Faqat Litresda o'qing

Kitobni fayl sifatida yuklab bo'lmaydi, lekin bizning ilovamizda yoki veb-saytda onlayn o'qilishi mumkin.

Kitobni o'qish: «Камедыя»

Shrift:

Каятан Марашэўскі
Камедыя

Асобы

Селянін

Жыд

Чорт

Хлапчукі

Тры браты

Пакутнік

Дзея адбываецца ў полі, непадалёк ад лесу.

Акт першы

Сцэна 1-я

Селянін. Ох, як нешчаслівае жыццё маё! Хаджу я, хаджу пераз цалюхенькі дзень, аж ногі анямелі, рук не чуваць ад працы і тапара, а горш яшчэ ад цапа. Малачу ад самых курэй, аж мала што не да паўдня, як бы сам адзін. Праўда, што і жонка памагала. Да што ж яе за работа? Ведама, жаноцкая справа. Цюкнець колька разы цапом, аж зараз яе ліха і берэць – то сядзець, то ляжэць, то колікі падапруць; толькі чорт лоньскі яе дусіць. А потым яшчэ з гоманам і кляцьбою пойдзець.

Папытаюся я тылькі яе: “Куды пойдзеш?” Аж зараз скажэць: “Дзяцей карміць, страву варыць”. А я як пачую – аж яна ўпіўшыся ў карчме, пад лаўкаю, як свіння, качаецца… А я сам адзін як цюк, так цюк; малачу аж да поту. А як свет, аж жонка і тут, ужо кажэць, што і дроў нада насеч. Хоть ты трэсні і прападзі з тапаром! Ад цэпа [рукі] яшчэ не адойдуць, аж тут ад тапара мала што не адсохнуць. Гэта жарт – нарубай у печ, у асець, у бровар. А ўсё як адзін, так адзін. Сына пералом удавіў – не расцець, а парабка не за што наняць. Вот і цяпер, у лес трэба ехаць, а не з кім. Гэта жарт – аднаму сасну спусціць, пашчапаць і на воз. Хоць ты трэсні, зваліць трэба, а прывёзшы дахаты, і парубаць. А ўсё як я, так я. Памагчы некаму. Прападзі яно нешчаслівае жыццё нашае, бо ўсё як гараваць, так гараваць мусім.

Э, э! (смакуе.) Каб то Адам, першы наш ацец, не саграшыў, так бы і мы гэтак не працавалі б. Ох! Дурак ты, дурак! Нашто табе было ірваць яблык з дзерава праклятага? Прападзі яно! Каб мне не велена было, то бы я ані парухаў бы, а што горшае, ані парухаў бы. А мы б у раю, як паны б на зямлі, жылі б, клопату жаднага не мелі б, аб сярмягу тагды бы не клапаціліся б і голыя б у раю перахадзілі б. А цяпер, як сярмяжка здзярэцца, хоць ты з галавы выйдзі, неадкуль узяць, а горш, што незашта купіць. А тут і зіма надходзіць, і ўстыдно. А я і шэлега пры душы не маю. Да душы ж, не маю! А пан, аднак, на тое не глядзіць, да ўсё крычыць: “Заплаці, з курвы сын! Заплаці, вужава кроў, мужык! Ага, ту! Ага, ту на цябе!”

Адам, Адам, як ты нас пагубіў! Ох, каб то я, я, я…

Сцэна 2-я

Жыд, Селянін

Жыд. Ню, на цябе цёрны год! Хадзіль я, хадзіль за табою, буль я двойцы ў тваёй хаце, аз ледво тут я цебе знасоў. Калі ты мне аддасі за гарэлку?

Селянін. Прападзі ты! Не маю гдзе ад цябе падзецца. Аддам, ліха не возьмець!

Жыд. Усё казэсь, сто ад’ям, ад’ям, а я даздацца не магу твайго “ад’ям”. Арэнду мне трэба цяпер плаціць. Коньцо, аддай!

Селянін (бярэ жыда за руку). Ну, пане арэндару, ужо я табе шчыра кажу, што аддам. Відзь жа ты ведаеш добра, што я ілгаць не ўмею.

Жыд (смяецца). Ню, і сто ты казэсь! І калі ты тагды аддаў, калі абяцаў? Аддай, канецна, цяпер. Узо табе болей верыць не буду.

Селянін. Прападзі ты з тваёю гарэлкаю! Не, не! Не буду ніколі на павер браць.

Жыд. Бяры, не бяры. І хто цябе просіць? Толькі маё мне ты цяпер аддай.

Селянін. Ідзі ты проч ад мяне! Вот мне дроў трэба рубаць, не з табою балакаць.

Жыд. Аддай ты маё мне, так я і пайду.

Селянін. Не лезь жа ты мне ў вочы, я табе кажу! Бо я табе тут як задам, то ты ані пантофляў, ані ярмулак сваіх не пазбіраеш!

Жыд. Ню, і сто ты, свіння, не аддаес таго, сто вінен? (Жыд тут цмокае, а потым кажа.) Ой, ой! Вэй мір гвалт! І есцо лаессе!

Селянін. Ідзі ж ты ад мяне! Ідзі хоць у хату маю, а я, дроў насекшы, прыіду.

Жыд. Ню, і гдзе я цябе буду сукаць? Узо я і так много за табою нахадзіўсе! Лепс ты мяне сукай. (Здзірае у селяніна шапку з галавы.)

Селянін. Ах ты, нехрэснік, паганьскі сыну! Што ты мяне, чы злодзея знайшоў? (І, схапіўшы жыда, тармосіць яго, адбірае сваю шапку, нават здзірае з жыда плашч.)

Жыд. Гвалту, гвалту! Ратуйце, ратуйце сінагогі, мае Соранькі, Ецкеле, Мацкеле!

Селянін. Крычы, каб табе ражон у горла ўлез! Каб табе скулка горла растачыла!

Жыд. Ню, і сто ты, разбойнік, цорны год на цябе, мяне кленес, і б’ессе, і сто вінен – не аддаес!? Аддай прынаймней хоць плашч!

Селянін. Аддам табе тагды плашч, калі ты мне прыабяцаеш той доўг дараваць, што я ў цябе напіў.

Жыд. Але, пане Дземідзе, па сумленню толька сам падумай, цы магу з я тое сказаць, сто ты мне не вінен, калі аб гэтым даўгу мае Соранькі, Ецкеле, Мацкеле даўно ўзо ведаюць? Я дарую, сто ўзо не пайду да пана на скаргу за тое, сто ты мяне акрававіў, забіў, абдзёр, як разбойнік у лесе. (Цмокае тут і кажа.) А за тое б усё ў с…у ўзяў бы!

Селянін. На табе апаньчу, прападзі ты ад мяне.

Жыд. Ці мне ў хату тваю ісці?

Селянін. А цябе чы чорт там пагоніць?

Жыд. Відзь жа ты казаў мне пераз, каб я ў хату тваю пасоў і цябе цакаў.

Селянін. Добра, добра. Круціся, хоць к чорту!

Жыд. Будзь здароў! Дзякую, сто з дусою мяне пусціў.

Сцэна 3-я

Селянін. Бедны я, бедны чалавек! Вот і жыда чорт на маю галаву нагадзіў. Усяму гэтаму бацька наш першы, Адам, вінават. Каб то ён не саграшыў, то бы жыд пракляты, смярдзюх астатні, мне ў вочы за гарэлку не лез бы. А я б у раю штодзень на паўтара б гарца з квартаю і палавінкаю выпіваў бы і ўсё б сабе спяваў: ай, ай, аю, гога, гога, годзгі, дзга! А цяпер больш клопату, ніж піцця. Ага, ту на цябе! Адам, Адам, на ліха табе было слухаць жэншчыны? Было б табе яе вяроўкаю, вяроўкаю! От так, як я сваю часта свянчу, каб да яе ліха не прыступіла. Так бы і яна б табе ў вочы б не лезла. (Тут селянін цмокае і кажа далей.) Эге! Каб то я быў табою, ужо б я і Еве задаў бы вяроўкаю. Ох, даў бы, даў бы! А сам у карчму, да й пагуляў бы. А цяпер хоць ты, пане, трэсні, гаруючы, працуючы. Ох, Адаме, Адаме!

Сцэна 4-я

Чорт, Селянін, Жыд

Чорт. За што ты так моцна наракаеш на Адама?

Селянін. Няўжо ж ты, пане, не ведаеш, што з яго ўсё на нас ліха ўзышло?

Чорт. Якое ліха?

Селянін. Вот і цяпер мазоліцца трэба, аддыхнуць некалі. Мала што кроўю не пацею, аж пакуль не пакуль хлеба кавалак зараблю. Зямля ўжо неўраджайная стала. Дужа многа наклапоцішся і нагаруешся, пакуль не ўродзіць. Усё нам напроціў ідзець. Усё на няшчасце. Не спадзявацца дабра. Нішто так не ўдаецца, як мы хочам. Чы пазнаў ты, вашэць, цяпер нашу бяду? А як жа нам на яго не наракаць і не плакаць? Хэ-хэ-хэ. (Плача.) Ох, Адам, Адам! Каб цябе ніколі больш не ўспамінаў!

Чорт. Але хіба ў тым Адам вінаваты, што ты яго так часта і з дакорам успамінаеш?

Селянін. Эге! Калі ты, вашэць, не ведаеш і не спытваў яшчэ таго прабаваць, так і не пытайся.

Чорт. Але, а, а, а…

Селянін. Ідзі проч, кажу! (Замахваецца.) Каб ты скрозь землі пайшоў!

Чорт. Але, а, а, а…

Селянін. Ага, ту на цябе! Усё толькі кажаш: а, а… А каб ты сам пайшоў да папрацаваў так, як мы, не бойся, і цябе б ліха ўзяло б.

Чорт. Але, пане Дзёмка, не будзь жа такім строгім.

Селянін. Адкуль ты, вашэць, ведаеш а маім іменю?

Чорт. Для мяне няма нічога тайнага, і таму я ведаю, што такое праца. Я толькі пытаюся, чаму ты на Адама наракаеш?

Селянін. Скажы ж ты, вашэць, мне, за што ты так чорны, як чорт?

Чорт. Я крыху, праўда, працаваў, але, аднак, аж счарнеў.

Селянін. Не пазнаў я, што ты казаў. Для чаго, для чаго?

Чорт. Таму, што не так рабіў, як мне належала.

Селянін. Да што да таго належыць? Я і часта так не раблю, як мне паны кажуць, аднак я не чорны.

Чорт. Ты часта быў чорным, толькі не бачыў сябе.

Селянін. Што ты кажаш, я сябе не відзеў? Ілжэш, ілжэш? Вот я табе кажу, што ты ілжэш.

Чорт. Ты і зараз чорны, паглядзіся. (Паказвае люстэрка.)

Селянін. Прападзі ты! На што мне гэтае зеркала? Я сягоння, ідучы касіць, у чыстым ручаю, калі піць захацелася, глядзеўся, аднак не чорны.

Чорт. Не так, як належыць, глядзеў на сябе.

Селянін. А як жа там у чорта?

Чорт. Вось так, вось так. (Скачучы каля яго, зноў паказвае яму люстэрка.)

Селянін. Не хачу, не хачу!

Чорт. Трэба ўсебакова сябе пазнаць.

Селянін. Як жа там належыць сябе пазнаць? Скажы ты мне.

Чорт. Недастаткова глядзець на сябе знешнім зрокам, трэба яшчэ і ўнутраным.

Селянін. Мой дабрадзею! Скажы ты, вашэць, мнё, чы душа маець вочы? Я ведаю, што маю душу і цела, і ў галаве ёсць дзве вочы; так у душы мусіць быць болей, бо мне казалі папы, што душа большая ёсць, як цела.

Чорт. Праўда, бо больш пазнаеш, чым бачыш. Бачыш толькі адну рэч, а з яе і дзесяць внёскуў зробіш.

Селянін. Ты, вашэць, мусіш быць дужа мудрым, бо калі што кажаш, так я і пазнаць не магу. Скажы ты, вашэць, мне, што гэта за падвёнскі? Ох не! – за звёнскі, за звёнскі?

Чорт. Я не кажу пра дзявочыя звёнскі, але пра тое, калі табе з адной пазнанай рэчы выплывае другая.

Селянін. Да душы ж, гэта праўда мусіць быць, бо мне часта кроў з носа плывець.

Чорт. Ох! Не пра гэта я табе кажу. Але калі ты бачыш, што жонка твая, разлажыўшы агонь для прыгатавання вячэры, ідзе на агарод, дык ты падумаеш сабе, што ёй якойсьці рэчы не хапае для прысмаку.

Селянін. Да душы ж, гэта заўсім шчырая праўда! Я ёй часта прыпамінаю, каб яна мне хрэну, часныку, рэдзькі, цыбулі, пастарнаку, пятрушкі ды агурцоў прынясла.

Чорт. Вось і ведай, што такое внёсэк.

Селянін. Знаю. Але ты, вашэць, мой дабрадзею, калі ты, вашэць, гэтак мудры, парадзь мне, якім спосабам я магу быць багатым; бо, здаецца, што я досьць дужа цяжка працую, аднакава як не маю нічога, так не маю. Ох, Адам, Адам! У якое ты нас гора ўвёў!?

Чорт. Чым жа вінен перад табою Адам? За што ты яго клянеш?

Селянін. А як жа не клясці, каб яго чорт узяў! (Б’е сябе па губах.) Адпусці, Божа, грэха! Відзь жа ты відзіш, як я працую. А гэта ўсё з яго ласкі.

Чорт. Цыц жа, цыц! Не ўскладай на яго віну. Ты сам часта больш вінаватым бываеш.

Селянін. Адкуль ты знайшоўся ў ліха гэтакі патрон? Ведама нет. Я знаю, што ён мяне ў гэтае ліха ўправіў і ўсіх нас мужычкоў паеў.

Чорт. Якім чынам?

Селянін. Ох, які ж ты вялікі дурак! (Смеючыся, кажа.) А звёнсках мне гаварыў, а гэтага не знаеш.

Чорт. Я ведаю ўсё. Аднак хачу ведаць, якім чынам цябе Адам згубіў?

Селянін. Вот як сарваў яблычак з дзерава праклятага, так і сам пракляты застаў, і нас праклятымі пачыніў. Ох, каб я тагды на яго мейсцы быў, так бы я ніколі таго не ўчыніў, прападзі яно!

Жыд (крычыць, выходзячы). Дзёмка! Дзёмка! Гдзе ты ў ліха згінуў? А я… (Хоча далей казаць, але, убачыўшы Чорта, просіць прабачэння.) Выбач, вашмосць пан, што я, не заўважыўшы васпана, крычаў Дзёмку, бо ён мне вінаваты.

Чорт (да Жыда). Ніякай крыўды гэтым ты мне не ўчыніў. (Жыд кланяецца, а Чорт, махаючы рукой, тым часам кажа селяніну.) Не ведаеш, што пляцеш. Вось ты меншай рэчы не ўберажэш!

Жыд. Дзёмка! Пытайся, якое.

Селянін. Смярдзюх, пайшоў ты вон! Я без цябе з гэтым панічком разгаваруся.

Жыд. Да ну ты, дурак! Пытайся, якое.

(Чорт прыглядваецца да іх.)

Селянін. Да ўжо ж папытаюся… Ох, ох, забыўся, прападзі ты! Эге, эге! Якое ты, панічок, казаў рэчы?

Чорт. Не вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і не піснуць.

Жыд. Гэта праўда, што васпан-дабрадзей мувіс.

Селянін. Ідзі проч, смярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду [не] дам. А што маўчаць, без цябе патрафлю.

Чорт. Не здолееш!

Селянін. Аб заклад хадзі са мною.

Чорт. Добра. Аб які заклад?

Жыд (кажа ўбок). Дай бог Дзёмку выграць: то бы мне зараз за гарэлку заплаціў!

Селянін. Ты, вашэць, мне дасі сто рублей, калі я дацярплю!

Чорт. Добра, добра! Дам і дзвесце, і трыста.

Жыд (зноў убок). Ох, ох! Які ён будзець вялікі пан, калі губу засыець!

Селянін. Пад сумленнем толькі кажы ж, вашэць, што аддасі.

Чорт. Так і ёсць. Але калі ты не вытрымаеш, што будзе?

Селянін. Тагды я тваім буду падданым.

Чорт. Добра, добра.

Жыд. Дзёмка, скарэй перабівайце рукі!

Селянін. Дай жа ты, вашэць, на тым мне руку, што калі я дацярплю, грошы мне аддасі.

Чорт. Памятай жа, што будзеш маім падданым. (Дае селяніну руку.)

Селянін. Пане арандару, перабій, вашэць, нам рукі.

Жыд. Дай бог Дзёмку выйграць! (Тут жа перабівае ім рукі.)

Чорт. А чы ведаеш, хто я такі?

Селянін. Не ведаю.

(Жыд прыглядаецца.)

Чорт. Я – д’ябал! (І скідае з сябе плашч.)

Жыд (уцякае і, лямантуючы, крычыць). Гвалту! Гвалту!

(Селянін хоча уцякаць. Чорт трымае яго за рукі. Селянін трасецца.)

Чорт. Калі не вытрымаеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым!

Селянін. Ах, ах! Да што тут мне рабіць? Да ўжо ж, пане д’ябле, датрымаю, датрымаю.

Чорт (адыходзячы, кажа). Глядзі ж!

Жыд (з парывам да Селяніна). Дзёмка! На табе іголку, засый губу сабе.

Сцэна 5-я

Селянін. Ну ж папаў жа я залажыцца!.. Ох, каб я ведаў, хто ён ёсць, не ашукаў бы тагды ён мяне! А цяпер і рады сабе даць не магу; што маю рабіць? Аднак заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю. Ашукаў жа ён мяне! Каб то можна было, адрокся б і закладу, ды ён не адступіць. Вот бяда. Не а цяжкую то, праўда, рэч тут ідзець. Маўчаць, здаецца, патрафлю. Гэта ж невялікая рэч – пераз гадзіну маўчаць. Я на пару пераз цалюхенькі дзень маўчу, калі ў полі раблю. Так мне няцяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублей, а можа, і болей, як ён сам казаў. Тады ж я сабе статку накупляю; пану, што вінен, аддам і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца, застанецца. Арандар тагды не скажэць, што не дам. Ох, каб ён тагды сказаў, што не дам, то я б яго ў морду, у морду. Або адною рукою за пэйсахі, а другою паказваў бы грошы. Тагды б ён быў для мяне лепшы! (Размаўляючы так, паказвае, як бы біў Жыда.) І суседзі тагды будуць мне кланяцца, калі абачуць, што я багаты. А Гарасім, хоць мой вялікі непрыяцель, аднак, спадзяюся, што будзець кланецца, каб я толькі яму на чынш грошы пазычыў. Ды нет! Не вырвець. З’есць чорта – не дам… Не дам, хоць бы і з’еў. Няхай розуму наўчыцца…

І д’ябла ўжо чорт нясець. Трэба губу затыкаць. Ужо мусіць быць тая гадзіна?

Сцэна 6-я

Чорт, Селянін

Чорт. Ужо набліжаецца час, калі ты павінен будзеш выконваць сваё абяцанне. Зараз праб’е гадзіна, і ты пачнеш маўчаць.

Селянін. А чы скора?

Чорт. Вось зараз. Памятай жа, каб добра трымаўся свайго абяцання! Я табе, без сумнення, аддам сто рублёў і больш. Звыш таго абяцаю яшчэ, што буду даваць іх табе кожны год, калі вытрымаеш.

Селянін. Дацярплю, бо губу пакулем, у дзёгаць памачыўшы, заткаю.

Чорт. Не трэба. Ты так вытрымай на працягу гадзіны ў маўчанні.

Селянін. Вытрымаю, да душы ж, вытрымаю. Што гэта?

Чорт. А калі не?

Селянін. Так душа твая будзець.

Чорт. Глядзі ж! Я цябе перасцерагаю, каб потым на мяне не наракаў; бо як не вытрымаеш закладу, я табе дараваць не думаю.

Селянін. Я табе кажу, што дацярплю! Дацярплю. Чаго ты хочаш ад мяне?

Чорт. Слухай жа! Як ударыць гадзіна, каб ты зараз жа замоўк.

Селянін. Без твае казкі я гэта ведаю. Ідзі сабе проч.

Чорт. Глядзі ж! (Адыходзіць.)

Селянін. Добра, добра!

Сцэна 7-я

Селянін. Вот цяпер абачым, хто каго пераможэць. Ён кажэць, што мяне возьме да пекла, калі маўчаць не буду. А я кажу, што ён і з родам сваім не дажджэць, бо я гатоў сабе губу на калодку замкнуць. Але, праўда, прыпамінаю сабе, нашто мне тыя калодкі, нашто тое пакулле з дзёгцем. Вот калі захочацца гаварыць, так я рукою губу заткаю. Вот гэтак. (Паказвае.) Абачым, што ён мне тагды зробіць! А коньчо – выйграю сто рублёў. Вот тагды мне будзець добра! (Садзіцца. Гадзіна б’е. Цыц, цыц,! Паказвае на мігах.)

Сцэна 8-я

Хлапчукі і Селянін

Першы хлапчук. Ужо кліча і нас Бог да сваёй славы, і будзем мы ўжо радавацца з ім вечна.

Другі. Але як жа мы падымемся, калі так высока?

Трэці. Бог прыдумае спосаб, каб мы падняліся.

Першы. Глядзіце, глядзіце! (Вымаўляе з вялікай радасцю, бачачы, як спускаецца лесвіца.) Вось спускаецца ўжо лесвіца!

Другі. Гэта, мусіцьбыць, дарога на неба. Але як па ёй ісці?

Трэці. Вось так. (Ставіць толькі ногі на перакладзіны, але не дакранаецца да іх рукамі.)

Першы (адпіхвае). Не так, а гэтак! (Павісае на руках без дапамогі ног.) (Селянін, бачачы ўсё гэта, калоціцца ад злосці. Другі хлапчук. пралазіць паміж перакладзінамі. Селянін злуецца, паказвае на мігах, як трэба лезці. Хлапчукі спрабуюць некалькі разоў, але ў іх нічога не выходзіць.)

Селянін (не вытрымаў, памкнуўся да лесвіцы і кажа ім). Вот гэтак трэба лезці. Вы не ўмееце. Абачыце, як я зараз узлезу да неба. (Як толькі Селянін узяўся за лесвіцу і паставіў на яе нагу, лесвіца пацягнулася ўгару. Селянін звальваецца, хлапчукі з жалем адыходзяць.)

Сцэна 9-я

Чорт і Селянін

Чорт (выскачыўшы, хапае Селяніна і цягне). А дзе ж прысяга? Ты ж заракаўся, што будзеш маўчаць! Пайшоў у заклад і вось не ўстрымаўся. Зараз я цябе павяду ў пекла. (Цягне. Селянін падымаецца.)

Селянін. Мой ты, наймілейшы дабрадзею! Прапрашаю! Выбачай мне, бо гэтыя блазны да астатняе злосці мяне ўвялі. Чы ім Бог розум адабраў, чы што ў чорта? Як ім не пазнаць таго, як лезці трэба па драбіне? (Сам трасецца і кланяецца.)

Чорт. А што табе да гэтага? Ты ж павінен быў маўчаць, бо такі наш заклад.

Селянін. Да як жа было сцярпець, калі аж у злосць уступіў. (Кланяецца.)

Чорт. Што мне да гэтага? Я маю права на цябе, ты мой.

Селянін (становіцца на калені і складвае рукі). А дабрадзею! Да даруй жа ты, вашэць, мне! Ужо папраўлюся.

Чорт. Нельга. Такая была наша ўмова.

Селянін. А панічэньку, а будзь жа ласкаў!

Чорт. Бачыш, як няслушна ты наракаў на Адама, калі ты сам вось яшчэ горш зрабіў.

Селянін. Да знаю тое, толькі пазволь яшчэ хоць трошачкі, а ўжо ж буду маўчаць.

Чорт. Прымаючьі пад увагу тваю нягегласць, дазваляю табе на час які фору. Але глядзі, каб ты зноў, як я загадаю табе маўчаць, маўчаў упарта, бо ў другі раз я ўжо табе не дарую. (Селянін кланяецца, Чорт адыходзіць.)

Сцэна 10-я

Селянін. Вот у якую я бяду ўлез! Хвароба тых блазнаў на маю галаву прынясла. Вох! Якія яны дуракі?! На драбіну хацелі ўлезці то аднымі нагамі, то аднымі рукамі, то вешаліся. Ліха ведаець, што яны рабілі. А я бачыў, што дужа прыгожа з гары нехта іх прасіў. Да як жа было маўчаць, хоць трэба было, бо я пайшоў у заклад. Але я тагды і забыўся, як мяне ў злосць увялі. Няхай жа – буду на другі раз астаражнейшым! З’ясі ты ліха, пане д’ябле, калі мяне болей ашукаеш! Каб ты цяпер і медзвядзёў на мяне спусціў, то ўжо буду маўчаць. Цяпер яшчэ схаджу дадому, пакуль тая пара не прыйдзець. Трэба абачыць, што там дзеецца: работку якую сабе загадаць, а ўзад потым сюды прыйсці. Гэтыя сто рублей мушуць такі мае быць, – коньчо. (Адыходзіць.)

Акт другі

Сцэна 1-я

Селянін. Што гэта ёсць такое? (Азіраецца.) Здаецца, што тое ж самае мейсца, а цяпер ужо адмянілася так борзда. Да чаго я дзіўлюся?! Шак гэтаму пану д’яблу нічога не трудна. Мусіў я трохі доўга забавіцца. Чы не быў ён ужо тут? Чы не біла ўжо гадзіна? Праўда, каб была ўжо пара, знайшоў бы ён мяне. Мусіцьбыць, што нет яшчэ тое пары. Пачакаю я тут троха, гдзе маю хадзіць; калі прыйдзець, так добра. Але ведаю, што прыйдзець, бо яму дужа душы мае хочэцца… Не, не! Хоць сабе і лбы, і галовы паўкручваюць, лезучы на драбіну, ужо я ім не пакажу, як лезці. Не! Другі раз мяне не ашукаюць. Я цяпер, як пара прыйдзець, вазьмуся за лупы, а дзяржаць моцна буду, хоць і хацець буду што гаварыць, то не буду магчы. Раз удалася штука, другі раз не – заўтра мяне падмануць. Дзяржыся, Дзямідзе… дзяржыся, нябожа! Ой, буду, буду. Не ўхопіць ужо цяпер. З’есць чорта! Ну што ж дзелаць? Ужо сталася. На другі раз буду астаражнейшым. Цяпер усе абачуць, як буду маўчаць. Вот гэтак, напрымер (бярэцца за губы і трымае іх). Хоць хацелася б што гаварыць, тагды б гэтак. (Зноў стрымлівае сябе.)

Сцэна 2-я

Жыд, Селянін

Жыд. Дзёмка! Сказы ты мне, як ты ад цорта адкаснуўсе?

Селянін. Ох, каб ты і з чортам разам прапаў, тагды б я смяяўся.

Жыд. Да ню, Дзёмка, сказы ты мне, чы выйграў ты?

Селянін. А табе што да таго, чы я выйграў, чы не?

Жыд. Я для таго пытаюся, калі ты выйграў, так ты мне за гарэлку заплаці.

Селянін. Не бойся. Чорт не возьмець – заплачу. Але абачым, чы возьмеш і чы захочаш мае заплаты.

Жыд. Чаму не! Аддай толькі.

Селянін. Чорт за мяне табе меў заплаціць.

Жыд. Я не хацу, каб мне цорт плаціў, ты сам мне заплаці.

Селянін. Да не будзь жа ты дураком! Ён зараз заплаціць.

Жыд. Не хацу я! Не хацу, каб ён плаціў, ты сам мне заплаці.

Селянін. Ужо я яго прасіў, і ён мне прыабяцаў табе заплаціць. А вот і ён з грошмі ідзець.

Жыд. Гдзе? Гдзе? (Трасецца.)

Селянін. Восе-ка, восе-ка. (Паказвае у той бок, адкуль выходзіць Чорт, і сам спалохаўся.)

Жыд (крычыць). Гвалту! Гвалту! (І ракам уцякае.)

Селянін. Арандар, арандар! Вазьмі грошы.

Сцэна 3-я

Чорт, Селянін

Чорт. Ужо набліжаецца ўмоўленая гадзіна, калі ты павінен маўчаць. Я табе раз дараваў, на другі раз не спадзявайся. Тваё тое нараканне на Адама не дазваляе мне, каб я табе дараваў другі раз. Ты ж ведаеш, што ён саграшыў толькі адзін раз, а пакутаваў усё сваё жыццё, а пасля яго – увесь род людскі. Твой лёс не іншы. А таму не наракай на Адама, а на сябе, бо ты горшы, чым ён. Ты для дасягнення свайго вечнага шчасця маеш напісаныя законы, але не прытрымліваешся іх. Ты не любіш Бога і бліжняга свайго, хоць гэта з’яўляецца першай і самай моцнай запаведдзю, на захаванні якой заснавана ўсё ваша шчасце і ад выканання якой залежыць увесь ваш лёс. Ты не захоўваеш яе, бурчыш супраць Бога, якога я, хоць і адрынуты, прызнаю за Бога, а ты не хочаш усхваляць яго ў часе, вызначаным табе для выслугі.

Селянін. Да я гэта, васпане, знаю, да калі ж чорт зводзіць.

Чорт. Як жа ты можаш гаварыць, што д’ябал зводзіць, калі я цябе ад гэтага адводжу?

Селянін. Можа, вашэць, адзін такі пачцівы, а іншыя не такія.

Чорт. Адкуль жа ты гэта ведаеш?

Селянін. З прыказкі.

Чорт. З якой прыказкі?

Селянін. Відзь, у нас кажуць, што д’яблы ёсць вялікае пужала.

Чорт. Праўда, бо мы тых палохаем і для тых з’яўляемся страшнымі, хто гэтага заслугоўвае.

Селянін. Кажуць яшчэ, што ўсе хітрыя, як сабакі.

Чорт. На хітрасць вашу мусім і мы быць хітрымі.

Селянін. Кажуць, што ўсіх нас хочуць мець у пекле на пячонку сабе.

Чорт. Адносна гэтага ты ўгадаў, бо падтрымка для бедных – мець спагаднага чалавека. Але тым часам ты слухай добра, бо зараз праб’е гадзіна. Глядзі ж, каб маўчаў! Другі раз ужо я табе не дарую.

Селянін. Ужо мяне цяпер хлопцы не ашукаюць.

Чорт. Я табе не пра хлопцаў гавару, а пра маўчанне.

Селянін. Так добра. Я ж кажу, што буду маўчаць.

Чорт. А калі ты не вытрымаеш, то ўжо пэўна не дарую.

Селянін. Дадзяржу, дадзяржу! Гэта ж не цяжкая рэч маўчаць.

Чорт. Глядзі ж, як гадзіна праб’е, каб маўчаў!

Селянін. Буду глядзець; добра, добра. (Кланяецца.)

Чорт. Памятай жа, што не з хлопцамі будзе табе справа.

Селянін. Няхай яны прахам пойдуць. Чорт іх знаў, чаго яны хацелі. Ды тыя ўжо блазны мяне болей не ашукаюць. Шчасце іх, што ім раз удалося.

Чорт. Глядзі ж, бо душа твая будзе ўжо мая!

Селянін. Каб ты не даждаў! (І плюе з пагардай.)

Чорт. Глядзі ж! Гэта я цябе ўжо другі раз папярэджваю, каб на мяне не наракаў.

Селянін. Не дачакаеш ты з родам тваім.

Чорт. Эй, не спадзявайся так моцна на самаго сябе.

Селянін. Не бойся. Не будзець так другі раз, як было. Буду я шупнейшы. Цяпер хоць бы і сотня блазнаў прыйшло, то не ашукаюць, бо і губы не раззяўлю. (Тым часам пазяхае.)

Чорт. Маўчы ж, бо зараз праб’е гадзіна.

Селянін. Не бойся. Вот і рызынаю зараз заткаю губу. (Затыкае.)

Чорт. Глядзі ж, бо будзеш нешчаслівы! (Адыходзіць.)

Селянін. Што, што ты кажэш, пане д’ябле? (Махае рукой.) Круціся, хоць к чорту.

Сцэна 4-я

Селянін. Вот другі раз без’языкім трэба зрабіцца для закладу… Ох, каб я яго ніколі не знаў! Вот саграшыў! Захацелася сто рублей мне. Здалося, што малая рэч – маўчаць. А цяпер, як я пазнаў, з кім я ў заклад пайшоў і ўсе яго фіглі, як ужо абачыў і пазнаў, чаго ён ад мяне хочэць, так і дужа душа мая трасецца маркотная, хоць я не баюся. Ведаю, што дацярплю маўчаць, хоць бы цяпер тыя блазны і голавы сабе паўкручвалі.

Сцэна 5-я

Жыд, Селянін

Жыд. Дзёмка, а Дзёмка! Я знаю, што ты дужа маркотны. Сказы ты мне, як ты ад д’ябла адкаснуўся?

Селянін. Не лезь жа ты мне ў вочы. Мне і так ужо на душы ўсяка.

Жыд. Да ню, Дзёмачка! Сказы, а сто табе?

Селянін. Да не сто! Адна, да ліхая. Вот і жывот баліць і ўсяму ледаяк, і гаварыць не хочацца. Ідзі ты сабе проч.

Жыд. Чы не нап’есся ты гарэлкі?

Селянін. А чы маеш жа ты тут?

Жыд. Я цяпер па сеўбаваным ездзу, есцо засталося тросацка. Вот тут і конь мой за ляском стаіць.

Селянін. Ах, змілуйся, пане арандару! Пакрапі ты мне.

Жыд. Заплаці ты за тую гарэлку, так я табе дам.

Селянін. Пане арандару! Павер жа мне ты, змілуйся. (Кланяецца.) Хоць гэтат разок! А я прысягаю, што за паўдня з гасцінчыкам табе аддам, толькі з д’яблам закончу.

Жыд. Дай жа руку на тым, што ты сам мне аддасі, а пана д’ябла не будзеш прасіць.

Селянін (падае руку і кажа). Верна і шчыра табе як казаў, так і кажу.

Жыд. Ці гнаўся тагды за мною д’ябел, як я уцякаў?

Селянін. Хацеў гнацца, да я не пусціў. Да дай жа мне гарэлкі! Дай.

Жыд. Ой! Як я напузаўся, і дусы ў мяне не было.

Селянін. Арандар! Да ідзі ж ты па гарэлку!

Жыд. Да сказы с ты мне, як ты яго ўздзерзаў?

Селянін. Не. Ужо досыць мне з табою балакаць. Не дасі ты мне гарэлкі?! Зараз свісну ж я на Чорта, а ён прыбяжыць зараз да дасць жа табе, дасць. (Хоча свіснуць.)

Жыд. Не заві, не заві! Я зараз прынясу. (Адыходзіць.)

Селянін. Не бойся ж! Ох! Як ён баіцца д’ябла. Зараз ён тут гарэлкі мне прынясець, ужо ж тагды, напіўшыся, ашукаю і чорта. Чы не казаў я, што ён будзець бавіцца. (Жыд нясе бутэльку.)

Жыд. На, на, на! Толькі цорта не заві.

Селянін. Не буду, не буду. (П’е.)

Жыд. Змілуйся, змілуйся.

Селянін. Чаго ты чорта баішся? Я табе кажу, што не бойся, а так у заклад з нім ідзі, як я.

Жыд. Не хацу, не хацу.

Селянін (п’е і аддае бутэльку). Дзякую.

Жыд. Хто гэта стукаець, ці не д’ябал ідзець?

Селянін. Можа, і ён.

Жыд (трасецца і азіраецца). Ой, ой, ой.

Селянін. Не трапячыся! (Бярэ жыда за плашч.)

Жыд. Пусці, пусці! Пайду, пайду!

Селянін. Пане д’ябле, да ідзі сюды. (За заслонаю стукаюць.)

Жыд (вырываецца і, уцякаючы, крычыць). Ой, ой, ой! Вэй мір, цорны год на табе!

Селянін (смяецца). Ох! Які жыд дурак. Чаму я д’ябла не баюся? А ён трасецца, мала што не ўробіцца. А вот і чорт ідзець.

Сцэна 6-я

Селянін, Чорт

Чорт. Цікуй, бо зараз праб’е гадзіна. А як толькі праб’е, дык зараз жа без ніякіх затрымак ты павінен брацца за выкананне абавязку, абумоўнага прысягай.

Селянін. Добра, добра. Але жыд цябе баіцца.

Чорт. Тут не пра жыда справа, але памятай, што я табе гаварыў. Адзін раз я табе дараваў, але будзь пэўны, што ў другі раз я не буду такім спагадным да цябе. Сцеражыся. я цябе папярэджваю. Не будзеш потым гаварыць, што цябе д’ябал спакусіў, бо я ж цябе ясна перасцярагаю. Глядзі ж, каб ты гэта памятаў! Больш перасцерагаць цябе я ўжо не буду. Памятай мае папярэджанні. (Адыходзіць.)

Сцэна 7-я

Селянін. Да душы ж, не ведаў я і не чуў аб тым, каб д’ябал быў так пачцівы. Вот ён сам мяне наўчаў, як трэба быць асцярожным. А! Да, цяпер ведаю я аб тым, што ён усіх нас хочэць мець у пекле. Вот цяпер згадаць няможна, што яму ў чорта сталася, што ён мяне так напамінаў, так напамінаў, што і папы лепш на споведзі не будуць напамінаць. Ага! Мусіцьбыць, і д’яблы дваякага роду: адныя, мусіцьбыць, добрага, а другія – лядашчага. Гэты, мусіцьбыць, з роду добрага. Ах! Я забалакаўся, а можа,ужо біла гадзіна? Да трэба было б чуць, каб біла. Не, не, – не спадзяваюся. (Падстаўляе вуха.) Да чорт усюды маець загаркі. Можа, ён у балоце гдзе і тут кінуў які, каб я ведаў і чуў, як першага разу? Толькі хвароба яго ведаець, гдзе яго кладзець. Я б зараз украў, да ён так мудра хаваець, як нашыя паны грошы хаваюць; ўкрасць нельга. Так ён свой загарак мусіў схаваць.

(Б’е гадзіна: цыт, цыт… )

Сцэна 8-я

Тры браты: Аляксандр, Клеафас і Зосімас

Аляксандр. Браты мае любыя, напаткала нас вялікае гора са смерцю нашага шаноўнага бацькі, які быў нам павадыром да ўсяго добрага.

Клеафас. Праўда, дарагі брацейка. Толькі, паміж намі кажучы, быў вельмі строгі.

Зосімас. Не вяла нас яго строгасць да кепскага, наадварот, яна адводзіла нас ад таго, што нам не трэба, і вяла да выканання таго, што мы павінны.

Клеафас. Толькі ж… праўда, што ўсё гэта было добра, але толькі крыху занадта.

Аляксандр. Можа, табе, братка, уяўлялася, што занадта, а нам было яно дарэчы.

Клеафас. Таму што вы вельмі падлізваліся да бацькі.

Аляксандр. Не маеш права так гаварыць, бо мы толькі выконвалі бацькаву волю.

Клеафас. Аднак і я не працівіўся, наадварот – заўсёды слухаўся.

Зосімас. Але ж ты слухаўся не так, як хацеў бацька. Ты заўсёды рабіў насуперак бацькавай волі. Бацька хацеў, каб ты маўчаў, а ты крычаў на ўвесь двор. Бацька хацеў, каб ты пакараўся яму, ты ж толькі пад прымусам станавіўся на калені і рабіў адзін выгляд пакоры. А ці добра гэта? Ці доказ сыноўскай павагі да бацькі? Я малодшы за васпана, але ведаю, што бацькоў трэба шанаваць і выконваць іх загады. А васпан старэйшы за мяне, а так нягодна паводзіш сябе, і магу сказаць, што бязбожна мяркуеш пра нашага бацьку нябожчыка.

Клеафас. Што паробіш? Усё гэта я ведаю, але ўсяму таму вінавата маладосць.

Зосімас. Я ж маладзейшы за васпана, а чаму ж я трымаюся супрацьлеглага васпану погляду.

Клеафас. Бо васпан ідзе па бацькоўскіх слядах.

Зосімас. Я задаволены тым, што магу назваць сябе сынам, а не вырадкам майго бацькі.

Клеафас. А я што – вырадак?

Зосімас. Калі ты так хутка пасля смерці ўжо бацьку і ведаць не хочаш, дык пэўна што вырадак.

Клеафас. Адкуль ты гэта ўзяў? Малады яшчэ, каб павучаць старэйшага брата.

Зосімас. Я не павучаю, а толькі праўду гавару.

Клеафас. Адкуль яна ў цябе?

Аляксандр. Ціха, Клеафасе! Ты павінен слухаць мяне, як старэйшага брата, замест бацькі. Крыўдзішся, што табе малодшы брат праўду кажа. А ці ж можа так паводзіць сябе кемлівы сын, які любіць бацькоў сваіх?

Клеафас. А што я кепскага сказаў?

Аляксандр. А што ж і добрага? Ці няпраўду казаў наш малодшы брат Зосімас?

Клеафас. І што з таго?

Аляксандр. Каб вось лепей скарыўся і прызнаўся, што ты не адзін раз быў прычынаю бацькавага хвалявання і жалю.

Клеафас. Ну што ж, звычайная рэч – я малады і вясёлы.

Аляксандр. Але твая весялосць адымала ў бацькі здароўе.

Клеафас. Што за прычына, якім чынам?

Аляксандр. А вось гэтак. Бачачы цябе неслухмяным, бачачы, што ты не звяртаеш увагі на яго волю, ён баяўся, што ты, не ўтаймаваўшы свае страсці, калі падрасцеш, дык можаш пайсці на любое зло і станеш ганьбаю нашай сям’і. Гэта і ёсць прычына смерці нашага нябожчыка бацькі.

Клеафас. Гэта ўжо адбылося і вярнуцца не можа. Нават каб ты, брацейка, і тысячу цяпер перасцярог і разваг даваў, імі ўжо бацьку не вернеш да жыцця. Дарэмна, з магілы ўжо не ўстане. А таму не будзем губляць часу і пойдзем у скарбніцу, каб падзяліцца. Але, што гэта за чалавек сядзіць і чаго ён хоча?

Сцэна 9-я

Тыя самыя і Селянін

Клеафас. Хто ты такі, мой чалавеча?

(Селянін вітаецца, нічога не гаворачы.)

Клеафас. Ну скажы ж ты мне, хто ты такі? Чый ты падданы?

Аляксандр. А можа, і вольны.

Клеафас. Што з таго? Я толькі хачу ведаць, хто ён. Хто ж ты? (Селянін кланяецца.) Ну гавары ж?

Зосімас. Можа, ён нямы, чаго ты да яго чапляешся?

Клеафас. Скажы нам, чаго ты сюды прыйшоў?

(Селянін паказвае на мігах, што не можа размаўляць.)

Аляксандр. Так яно і ёсць, ён нямы. Аднак вазьмемся за сваю работу, пабачым, ці багата там знойдзем скарбу.

Клеафас. Багата… Багата… ужо больш не знойдзем, як ёсць.

Зосімас. Але ж толькі не будзем дарэмна губляць часу.

Клеафас. Калі ты так шкадуеш часу, дык ідзі ад нас прэч.

Аляксандр. Табе хочацца ўсё цвяліцца. А ведаеш, што гэтыя справы трэба закончыць хутчэй, чым сюды папрыходзяць бацькавы крэдыторы.

Клеафас. А што маюць да нас бацькавы крэдыторы?

Аляксандр. Праўда, не да нас, але да бацькавых рэчаў.

Зосімас. Як гэта да рэчаў? Усе ж яны належаць нам, як сынам.

Аляксандр. Праўда, і я хацеў бы, каб і ўсе так думалі, як і мы. Але калі скажуць – рэчы нябожчыка належаць вам, дык, значыць, і даўгі таксама, а іх трэба аплаціць.

Клеафас. Гэта зноў была б недалікатная цырымонія.

Аляксандр. І я пра тое ж самае кажу.

Зосімас. Не мае значэння. А вось гэта праўда, што кажа пан Аляксандр. Ведаем мы пра даўгі, павінны ведаць таксама і пра выплату іх.

Клеафас. Гэта праўда. Але чаго сядзіць тут гэты чалавек?

Аляксандр. А што табе да гэтага чалавека? Пойдзем, вазьмемся за справу.

Клеафас. А калі так, дык пойдзем ужо.

Зосімас. Хто з вас першы ўвойдзе?

Клеафас. Натуральна, што пан Аляксандр, як старэйшы.

Аляксандр (хоча увайсці, але не можа). Але як жа тут увайсці, калі нельга?

Клеафас. Калі не ведаеш, дык і не парывайся… сапраўды, нельга.

Зосімас. Паспрабую я, можа, вы вельмі аб’еліся, а таму і патаўсцелі. Я ж сёння мала што еў… праўда, нельга. Як жа гэта наш бацька тут скарбы клаў?

Клеафас. Мабыць, ён меў вучонага пацука, які яму ўсё гэта пераносіў.

Аляксандр. Нічога гэта баламуцтва не значыць. Мушу я абавязкова ўлезці.

(Селянін увесь час непакоіцца.)

Клеафас. Не, дарэмна. Не ўвойдзем. Трэба праламаць сцяну.

(Селянін і смяецца, і злуе на іх.)

Зосімас. Дык я пайду па чалавека, які здолее выламаць. (Селянін у спакусе паказвае на мігах, што не трэба чалавек, бо можна і так увайсці.)

Аляксандр. Дык ты доўга не баўся. Ведай, што з гэтым нельга марудзіць.

Зосімас. А што ж там у д’ябла рабіць?

Клеафас. Можа, і так увойдзем.

Аляксандр (спрабуе ужо інакш улезці). Праўда, немагчыма. Што ж тут рабіць?

Клеафас. Можа, я ракам улезу? (Спрабуе.) Нельга.

(Селянін як не лопаецца са смеху і злосці.)

Зосімас. А можа, я так праціснуся? (Кладзецца і пасоўваецца.)

Аляксандр. І так нельга.

Сцэна 10-я

Селянін і тыя самыя

Селянін. Мне здавалася, што вы мудрыя людзі, а гэтае фрашкі не знаеце. Як жа вам таго не пазнаць, што пераз вузкія дзверы грубым пералезці няможна. Праўда, што вы не дужа грубыя, ды ваша плацце панскае вам пераз гэтыя дзверы ўлезці не дазваляець. Вот я ў сярмяжачцы сваёй зараз улезу. (Праціскаецца, але не ўлазіць.) А да душы ж, няможна. Ага, ага! Вот цяпер даразумеўся. А глядзіце толькі, як лезці патрэба. (Уваходзіць бокам.) Вот відзіце, якія вы дуракі, хоць паны! Нічога б вы не даказалі б, каб не я. (Выходзіць і кажа.) Ідзіце ж вы цяпер! (Азіраецца.) Скарбы скарэй бярыце ды ўцякайце, бо зараз хто-кольвек прыкруціцца… Скарэй… Скарэй! Дзвярэй не замыкайце. Няхай як былі адчыненыя, так і будуць.

Браты (усе разам). Дзякуем за параду. Будзь здароў!

Селянін. Будзьце на другі раз разумнейшымі і астаражнейшымі… Вох, вох! Можа, зараз д’ябла чорт прыкруціць. Пайду я толькі на сваё мейсца сяду, так ён не пазнаець. што я гаварыў, чы чорт яму скажэць. (Садзіцца і насоўвае шапку.)

Сцэна 11-я

Чорт, Селянін

Чорт. Я ўжо раз табе дараваў у надзеі на тваё выпраўленне, а ты стаў яшчэ горшым. Першы раз ты апраўдваўся недасведчанасцю, а зараз я табе ўжо не дарую, бо я цябе перасцерагаў. Ды нават калі б і не перасцерагаў, ты павінен быў трымацца ўмовы. А зараз пасля столькіх перасцярог, пасля столькіх табе настаўленняў, ужо дапоўненых пасля таго ж учынку, ты зноў у тым жа правініўся. Не наракай жа больш на Адама. Цяпер вечна будзеш наракаць на самога сябе. Ідзі за мною, ты ўжо мой.

(Селянін паказвае на мігах, што яшчэ не павінен размаўляць.)

Чорт. Што ты выдаеш сябе за нямога, раней жа, калі мяне не было, добра гаварыў.

(Селянін усё яшчэ паказвае на мігах, што яму нельга размаўляць.)

Чорт. Гавары ж, кажу я табе! Чаму ты не захаваў маўчання?

(Селянін кланяецца і вырабляе на мігах, як толькі можа.)

Чорт. Я ж ведаю, што ты паказаў тым панам, як улезці ў гэтую скарбніцу і што ты размаўляў з імі. (Здымае з Селяніна шапку і з усяе моцы нібы са злосці кажа яму.) Гавары ж ты мне, бо я табе ўраз галаву адарву! (Селянін паказвае на мігах, што не павінен яшчэ размаўляць, бо захоўвае прысягу.)

Чорт. Што ты мне блюзніш? Ведай: ты мяне не ашукаеш. Ты, праўда, мог ашукаць Жыда, але мяне ашукаць табе не ўдасца. Гавары, кажу табе! (Селянін паказвае Чорту, што той не мае права яму загадваць, і адштурхоўвае яго. Чорт, крыху адскочыўшы, з парывам зноў падбягае да яго.) Досыць мне быць добрым, хопіць табе ўжо злоўжываць маёю цярплівасцю. (Цягне Селяніна.)

Сцэна 12-я

Селянін, Чорт

Селянін. А дабрадзею, а панічэньку, хіба ж за пазваленнем вашэціным буду гаварыць!

Чорт (адпускае яго). Гавары ж, што хочаш казаць.

Селянін. Я тое самае кажу, што і паказваў перш на мігах, што з нікім не гаварыў і нікога не відзеў.

Чорт. Ты хочаш махлярствам ашукаць таго, хто з’яўляецца яго вынаходнікам?

Селянін. Не, пане д’ябле, я праўду кажу, што нікагухна не відзеў і ні з кім не гаварыў пераз цалюхенькую гадзіну. Каб ты цяпер не прыйшоў, так бы я, як зямля, маўчаў бы.

Чорт. Як жа ты гэта можаш гаварыць, што нікога не бачыў, калі я табе пэўна заяўляю, што ты паказаў тром братам, як улезці ў скарбніцу і размаўляў з імі.

Селянін. Добра ты казаў перш, што ты першы махляр і лгар. Ты для таго ілжэш, каб мне грошы скруціў тыя, каторыя я выйграў.

Чорт. О, які ты неразумны чалавек! Хіба ж ты не ведаеш, што я магу бачыць усё тое, што дзеецца ва ўсім свеце?

Селянін. Недажданне тваё, каб ты ведаў. Вот і цяпер не ведаеш нічога, толькі напастуеш на мяне. А я ані паўчалавечка не бачыў і паўслоўка не казаў.

Чорт. А калі я табе дакажу?

Селянін. Не дакажаш. (Гаворыць з пагардай.)

Чорт. Зараз я пастаўлю табе тых трох братоў, з якімі ты размаўляў.

Селянін. Пастаў, калі яны прысведчуць, так добра, твая будзець праўда.

Чорт. Чакай жа тут, зараз яны сюды прыйдуць. (Адыходзіць.)

Селянін. Добра, добра.

Сцэна 13-я

Селянін. Да! Гэта не жарты, калі ён іх вока на вока паставіць. Не ведаю, як я выкручуся. Да, можа, яны з чортам не будуць гаварыць. Я ж ім добра зрабіў, бо яны хоць пукнулі б, так бы ў гэтыя дзверы не ўлезлі б. Яны яму не скажуць, спадзяваюся, што я з німі гаварыў. Толькі трэба будзець, як толькі яны прыйдуць, на іх кіўнуць, каб не сведчылі. А вот ліха ўжо іх нясець. Да, дай Бог, каб яны не выказаліся.

Сцэна 14-я

Чорт, Селянін і тры браты

Чорт (у плашчы). Шаноўныя рыцары! Я вас прывёў сюды толькі для таго, каб вы, памятаючы пра свой стан, праўдзіва засведчылі нам тое, аб чым вас спытаюць.

(Селянін моргае, кланяецца і непрыкметна. просіць, каб не сведчылі.)

Аляксандр. Заяўляю і ад сябе, і ад братоў маіх, што мы не прывыклі махляваць.

Клеафас. Бо махлярства прыніжае кожнага прыстойнага чалавека.

Зосімас. І бацька наш, паміраючы, пакінуў нам перасцярогу. Ён казаў, калі вы хочаце жыць у павазе і карыстацца пашанай у людзей, дык ніколі не займайцеся махлярствам.

(Селянін тут кланяецца яшчэ ніжэй.)

Аляксандр. Гавары, што маеш сказаць, а мы табе шчыра пацвердзім, калі толькі будзем ведаць.

Чорт. Пайшоў я з гэтым вось чалавекам, якога вы тут бачыце, у заклад. А ён мала таго, што парушыў прысягу, захацеў яшчэ сваё злачынства прыкрыць махлярствам. А таму будзьце ласкавы паведаміць мне, ці прыходзілі вы сюды да гэтай вашай скарбніцы?

Клеафас. А табе што да таго, прыходзілі мы ці не? Калі і прыходзілі, дык да ўласнай нашай.

Чорт. Але, панове мае, я не таму пытаюся, што сумняваюся, быццам гэтая скарбніца вам належыць, а таму, каб вы відавочна паказалі гэтаму чалавеку яго махлярства, паколькі ён аспрэчвае мяне і сцвярджае, што і нагі вашай тут не было.

Аляксандр. Гэта ўжо першая яго хлусня, бо мы тут былі.

Клеафас і Зосімас. Так і ёсць, а не інакш.

Селянін (убок). Ох, каб вам скулле горла растачылі!

Чорт. Вось і маеш доказ. Такім чынам, ты ўжо мой.

Селянін. За што? Яны ж толькі кажуць, што былі, а больш нічога.

Чорт. Панове мае! Вечна буду вам удзячным за ваша праўдзівае сведчанне, толькі будзьце ласкавы паведаміць яшчэ мне, ці казаў вам, вяльможным панам, што-небудзь гэты чалавек?

Клеафас. Спачатку быў нямым…

Зосімас. Вельмі мы ўжо налягалі на яго… але…

Селянін. Дай божа вам здароўе за вашае свядэцтва. (Кланяецца.)

Чорт. А ці не казаў ён вам што і ці не паказаў спосабу, як увайсці ў гэтую скарбніцу?

Клеафас. Дык у гэтым жа няма нічога благога, што ён нам паказаў.

Чорт. А ці не размаўляў ён у той час з вамі?

Аляксандр. Мала што гаварыў, ён толькі засцерагаў нас, павучаў і паказаў нам спосаб, але з намі мала гаварыў.

Клеафас і Зосімас. Гэта праўда, што кажа наш брат, і ён сам не можа адступіцца ад гэтага.

Селянін. Каб вас усіх д’яблы пабралі за такое свядэцтва.

Чорт. Вялікае дзякуй вашмосцям панам, даруйце мне, што патурбаваў.

Тры браты (адыходзячы, кажуць). Кланяемся. А ты, небарака, больш не хлусі.

Сцэна 15-я

Селянін, Чорт

Селянін. А панічэньку дабрадзею, ужо ж цяпер не буду болей таго чыніць.

Чорт. Ты і першы раз тое самае гаварыў, аднак не вытрымаў.

Селянін. Цяпер, мой дабрадзею, датрымаю.

Чорт. Але як табе верыць, калі ты ўжо раз схлусіў і яшчэ ашукаць мяне хацеў.

Селянін. Ох! Я сам не ведаю, хто гэта мяне спакусіў.

Чорт. Ты сам сябе. Табе ж сам бог прыдаў інстынкты, а ты іх не паважаеш. Я нават сам перасцерагаў цябе, але ты не слухаў мяне. Цяпер табе ўжо не дарую. Ідзі за мной! (Бярэ Селяніна, а ён пачынае крычаць.)

Селянін. Ах, дабрадзею! Змілуйся! Даруй!

Чорт. Не дарую. Ужо гэта другі раз.

Селянін. Да галубенька ты мой! Да кукулачка ты мой! Зязюлечка ненаглядная! Да ты ж маё ні сёе ні тое! Да даруй жа гэтат разочак! (Становіцца на калені.) Даруй!

Чорт. Зноў, зважаючы на тваю нягегласць, дарую табе і другі раз. Але разам з тым і папярэджваю цябе, калі ты не вытрымаеш ужо ў трэці і апошні раз свайго маўчання, каб ты мяне не вінаваціў, бо кожны ведае, што ты сам вінаваты. Да таго ж, я цябе сам адводжу ад гэтага сваімі перасцярогамі і настаўленнямі, якія калі б бог дазволіў скіраваць на маё збаўленне і калі б я сам тады прыняў гэтыя настаўленні да сэрца, напэўна, не быў бы самай шчаслівай істотай.

Селянін. Добра, мой дабрадзею, добра.

Чорт. Адумайся зараз і глядзі, каб вытрымаў свой заклад. Я цябе папярэджваю, што ўжо ў трэці раз табе не дарую. Будзь уважлівым. Як толькі пачне біць гадзіна, каб ты зараз жа змоўк і на працягу ўсёй гадзіны моцна трымаўся, каб ані піснуў, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую. Тут будзе табе і канец. Адумайся! (Сам адыходзіць.)

Сцэна 16-я

Селянін. Ах, як я нешчаслівы! Ублутаўся ў заклад, чы яго ліха на мяне нагадзіла! То хлопцы звялі, а цяпер панічы, а Чорт сам хіба ведаець, што гэтай гадзіны будзець. І сапраўды не ведаю, што я цяпер рабіць буду. Закладу адрачыся няможна, прасіць яго больш не патраплю. Вот як худа, так худа. Бяда, мая бяда! Чы мяне чорт у гэта ўплутаў? Ах, праўда, што чорт. Да я яго не знаў і нядужа тагды чорным быў. Хоць кажуць людзі, што чорт чорны, а вот ён не чорны быў. Чорт яго дзяры? Пайду толькі я ў хату, пакуль тая гадзіна ўдарыць. Нядужа мне там доўга можна бавіцца, аднак пайду, хоць кароценькі час. Ведаю, што незадоўга тая гадзіна ўдарыць, аднак хоць трошэчку з жонкай пацешуся, гаворачы.

Акт трэці

Сцэна 1-я

Селянін. Аж змарыўся, бегучы. Аддыхацца яшчэ не магу. А ліха знаець, можа, ужо і запазніўся… Сапраўды, здаецца, што ўжо спазніўся. Чы не быў ужо тут д’ябал? Да яшчэ, здаецца, што яшчэ рана. Не мусіў яшчэ ён прыходзіць, бо мне здаецца, што ён аба мне лепей мусіць помніць цяпер, бо і яму а рэч ідзець. А толька кажуць людзі, калі ўдаецца раз і другі, так трэцяга ўжо не спадзявацца. І ён казаў, трэці і астатні раз пазволіў мне маўчаць. Вот тут мне альбо прайграць прыйдзецца. Аднак прайграць не спадзяваюся, бо як два разы я прайграў, так і ўму набраўся. Не, не! Не выйграеш – трэці раз за мной, пане д’ябле! Ужо цяпер ані на хлопцаў, ані на панічоў уважаць не буду. Няхай яны сабе што хочуць, так робюць. Хоць бы сабе і на галаве хадзілі б, то я ані паўслоўца не скажу. А яны сабе хоць голавы няхай круцяць, я маўчаць буду, а ў духу смяяцца: ха-ха-ха… калі што смешнага рабіць будуць. А гаварыць, да душы ж, не буду ані слоўца, хоць бы што захацелася, так я і губу заткаю. І вочы завяжу, калі б толька нічога не гаварыць, ані абачыць. Але ж калі дацярплю – сто рублей маіх будзець!

Сцэна 2-я

Селянін, Жыд

Селянін. Ах, бяда, мая бяда! Не ў каго мне і парадзіцца: жане не хочацца сказаць, што я з д’яблам пазнаўся, а больш некаму і зверыцца. Вот калі ліха на мяне прыходзіць. Калі я прайграю, ніхто не будзець ведаць, гдзе падзенуся. І памінкі па мне ніхто не справіць. Пайду толька я да арандара, аднак ужо ён ведаець. Нап’юся гарэлкі, буду яго прасіць, каб ён пры мне быў. Да ён чорта баіцца, не захочыць. Падарую яму палавіну грошы, што выйграю, тагды, можа, намысліцца. (Кліча.) Арандар, арандар! Хадзі толька ты сюды.

Жыд. Ню, чаго ты ў чорта гамоніш?

Селянін. Да хадзі ж сюды, нешта табе скажу.

Жыд. Не, не ашукаіс болі! Досіць табе, раз удалося, што я за табой наха[дзіўся].

Селянін. Да хадзі сюды! Будзем грошы тыя дзяліць, што я ў д’ябла выйграў.

Жыд. Ці ўзё ты выйграў?

Селянін. А ўжо ж! Нашто я буду ілгаць?

Жыд. Сора, Сора! Падай мне бутэльку гарэлкі, пайду я пана Дзёмку пацястую.

Селянін. Да не баўся ж!

Жыд. Зараз, зараз.

Селянін. Ашукаецца ён.

Сцэна 3-я

Жыд, Селянін

Жыд (выходзіць з бутэлькаю). Кланям вашэці. На, Дзёмацку, гарэлку, напіся! А сказы, як табе ўдалося выйграць з д’яблам?

Селянін. Дзякуй за гарэлку. Мусіцьбыць, шабасоўка? Ну, пане рандару, чы ведаеш ты, што я мыслю?

Жыд. Пацым я магу ведаць.

Селянін. Я мыслю – колька табе даць грошы.

Жыд. Колька ты хоцісь?

Селянін. Я б табе і многа даў, каб ты мяне ўсягды слухаў.

Жыд. А колька дасі?

Селянін. Папалам бы с табой падзяліўся б.

Жыд. Ню і сто ты хочаш, каб я цябе слухаў?

Селянін. Калі толька я цябе зазаву, каб ты з гарэлкай прыйшоў.

Жыд. Добра, добра.

Селянін. Я табе цяпер не дам яшчэ грошы.

Жыд. Цаму?

Селянін. Ты мяне потым не будзеш слухаць.

Жыд. Ню?! Буду, буду! На табе рука!

Селянін. Яшчэ д’ябал мне не аддаў. Кажыць, што не абяцаў сто рублей.

Жыд. Я сам цуў, сто ён табе абяцаў толька.

Селянін. Змілуйся ж, пане арандару! За гадзіну прыйдзі тут, і д’ябал тагды тут будзець. Не бойся яго, ён маець троха сумлення.

Жыд. Баюся, баюся.

Селянін. Да душы ж, кажу табе, не бойся.

Жыд. Дзёмацка, не зводзь ты мяне!

Селянін. Ну, дурак, я ж табе кажу, што не бойся.

Жыд. Дзёмацка! Дай зэ ты мне руку на тым, сто д’ябал мяне не возмець, хоць я няхрэснік.

Селянін. На табе руку, што пры мне не возмець.

Жыд. Не бойся, цяпер прыйду. Толька – грошы.

Селянін. Будуць, будуць.

Жыд. Будзь здароў, Дзёмка!

Сцэна 4-я

Селянін і Чорт

Селянін. Здаецца, што тут ужо і баўлюся, аднак д’ябла дачакацца не магу. Мусіць, ён мысліць, як мяне ашукаць. Ашукаецца ён сам уперад. А мяне ўжо не ўварвуць болей. Вот і нет, і нет, ага, мо яшчэ гадзіна не тая, бо ён бы зараз прыбег. Ён і даўней усягды перад гадзінай прыходзіў. Мусіцьбыць, яшчэ далёка. Да глядзі, вялікая шкода, што даўжэй не заб[ав]іўся жонкай. Да, у страху вочы вялікі. Два разы ашукаўся, так на трэці раз і на зімнаю ваду дзьмухаць трэба. Гэта не жарты – з гэтакім панічом мець справу! Каб то ён пачцівы быў, так можна б было ад яго адпрасіцца. Да ён – веданы непрыяцель. У яго ад пушчэння не дастаць. Праўда, што мне два разы дараваў, а чаго ж мне за трэцім разам спадзявацца. Пэўна то, што ўжо не даруе, як ён сам казаў, што два разы ўдалося, а болей не спадзявацца.

Чорт. Добра, што ты тут знаходзішся, бо ў неўзабаве ўжо праб’е гадзіна. Памятай жа, у чым пакляўся!

Селянін. Помню.

Чорт. Знаеш, што з таго вынікае?

Селянін. Знаю і добра знаю.

Чорт. І што ж ты знаеш?

Селянін. Ах, знаю, знаю, што ты мне трэці раз не даруеш.

Чорт. Ты ўгадаў, што я не дарую. Раней прымаў пад увагу тваю цемнату і таму я дараваў табе два разы. Але ўжо ў трэці раз не думаю і не магу; да двух разоў удаецца фокус. Глядзі ж, каб потым ты не наракаў на мяне, як наракаў на Адама, калі табе не хацелася працаваць. Вось ты і пераканаўся, што сам горшы за яго, бо, маючы столькі перасцярог, не выканаў і малога абавязку.

Селянін. Знаю я тое сам усё. Але што ж я меў рабіць, калі раз блазны ў злосць увялі, другі раз – панічы. Хоць ужо вялікія, але зусім глупы. Як ім таго не знаць, што пераз цесныя дзверы, шырока ўбраўшыся, улезці інакш няможна, як толька бокам. А яны таго не пазналі. Дуракі зусім!

Чорт. А што было табе да таго? Ты ж павінен быў пільнавацца свайго абавязку.

Селянін. А што ж я меў рабіць, калі няможна.

Чорт. А навошта тады скардзішся на Адама, калі ты сам горшы? Самай найменшай рэчы выканаць не можаш. Падумай цяпер аб тым, я цябе перасцярагаю, бо ведай, што ў трэці раз я ўжо табе не дарую; хай у цябе не будзе нават самай малай надзеі. Просьбы твае будуць ужо дарэмнымі, а слёзы – марнымі. Я цябе папярэджваю – сцеражыся! (Селянін хоча схавацца.) Стой! Я кажу, каб захоўваў маўчанне, бо тут будзе табе канец. Сачы! Як ударыць гадзіна, каб замоўк.

Yosh cheklamasi:
12+
Litresda chiqarilgan sana:
30 avgust 2016
Hajm:
39 Sahifa 1 tasvir
Mualliflik huquqi egasi:
Public Domain

O'xshash kitoblar