Бура страшная вырвала пер'я Арлу чорнаму ў высі… – Зямля! ах, зямля, цяпер я Ўніз паляту – сцеражыся!.. І рэха адклікнулася: «Ах!..» Буржуі крычаць: «Які страх! Вось цяпер нам будзе скок…» Дружна, роўна, крок у крок: Ідуць чырвоныя палкі, І чуваць напеў стары: – Эх, сякі-такі, Чорт вас пабяры!.. Босыя спаткалі іх: Гоман, жарты, крык… – Туды бег, назад прыехаў, Бач ты, бальшавік!
9. Босым дарогу!
Босым дарогу! Поп, памаліўшыся богу, З цэрквы ідзе па завулку: – «О времена ныне…» А ў разбітай вітрыне Спекулянт шукае булку. Чыноўнік казённай палаты Скінуў парадны сурдут… Бурчыць пад нос: «Праклятыя! Зноў яны тут!» Паны за граніцу Давай бог ногі… Гром… навальніца… Б-о-с-ы-м д-а-р-о-г-у!.. Паўцякалі? Ну, так што ж! На вогнішчы, басанож, Пагуляем… Эх, глядзі! Бедната ўся, выхадзі! Ўчора там – а сёння тут… Буржуазіі капут! Зноў гуляем на балоце! Ў войска, братцы, – па ахвоце… Ухапіўшы сваю частку, Расчынілі людзі пастку: – Вой, вой, вой! Будзе бой!..
10. Чырвоным завешаны вуліцы…
Чырвоным завешаны вуліцы, Вокны, балконы і плот, Белы дом толькі журыцца: Не йдуць туды на сход… Чытаюць адны пацеры, — У бога пытаюць, як быць?.. А босыя на сабранні Пасылаюць к… мацеры… Пану даволі служыць — Вось наша заданне! – А як жа? Кім будзем звацца? Як жа будзе вось гэта ды тое? – Давайце ўсе разам змагацца, Пакуль не знішчым старое!.. Замоўклі яны – ні слова. Чакаюць другога адказу… Толькі шэпчуць, стуліўшы галовы: – Паслаў бог бальшавіцкую заразу. Зноў мы безгалосыя, І цярпі, як сабака шалёны: Ўласць усю забралі босыя, А іх тут – мільёны!