратунку ад гаспадароў, але нiкога за фiранкамi не ўбачыў. Ён пераступiў з нагi на нагу, i аўчарка iмгненна адрэагавала: злосна гыркнула, нацялася, бы струна, прысела на лапах-спружынах, вось-вось кiнецца.
– Ты добры вартаўнiк, маладзец! – зразумеўшы, што нiхто яму не дапаможа, а гэты звер не дасць i кроку зрабiць, загаварыў з сабакам Смаляк. – Ведаеш сваю справу, толькi я не злодзей…
Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фiранкi ў крайнiм вакне варухнулiся i следчы ўбачыў праз цюль сiлуэт жанчыны, якая, цiкуючы за iм, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апекi, але жанчына не спяшалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадынi рукой, – толькi варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы i ашчэрылася.
– Пальма, фу! – на сцяжынцы з’явiлася бялёсае, кiрпаносае дзяўчо гадоў дзесяцi ў лёгкай жаўтаватай сукенцы. – Пальма, марш на месца! – ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.
Аўчарка нехаця азiрнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгiм, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.
– Каму сказана, марш у будку! – пiсклява крыкнула дзяўчынка i падняла з зямлi таўставаты дубчык. Толькi цяпер, убачыўшы ў руках гаспадынi дубец, Пальма павярнулася i нехаця пасунулася прэч, зласлiва азiраючыся на Смаляка. Сiлуэт у вакне знiк, бразнулi дзверы, i з-за хаты шустра вынырнула невялiкага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, якi перазiмаваў на дрэве, старая. Яна прыдзiрлiва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвiлых вачах заiскрылiся хiтраватыя агеньчыкi, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.
– Ну што, алкаш, папаўся? Малiнай ласаваўся цi гуркi на закусь спёр? – прашамкала бяззубым ротам старая i, азiрнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: – Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзім злодзея ў мiлiцыю…
Толькi цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховiка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала i паводзiла сябе зусiм iнакш: на пытаннi адказвала блытана, неўпапад, была чымсьцi заклапочаная i штохвiлiнна скардзiлася на ламоты ў касцях, дрэнны слых i благую памяць. Цяпер перад iм стаяла шустрая i задзiрыстая жанчына, куды падзеўся радыкулiт, няма ў руках крывулiстай кавенькi, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногi.
– Калi я не памыляюся, Вы – Казiмiра Францаўна Шашок, – прыгадаў прозвiшча старой Смаляк i, выцягваючы з кiшэнi пасведчанне, прадставiўся: – А я, можа памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць i мiлiцыю турбаваць не будзем.
Гаспадыня нават не зiрнула на дакумент, а падалася ўперад i, уважлiва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкi з паперамi. У гэты момант твар яе прасвятлеў, i Смаляк зразумеў, што яго пазналi.
– От цяпер прыпамiнаю, – расцягваючы словы, замiтусiлася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкi, нешта прашаптала ёй на вуха i, ухапiўшы сабаку за ашыйнiк, павяла за хату. – Праходзьце, таварышок начальнiчак, госцем будзеце, – хiтравата пазiраючы на следчага, крыкнула гаспадыня i забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкi. – А мы з унучкай ягады збiралi, як чуем – Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе, – пяшчотна нахвальвала сабаку бабуля. —Памятаю, летась злодзеi ўлезлi ў сад, дык не брахала, пакуль яны вiшнi латашылi, а калi набралi паўнюткае вядзерца, яна тут як тут. I Вас не адпусцiла б… Калi да нас, дык заходзьце.
– Я да вашай суседкi Вярбiцкай, – паспяшаўся патлумачыць свой вiзiт Смаляк, – толькi ў хаце нiхто не жыве. Не зразумела. Мо Вы што ведаеце?
– Усё ясна, як божы дзень, – сядаючы на прытуленую да высакаватай слiвы лаву, чамусьцi зласлiва буркнула Казіміра Шашок. – Чула, судзiцца яна за хату з Альховiкавымi пляменнiкамi.
– А я Вас ледзь пазнаў, – сядаючы побач, дабрадушна прагаварыў Смаляк. – Памаладзелi гадоў на дзесяць…
– Дасць бог, пажыву, – унiкаючы глядзець на следчага, стрымана адказала тая i ўжо непрыязна дадала: – Вы задавайце вашыя пытаннi, бо мне ўнучку трэба кармiць.
Смаляк адразу адчуў гэтую змену настрою, калi размова зайшла пра Вярбiцкую. Нават знешне жанчына выглядала заклапочанай i напружанай, у вачах ужо не было ранейшай задзiрыстай смяшлiвасцi.
– Казiмiра Францаўна, – афiцыйна прагаварыў следчы, – вось Вы прыгадалi Шчэрбаў…
– А хто гэта? – запытальна ўскiнуліся на Смаляка хітраватыя вочы кабеты.
– Ну як жа, гэта ж пляменнiкi Вашага суседа-нябожчыка, – стрымана, прадчуваючы, што шчырай размовы не атрымаецца, зазначыў Смаляк.
– Вам лепей знаць, мне што за дзела? – насцярожана адказала Шашок i, крыху памаўчаўшы, працягвала: – Ужо пасля смерцi суседа ўвалiлiся ўтрох у хату, дык пузатых Альховiкавых пляменнiкаў пазнала, а вось трэцi напужаў. Вяртлявы, насаты, усё мiтусiўся, мянцiў языком, бы памялом, ды вочкамi так i шастаў, так i шастаў, грэшнай справай, падумала, цi не злодзей? Ажно адвакатам аказаўся.
Старая замаўчала, азiрнулася, некага шукаючы, i, убачыўшы ўнучку, якая стаяла зводдаль i ўважлiва прыслухоўвалася да iх размовы, гукнула:
– Кацярына, iдзi абяры парэчкавы куст, што ля агурэчнага парнiка.
– А якая патрэба прывяла iх да Вас? – паспешлiва пацiкавiўся Смаляк, шкадуючы, што гаспадыня перапынiла ўспамiн.
– Iх i Вярбiцкую турбавала адно – тастамент.
– А Вы не маглi б расказаць падрабязней? – настойлiва дапытваўся следчы, якому раптам здалося, што старая вагаецца, вырашае, расказваць усё, што ведае, цi, як падчас першай сустрэчы, прамаўчаць, спаслаўшыся на старасць i склероз. – Справа звычайная, жыццёвая, – падбухторваў ён, – не могуць людзi спадчыну падзялiць, вось i пiшуць, а мы разбiрайся, быццам iншых спраў няма. Зноў прыйдзецца Вас выклiкаць у пракуратуру.
– Я вось што скажу, – крыўдлiва загундосiла старая, – пiшыце цяперака, бо не пайду ў вашыя кабiнеты, хворая я, калi трэба, i доктар пацвердзiць.
– То ж i я пра гэта, – паспрабаваў усмiхнуцца Смаляк.
Жанчына вiдавочна захвалявалася, бялёсыя, крыху рудаватыя вейкi нервова задрыжалi, быццам яна збiралася заплакаць, на шыi праступiлi пунсовыя плямы, пальцы на руках штохвiлiнна ўздрыгвалi. Смаляк не мог зразумець гэтай раптоўнай перамены, узбуджанасць i хваляванне перадаліся яму.
– Казiмiра Францаўна, калi нешта не так, я прыйду другiм разам, – спачувальна прагаварыў ён.
– Што тут кожны дзень хадзiць? – запраўляючы сiвыя валасы пад выцвiлую, незразумелага колеру хусцiнку, хмыкнула старая i, цяжка ўздыхнуўшы, дадала: – Ад вас не адчэпiшся, праўду людзi кажуць, што лепш не звязвацца.
– Можа, яны Вам пагражалi?
– Каго мне цяперака баяцца? – больш спакойна зазначыла Казіміра Шашок i паглядзела Смаляку ў вочы. – Нiхто мне не пагражае, а цiкавiлiся яны Альховiкам, Вярбiцкай i жанчынай, што складала другi тастамент, не ведаю, як яе назваць па-вучонаму. Першы раз сусед адпiсаў маёмасць пляменнiкам, а за тыдзень да смерцi Вярбiцкая прывезла тую дзеўку з паперамi, паклiкала мяне за сведку i праз дваццаць хвiлiн – справа зроблена, усё стала ейнае. Якая лоўкая, шэльма! Тут усё жыццё гарбееш, укалваеш, а яна за дваццаць хвiлiн атрымала ўсё гатовае…
Смаляк толькi цяпер зразумеў сапраўдную прычыну змены настрою жанчыны, што яе так раптоўна выбiла з каляiны.
– Явiлася, не запылiлася, прынцэса! – распалялася старая. – Я пяць гадоў завiхалася вакол яго: «Фёдар Кузьмiч, грыбнога супчыку не жадаеце?.. Фёдар Кузьмiч, вось блiнчыкi са смятанкай…» Цьфу, стары дурань! Не спакусiўся б на ведзьму – жыў бы па сённяшнi дзень, – субяседніца раптам замаўчала, на вачах праступiлi слёзы. – Вы гэта не пiшыце, лiшняе кажу, – яна зноў замаўчала, усхлiпнула, капрызна шморгнуўшы носам, быццам дзiця, у якога адабралi любiмую цацку, i крыўдлiва працягвала: – А вяртлявы, што прыходзiў з пляменнiкамi, больш дапытваўся пра Альховiка: што гаварыў, сядзеў цi ляжаў, калi падпiсваў тастамент, цi трэслiся рукi, мо падчас гэтай працэдуры засынаў альбо не разумеў таго, што адбываецца. А потым i зусiм спытаў бязглуздзiцу: цi мог ён сам схадзiць у прыбіральню… Адзiн з пляменнiкаў пацiкавiўся, цi пры сваiм розуме быў дзядзька, калi падпiсваў паперы. Я акурат думаю, што страцiў Альховiк розум, калi падпусцiў да сябе Вярбiцкую, так i адказала, але нiчога не падпiсвала, няхай самi разбiраюцца.
– Казiмiра Францаўна, да нас зноў паступiла заява, у якой сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прычына якраз у завяшчаннi, што Вы пра гэта думаеце?
– Яна ў нечым прызналася? – паспешлiва, з лiслiвасцю ў голасе перапытала жанчына, i яе бляклыя, выцвiлыя вочкi ажывiлiся, запрамянiлiся радасцю, але толькi на iмгненне, бо ў наступны момант яна зноў стала сур’ёзна-заклапочанай i збянтэжана цi то спытала, цi то пацвердзiла: – Гэта пiшуць Альховiкавы пляменнiкi?!
Смаляк згодна кiўнуў, i старая адразу неяк сцiшылася, абмякла i, прыплюшчыўшы вочы, задумалася.
Пальма увесь час, выструнiўшыся, сядзела каля будкi i цiкавала за Смаляком. Нарэшце гэты занятак ёй надакучыў, яна пазяхнула, лянотна пацягнулася i, не выбiраючы месца, разляглася ў цяньку, заплюшчыла вочы, i толькi вострыя напружаныя вушы гаварылi пра тое, што яна добра памятае свой вартаўнiчы абавязак.
Смаляк разумеў, чаму Шчэрбы i iх адвакат задавалi Шашок такiя блытаныя i, на першы погляд, незразумелыя пытаннi. Каб давесцi справу да суда, абавязкова трэба даказаць, што Альховiк падчас змены завяшчання на карысць Вярбiцкай быў недзеяздольны. Калi ўлiчыць, што яны цяпер, не тоячыся, абвiнавачваюць Вярбiцкую ў смерцi дзядзькi, iм гэта ўдалося.
– Казiмiра Францаўна, – парушыў маўчанне Смаляк, – у чым канкрэтна Шчэрбы абвiнавачвалi Вярбiцкую?
Старая неяк машынальна страсянула галавой, быццам вызваляючыся ад нечага цяжкага, i задумлiвым, разгублена-неспакойным позiркам паглядзела на следчага.
– Яны толькi пагражалi вывесцi зладзейку на чыстую ваду…
Смаляк з палёгкай уздыхнуў. Нiякiх «нявысветленых абставiн па справе», на што спасылаўся пракурор, не ўзнiкла, вiдавочна толькi, што Шчэрбы i Вярбiцкая будуць праз суд дзялiць маёмасць нябожчыка. Заставалася iх дапытаць, i можна ставiць кропку. Але ў душы Смаляк быў незадаволены, не было ўпэўненасцi, што справу Альховiка зноў не выцягнуць на белы свет. Яму вельмi карцела ведаць яшчэ аднаго зацiкаўленага чалавека – таго «дабрадзея» з гарадской пракуратуры, якi дапамагае Шчэрбам i робiць уцiск на Кучкуна.
3
У панядзелак, па старой завядзёнцы, Смаляк прыйшоў на працу раней звычайнага. Выхадныя ён разам з жонкай i сынам правёў на прыродзе, ля возера, i цяпер, праглядаючы аператыўную зводку здарэнняў, не-не, ды i прыгадваў цёплую ласкавую ваду, з якой на сонцапёк не хацелася вылазiць, як падсек на вуду кiлаграмовага ляшча, як палiлi вогнiшча i варылi юшку. Нагадвалi пра адпачынак i чырвоныя свярбучыя пухiры, якiя пакiнулi на целе неадчэпныя прылiпалы-камары. Усе былi задаволеныя, асаблiва сын Дзiмка. Ён, атрымаўшы ў падарунак маску з трубкай для падводнага плавання i ласты, назбiраў з дна возера паўвядра ракаў.
Раздзел дарожна-транспартных здарэнняў Смаляк звычайна не чытаў, хапала i крымiнальных злачынстваў, але сёння, хутчэй па звычцы, перагарнуў некалькi старонак i ўжо хацеў адкласцi гэты занятак, як позiрк зачапiўся за знаёмае прозвiшча. Следчы засяродзiўся i прачытаў:
«У пятнiцу дваццаць першага лiпеня 1995 года а дзевятнаццатай гадзiне на вулiцы Талбухiна, супроць дома нумар чатырнаццаць, аўтамашына замежнай вытворчасцi AUDI-100, дзяржаўны нумар 21–44 МI, якой кiраваў грамадзянiн Цвiркун Анатоль Iванавiч, здзейснiла наезд на грамадзянку Шашок Казiмiру Францаўну. У вынiку здарэння пацярпелая Шашок К. Ф. атрымала цяжкiя цялесныя пашкоджаннi i шпiталiзавана».
Ад нечаканасцi ў Смаляка ажно перахапiла дыханне, непрыемны хваравiты халадок слiзгануў па нагах, спiне i сцiшыўся недзе ў патылiцы. Iнтуiцыя падказвала, што гэта не звычайнае дарожнае здарэнне, не выпадковае.
«Хто такi гэты Цвiркун? Што ён гаворыць? Чаму менавiта пасля размовы са мной Шашок апынулася за пяць кварталаў ад сваёй хаты? Яна ж, наколькi я памятаю, нiкуды не збiралася».
Смаляк, спадзеючыся пачуць адказы на свае пытаннi, рашуча набраў нумар тэлефона начальнiка дзяржаўтаiнспекцыi раёна i, моцна прыцiскаючы слухаўку, з хваляваннем чакаў. Трубку доўга не падымалi, i, калi нарэшце пачуўся прыемны барытон Шаўцова, следчы адрэкамендаваўся i, стрымлiваючы нецярпенне, папрасiў удакладнiць абставiны наезду на Шашок.
– Радавое здарэнне, – адразу ўпэўнена адказаў Шаўцоў i катэгарычна дадаў: – Жанчына сталага веку пераходзiла дарогу ў забароненым месцы i трапiла пад колы машыны. Мы правялi следчы эксперымент i вiны вадзiцеля не ўгледзелi, у такiх абставiнах пазбегнуць наезду было немагчыма.
– А што гаворыць сама Шашок?
Смаляк разумеў, што гэтае пытанне лiшняе, трэба самому ехаць у бальнiцу i там шукаць адказы.
– З жанчынай кепска, – з жалем у голасе адказаў Шаўцоў. – Яна з моманту аварыi знаходзiцца ў коме i нiякай надзеi на тое, што застанецца жыць.
– Я хачу прысутнiчаць на допыце Цвiркуна.
– Справу вядзе следчы Канаплянiк, ён вас папярэдзiць, – запэўнiў Шаўцоў.
Праз паўгадзiны Смаляк быў у бальнiцы i адразу падняўся на чацвёрты паверх у рэанiмацыйнае аддзяленне. Загадчык аддзялення Адам Пятровiч Зайцаў, трыццацiпяцiгадовы маладжавы мужчына, з якiм Смаляк быў даўно знаёмы, пачуўшы прозвiшча Шашок, толькi развёў рукамi.
– Надзеi анiякай, – i, каб пацвердзiць сказанае, паспешлiва загартаў паперы, што ладным стосам высiлiся на стале. – Ага, вось яе гiсторыя… Вы толькi паслухайце: разрыў печанi i селязёнкi, пералом чацвёртага i дзевятага пазванкоў, адкрыты пералом правай рукi, чэрапна-мазгавая траўма цяжкай ступенi.
– Цi можна яе ўбачыць? – не губляючы надзеi, спытаў Смаляк. Ён раптам зразумеў, што ехаў сюды з адным намерам – убачыць старую.
– Трэба, дык зойдзем, – хаваючы акуляры ў чорны футарал, спахмурнеў Зайцаў. – Недаверлiвыя вы, следчыя, да ўсяго хочаце сваiмi рукамi дакрануцца… Ну, але ж зразумела, справа крымiнальная!
– Чаму крымiнальная? – насцярожыўся Смаляк. – Звычайнае дарожнае здарэнне.
Доктар прыпынiўся на выхадзе з кабiнета i з засяроджана-разгубленым выглядам пачаў корпацца ў вялiзных, адтапыраных, здавалася, бяздонных кiшэнях халата, выцягваючы нейкiя вяроўкi, бруднаватыя анучы, мноства рознакаляровых таблетак, спiсаныя i чыстыя, але аднолькава пакамечаныя бланкi рэцэптаў i нават гiпсавы злепак зубоў. Вось белы свет пабачылi рыбацкiя прычындалы: чырвона-белыя паплаўкi, жылка, кручкi, i нарэшце з самага бяздоння Зайцаў дастаў аўтамабiльныя ключы на восем, дзесяць i дванаццаць.
«Засталося яшчэ выцягнуць дамкрат!» – падумаў Смаляк, але ўслых з нарастаючай злосцю прагаварыў:
– Адам Пятровiч, ключы ад кабiнета, мабыць, як заўсёды, у дыпламаце…
– Кажаце, звычайнае дарожнае здарэнне?! – не гледзячы на Смаляка, цi то пытаючыся, цi то сцвярджаючы, працягваў сваё доктар. Ён засунуў «кiшэннае багацце» на месца i хуценька крутнуўся да стала, каля якога стаяў таўставаты стары дыпламат. Шчоўкнулi замкi, i Зайцаў, падкiнуўшы на далонi звязку ключоў, радасна ўскрыкнуў: – Ваша праўда, Васiль Мiкалаевiч, – i, хiтравата прыжмурыўшыся, паглядзеў Смаляку ў вочы. – А вось сын пацярпелай Шашок чамусьцi ўпэўнены, што быў замах на жыццё мацi. Такi скандал тут закацiў, што прыйшлося супакаiцельны ўкольчык зрабiць. I яшчэ адно: з якiх гэта часоў пракуратура пачала цiкавiцца звычайнымi дарожнымi здарэннямi?..
Смаляк не адказаў. Ён выйшаў у ярка асветлены калiдор, сцены якога былi нядаўна пафарбаваныя. Чамусьцi пах свежай фарбы, пытаннi доктара, ягоныя бяздонныя кiшэнi раздражнялi, недзе ў глыбiнi душы варухнулася непрыязнасць, нават варожасць: «Што табе да маiх спраў? – стрымлiваючы сябе, каб не сказаць нешта абразлiвае, падумаў Смаляк. – Ты вунь у сваiх кiшэнях парадку не маеш, а мяне вучыш!» Ён да гэтай хвiлiны не хацеў прызнацца самому сабе, што не пошук iсцiны прывёў яго ў бальнiцу, а хутчэй закранутае самалюбства, як кажуць людзi, гонар мундзiра. Што, калi i сапраўды ў справе Альховiка яго хтосьцi водзiць за нос, абувае ў лапцi?
У гэты момант па калiдоры, прыцiскаючы да грудзей апарат для замеру крывянога цiску, на высокiх абцасах працокала чарнявая медычка ў караткаватым халацiку. Убачыўшы ў прачыненых дзвярах Зайцава, яна прыпынiлася.
– Адам Пятровiч, – пявуча загаварыла медычка, – гэты, так называемы хворы, П’яных ноччу зноў спрабаваў залезцi ў жаночую палату, на гэты раз праз балкон…
– Падрыхтуйце дакладную на iмя прафесара Баравога, – надаючы голасу як мага больш начальнiцкай цвёрдасцi, кiнуў Зайцаў i павярнуўся да Смаляка, паказваючы, што размова на гэтым скончана. – Я да вашых паслуг, Васiль Мiкалаевiч.
– Я ўжо рыхтавала некалькi дакладных, а мер нiхто не прымае, – роспачна перасмыкнуўшы плячыма, настойлiва даводзiла сваё медычка. – Вось пабачыце, – узвысiла яна голас, – згвалцiць гэты кабялiна каго, усiм не паздаровiцца…
– Ну добра, добра, – ужо паблажлiва загундосiў Зайцаў, – я сам давяду да прафесара, ён лечыць, яму i рашэнне прымаць.
Смаляка зацiкавiла размова доктара i медыцынскай сястры, але ён не лез з роспытамi, моўчкi iшоў побач з Зайцавым, думаючы пра сына пацярпелай Шашок. Доктар раз-другi зiрнуў з-пад iлба на следчага i, па-свойму расцанiўшы гэтае маўчанне, загаварыў:
– Хачу, каб вы зразумелi правiльна. Справа ў тым, што тыдзень таму згаданы П’яных паступiў на лячэнне, – Зайцаў нервова аблiзнуў сасмяглыя вусны: – Як бы гэта прасцей сказаць… Адным словам, даставiлi яго з эрагiраваным пенiсам, i мы пакуль што не можам прывесцi ягоны фiзiчны недахоп да нормы. Баравы асабiста займаецца, а хворы спярша перажываў, а потым уявiў сябе гэткiм «гiгантам» i ўвесь час спрабуе спакушаць жанчын. Убiў сабе ў галаву, што гэта i не хвароба зусiм, а «дар божы»…
– Ну i ну! – весела засмяяўся Смаляк.
Усё кепскае, што колькi хвiлiн таму бударажыла душу i думкi, раптам знiкла, адкацiлася, з’явiлася пачуццё няёмкасцi перад Зайцавым.
– Спярша i я пасмяяўся, – пакрыўджана зiрнуў на следчага доктар, – а П’яных небяспечны, бударажыць бальнiцу, хоць мiлiцыю выклiкай.
– Калi гэты чалавек патрэбен навуцы, то берагчы i сцерагчы яго трэба адпаведна, як навуковую каштоўнасць, – жартаўлiва, усё яшчэ смеючыся, адказаў Смаляк. – А калi сур’ёзна, раю на самай справе звярнуцца за дапамогай у мiлiцыю. Гарантую, што пасля размовы з участковым ваш навуковы экспанат умомант вылечыцца i прыйдзе, як вы кажаце, да нормы…
Доўгi калiдор скончыўся адразу, як толькi Смаляк i Зайцаў павярнулi направа. Вялiзныя, зробленыя з пластмасы дзверы з шыльдай «Рэанiмацыя» адчынiлiся не адразу, доктару давялося некалькi разоў нацiснуць на жоўтае вочка званка, i толькi пасля гэтага глуха шчоўкнуў аўтаматычны замок. Дзяжурная медыцынская сястра, апранутая ў цёмна-зялёную кашулю, гэткага ж колеру караткаватыя штаны, якiя выгадна падкрэслiвалi яе стройную фiгуру, стаяла каля невялiкага столiка, выструнена цягнулася да вiсячага на сцяне гаршчэчка з кветкамi i палiвала iх вадой. Яе галаву ўпрыгожваў какетлiва прышпiлены да каштанавых валасоў цылiндрычнай формы зялёны капялюшык. Убачыўшы Зайцава i Смаляка, яна шчыра, прыязна ўсмiхнулася, у крыху раскосых чорных вачах успыхнулi гарэзлiвыя агеньчыкi. Медычка паставiла графiн з вадой на столiк, звычным грацыёзным рухам паправiла валасы, iмгненна агледзела сябе ў люстэрка, што стаяла насупраць, каля шкляной шафы з медыкаментамi i пайшла, не, хутчэй, як здалося Смаляку, паплыла iм насустрач. Прыгожы твар, на якiм спакуслiвай чырванню палалi пульхныя вусны, iскрыўся непрыхаванай радасцю. У гэты момант Смаляк злавiў сябе на тым, што ягоны твар расплываецца ў блазённай усмешцы. Ён знiякавеў, хуценька адвёў позiрк ад прыгажунi медычкi i паглядзеў на Зайцава. Доктар выглядаў празмерна заклапочаным i строгiм. Ён толькi зiрнуў на медычку, адразу рэзка спынiўся i яшчэ больш насупiўся.
– Клаўдзiя Сямёнаўна, – ссунуўшы да пераносся бровы, пужлiва, амаль iстэрычна ўскрыкнуў Зайцаў, – са мной следчы з пракуратуры…
Медычка быццам i не чула, нават не прыпынiлася, не паглядзела на Смаляка, i следчы раптам зразумеў, што ў гэтай сiтуацыi ён лiшнi.
– Адам Пятровiч, а я таксама не адна, – зляцела з яе чырвоных вуснаў-бутонаў, – у другой палаце прафесар Баравы…
Пасля гэтых слоў медычка неўпрыкмет цмокнула, паслаўшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаў сумеўся, пачырванеў, незадаволена папераджальна кашлянуў у кулак, рэзка крутнуўся i прачынiў блiжэйшыя ад сябе дзверы.
– Праходзьце, Васiль Мiкалаевiч, ваша пацярпелая тут, – i, быццам вiнавацячыся, кiўнуў на медычку: – Гэта мая нявеста…
Не паспеў Смаляк зрабiць i крок, як дзверы за спiнай хуценька зачынiся i да слыху даляцеў прыглушаны шэпт:
– Клава, мы ж на рабоце!
– Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.
Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.
Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.
– Яна безнадзейная, – вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. – Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае…
– Я хачу паглядзець яе рэчы, – чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.
– А рэчы забраў сын, – услед прагаварыў доктар.
4
Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пер’е, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.
– Вам каго? – нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.
Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.
– Старшы следчы пракуратуры Смаляк, – афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. – А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.
Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:
– Вось мой дакумент.
– Ну, я – Станiслаў Мiкалаевiч, – нарэшце выдыхнуў гаспадар. – Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.
Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.
– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.
Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:
– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваўся.
Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.
На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.
– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.
«Што крыецца за Шашковым „хаця͗”? – iдучы следам, падумаў Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».
Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.
– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.
Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.
– Вось я i хачу пачуць, – спакойна працягваў Смаляк, – чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму…
Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.
– А што я мог падумаць?! – ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. – Гэта ж мацi!
Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.
– Па-чалавечы я Вас разумею, – цiха зазначыў Смаляк, – а як следчы, не зусiм.
Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.
– Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, – вынес ён свой прысуд.
У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.
– У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, – быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.
Следчы разумеў, да чаго вядзе гаворку субяседнiк, i адказваць не спяшаўся, быццам i не чуў. Ён паволi дастаў з кiшэнi пачак цыгарэт.
– Можна?
– Смалiце, – абыякава махнуў рукой Шашок i, выцягнуўшы з шуфляды стала попельнiцу, упершыню ўсмiхнуўся: – Сам не смалю, а для гасцей трымаю.
– Ведаеце, Станiслаў Мiкалаевiч, – афiцыйным тонам прагаварыў госць, – пасля таго як Казiмiра Францаўна трапiла ў аварыю, мяне не пакiдае пачуццё вiны.
– А Вы тут пры чым? – адразу насцярожыўся Шашок.
– У тым уся i закавыка, што быццам бы i ні пры чым, – разважаў Смаляк, – але ж у аварыю яна трапiла ў той жа дзень пасля размовы са мной.
– Ну ў Вас i работка! – з палёгкай выдыхнуў Шашок. – Так можна абвiнавацiць сябе ва ўсiх злачынствах, якiя здзейснiлi людзi, што да таго сустракалiся з вамi…
– У нечым Вы маеце рацыю, але ж у дадзеным выпадку Вы, паважаны Станiслаў Мiкалаевiч, прымусiлi мяне засумнявацца ў раней прынятых рашэннях.
– Я ж казаў, што ў бальнiцы на мяне найшло нейкае насланнё, не памятаў сябе, як казалi медыкi, стрэс… Разумееце? – амаль закрычаў Шашок.
– Вы супакойцеся, я не пра тое, – прыпальваючы цыгарку, вёў сваё Смаляк. – Проста мне прыйшлося на пэўныя сiтуацыi паглядзець пад iншым вуглом, напрыклад, пераасэнсаваць сам факт паступлення ў пракуратуру ананiмкi i заявы, у якiх сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю. А пляменнiкi нябожчыка б’юць у званы, ужо i вiнаватага знайшлi – Вярбiцкую.
– I што з таго? Мы тут нi пры чым.
– Я ў гэтым таксама ўпэўнены, але калi дапусцiць, што Казiмiра Францаўна нешта ведае? – Смаляк наўмысна зрабiў невялiкую паўзу: – Мог жа Альховiк перад смерцю ёй нешта даверыць?..
– Нiчога яна не ведае! – ускочыў на ногi Шашок. – Не ўблытвайце нас у гэтую справу! – кiнуў ён i, разважаючы аб нечым сваiм, мiтуслiва затупаў па верандзе. – Усё, што здарылася з мацi, – недарэчнасць, так склалiся абставiны. Следчы з мiлiцыi паказваў мне таго Цвiркуна, я яго бачыў: рукi трасуцца, тузаецца, бы ненармальны, балбоча чортведама што i ўвесь час плача. Хiба такi можа забiць? – ён плюхнуўся ў крэсла i ўпершыню без боязi паглядзеў Смаляку ў вочы. – Не, не здольны такi чалавек на забойства!
– А Вярбiцкая? – насцярожана спытаў Смаляк.
– Вярбiцкая? – недабразычлiва перапытаў Шашок.
– Так, Таццяна Фёдараўна.
Пасля гэтых слоў надоўга запанавала цiшыня. Смаляк не прыспешваў субяседнiка, цярплiва чакаў, што ён скажа, якую дасць характарыстыку. Нарэшце Шашок, быццам вiнавацячыся, паглядзеў на следчага, кашлянуў у кулак i шматзначна, па-блазенску усмiхнуўся:
– З выгляду яна, канешне, жанчына ладная, як кажуць, усё пры ёй… Толькi… – ён зноў замаўчаў, вiдавочна збiраючыся з думкамi i падбiраючы патрэбныя словы. – Толькi занадта крутая.
– Не разумею, – падаў голас Смаляк, – што гэта азначае?
– А азначае тое, што свайго Вярбiцкая не ўпусцiць, хоць бы ўзяць гэтага старога скнару Альховiка, акруцiла, як хлопчыка.
– Вы яе добра ведаеце? – губляючы цярпенне, незадаволена спытаў Смаляк.
– Зусiм не ведаю, толькi са слоў мацi, i бачыў разы два, не болей.
Смаляк зразумеў, што размовы не атрымаецца. Ён устаў, прайшоўся па верандзе, прыпынiўся ля дзвярэй i падставiў далонь пад струмень дажджавой вады, што сцякала з даху.
– Вось i пагаварылi, мне пара.
– Куды ў гэткi лiвень, перачакайце, – паспешлiва прагундосiў Шашок i, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Я тут прыгадаў, як Вярбiцкая на другi цi трэцi дзень пасля пахавання Альховiка вельмi крута, – ён з непрыхаванай злосцю вымавiў апошняе слова, – узялася гаспадарыць, узарвала ва ўсёй хаце падлогу, вырашыла пераслаць. Але не паспела, наляцелi пляменнiкi нябожчыка, прывезлi чалавека з суда i справу з рамонтам прыпынiлi. Я да таго, што не бабская гэта справа, старая падлога яшчэ б сто гадоў праслужыла. Я, праўда, хацеў перакупiць тыя дошкi, дык не прадала, сказала прадасць пасля таго, як стане законнай гаспадыняй, пасля суда, значыцца.
Раптам Шашок спынiўся на паўслове i гучна паклiкаў дачку. Дзверы з веранды ў хату адразу рэзка прачынiлiся, быццам дзяўчынка толькi i чакала, калi бацька яе паклiча, i на парозе з’явiлася Кацярына, адной рукой трымаючыся за дзвярную ручку, а другой адхiнуўшы жаўтаваты цюль. Яна моўчкi, панура i непрыязна з-пад iлба глядзела на бацьку.
– Мы нiкуды не едзем, – пiльна ўзiраючыся ў твар дачкi, глуха скамандаваў Шашок.
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але дзверы рыпнулi, i дзяўчынка гэтак жа хутка знiкла, не сказаўшы нiводнага слова. Шашок устрывожана паглядзеў на Смаляка i, убачыўшы здзiўленне следчага, пачаў паспешлiва i блытана апраўдвацца.
– Пасля няшчаснага выпадку з бабуляй Кацярына стала як не свая, ёй трэба змянiць абстаноўку. Сёння хацеў адвезцi на вёску да цешчы, але ж пасля такога дажджу дарогi, пэўна, развязло, не даеду.
– Пакiну Вам сваю вiзiтоўку, – згаджаючыся, кiўнуў галавой Смаляк, – магчыма, спатрэбiцца, – у гэты момант позiрк зачапiўся за бальнiчны клунак, i ён вярнуўся да стала. – Мне б яшчэ агледзець рэчы Казiмiры Францаўны.
Шашок адразу замiтусiўся, хутка развязаў клункі i пачаў выкладваць перапэцканае крывёй i пяском матчына адзенне. Смаляк расчынiў невялiкую чорную сумачку з адарваным рамянём i перакулiў. На стол вывалiлiся падрапаны карычневы кашалёк, насоўка, выкарыстаны квiток на праезд у гарадскiм транспарце i самапiска. На квiтку дрыготкай рукой зялёным колерам былi напiсаны лiчбы, па ўсiм бачна, тэлефонны нумар. Следчы склаў рэчы ў сумачку i яшчэ раз пашкадаваў марна патрачаны час.
Bepul matn qismi tugad.