Kitobni o'qish: «Мястэчка»

Shrift:

Сезон першы

В этом городе нет рок-н-ролла!

Рок-н-ролла здесь нет!..

«Звери»


Перемен требуют наши сердца!

Перемен требуют наши глаза!..

«Кино»

Частка першая

Дзея першая

Эпізод 1

За вокнамі плакала восень. Стукалася дажджом у шкло, каб пусцілі, пашкадавалі. Разбівалася кроплямі з адчаю аб безуважнасць.

Нічога не змянілася за лета. Хлопцы, якімі былі боўдзіламі, такімі і засталіся, толькі смялейшымі сталі, нахабнейшымі. Асабліва Кастальцаў з Хвалеем, якіх апошнім часам паўсюль бачылі ўдваіх. І адкуль такое сяброўства? Хіба што на адной вуліцы жылі, Індустрыяльнай?… Мама першага – уладальніца мясцовага салона прыгажосці, а бацька – дырэктар мясакамбіната, і ў яго раман з геаграфічкай Наталляй Франсаўнай, пра які ўсе ведалі, але рабілі выгляд, што не ведалі. Бацька ж Хвалея звычайны сярэднестатыстычны п’янтос. Хвалей, між іншым, выцягнуўся. Ростам быў ніжэй за ўсіх, нават ніжэй за яе, Дашу Белую, вучаніцу дзясятага «А», сімпатычную дзяўчынку, захопленую Кафкам. Яна не вельмі любіла кіно, больш кніжкі чытала. «Уладара пярсцёнкаў», «Гары Потара», Кафку, асабліва «Амерыку» Кафкі. Гуляць – не гуляла. Сумна і аднастайна было ў іх мястэчку і пайсці няма куды. Ніякіх выбітнасцяў. З задавальненнем згаджалася ўдзельнічаць у школьнай самадзейнасці, але тое адбывалася тры разы на год: на Новы год, на Восьмае сакавіка і на Дваццаць трэцяе лютага. Ды мерапрыемствы праходзілі амаль заўсёды аднолькава па падобных адзін на аднаго сцэнарах. Карацей – нудоцішча.

Гледзячы на Кастальцава з Хвалеем, Даша падумала, што ёй таксама хацелася б з кім-небудзь сябраваць, але з кім? Усе яе адносіны з аднакласнікамі абмяжоўваліся дзяжурнымі прывітаннем ды пакуль. Ні пра якое сяброўства яна раней не задумвалася. Хлопцы сябравалі адзін з адным, але не ўсе. Колю Пінокіа, празванага так за доўгі нос, наогул зачмырылі і не лічылі за чалавека, таму што ён не мог пастаяць за сябе і плакаў, як дзяўчынка, калі яго білі ці крыўдзілі. Ён нядрэнны, але баязлівы, старанны ў вучобе і ўсё такое, аднак школа для яго, напэўна, пекла. Ён нават рухаўся неяк бокам і стараўся апынацца бліжэй да сценкі, каб не атрымаць знянацку выспятка. Пакрыўдзіць слабога лічылася святым абавязкам кожнага годнага павагі «пэцана» (так хлопцы адзін аднаго звалі). Але гэта было не пра Пінокіа.

Марыя Пятроўна, настаўніца рускай літаратуры і класны кіраўнік дзясятага «А», сядзела за настаўніцкім сталом, узвышаючыся над класам, чытала штосьці гламурнае ў глянцавым часопісе, павольна адломвала кавалачкі шакаладу «Алёнка» (фольга пры гэтым шамацела так, нібы скардзілася на недастатковую далікатнасць) і насалоджвалася яго смакам. Усе вакол ведалі пра незвычайную прыхільнасць настаўніцы да салодкага, таму амаль не рэагавалі на яе міжвольныя прыцмокванні, занятыя сачыненнем на тэму «Як я правёў (правяла) лета». Ніхто ў класе не гаманіў і не мітусіўся, нават дзіўна, усе рупліва ўткнуліся ў раздадзеныя аркушыкі і складалі ўласныя вакацыі. Даша нічога не складала. Яна напісала, што ні на якія курорты не ездзіла, ні з якімі хлопчыкамі не знаёмілася, нікому не прызнавалася ў вялікім і чыстым каханні. Напісала пра сваю старэйшую сястру, якая вучылася ў сталічным кульку, пра яе жыццё ў інтэрнаце, пра яе сябровак, якія прайшлі «Крым і Рым», як яны казалі; пра тое, як паспрабавала віно, але яно ёй не спадабалася, нейкае кіслае. Пра татку таксама напісала, які мог і ўдзень і ўначы тарашчыцца ў блакітны экран, лежачы на канапе. Яму было ўсё адно што глядзець, абы чалавечкі бегалі ці партрэцікі вяшчалі.

Блін, так закарцела з кімсьці параіцца, падзяліцца самым патаемным, ды проста пабалбатаць урэшце рэшт… Таня Паўлоўская, здаецца, нічога, як чалавек. На танцы ў Дом культуры ходзіць. Павінна адэкватна аднесціся, калі Даша прапануе ёй сяброўства. Толькі сядзіць яна заблізка да настаўніцы. Зразумела, ніякім падхалімажам ці яшчэ чым-небудзь падобным Паўлоўская не вылучалася, і сябровак у класе, здаецца, у яе не было…

Дзесяць гадоў знаёмы, а як чужыя.

Вырашана, трэба стусавацца з Паўлоўскай. З ёю будзе не сумна.

Эпізод 2

– Тань! – паклікала Даша аднакласніцу, даганяючы яе пасля ўрокаў. – Таня! Паўлоўская!.. Пачакай!..

– Чаго табе? – азірнулася тая, спыніўшыся на паўдарозе ад выхаду з школы.

– Адыдзем? – прапанавала Даша, параўняўшыся з Паўлоўскай, каб не замінаць натоўпу вучняў пазбаўляцца ад цяжару школьных сцен.

– Навошта? – запытала Паўлоўская, аднак рушыла ўслед за Дашай да найбліжэйшага акна.

– Разумееш, – узяла Даша аднакласніцу за руку, – я тут падумала, карацей…

– Кастальцаў, зыр, – заўважыў дзяўчат Хвалей, які накіроўваўся да школьных дзвярэй у кампаніі з Кастальцавым і яшчэ некалькімі «пэцанамі» з паралельнага класа, – Белая з Паўлоўскай, як «галубцы»…

– Лесбі, – паправіў яго Кастальцаў, дэманструючы сваю дамінуючую дасведчанасць і ўзіраючыся ў аднакласніц, якія хутка схавалі свае рукі за спіны. – І хто з вас актыў, а хто пасіў?

– Адвалі, Кастальцаў! – прамовіла Таня рашуча.

– А то чо? – бясстрашна выгукнуў Хвалей.

– Дратуй адсюль, ці дрэнна даходзіць? – крыкнула ў бок Хвалея Даша.

– Дрэнна, не тое слова! – не разгубіўся Хвалей.

Дашай раптам авалодала такая страшная непрыязнасць да гэтага прадстаўніка мужчынскага роду, што яна ледзь стрымлівала сябе. На падаконніку дзяўчына намацала падручнік, кімсьці, мабыць, забыты, схапіла яго і шпурнула ў Хвалея. Хлопец ухіліўся, але быў крыху збянтэжаны.

– Чуеш, – выціснуў ён, – Белая! Ты чо, шалёная?

– Гэта ў яе абвастрэнне восеньскае, – прыдумаў Кастальцаў і засмяяўся. Уся кампанія засмяялася таксама, патураючы лідару.

– Ха-ха-ха, Кастальцаў, як смешна, – парыравала Таня.

– Так, Кастальцаў! – Невядома адкуль з'явілася геаграфічка Наталля Франсаўна. – Што тут у вас адбываецца? Чаму дадому не ідзем? Ці жадаеце на дадатковыя заняткі застацца? Я ўладкую.

– Чаму адразу Кастальцаў? – роблена абурыўся той.

– Гэта Белая тут тэрмінатарам сябе аб’явіла, – прыйшоў на дапамогу сябру Хвалей. – Пастаўце яе ў вугал, Наталля Франсаўна, а то яна падручнікамі шпурляецца.

– Так, – пацвердзіў Кастальцаў, – прычым чужымі, папрашу заўважыць.

– Усё! – спыніла спрэчкі Наталля Франсаўна. – Заканчваем балаган і марш па хатах! Хвалей, дзяўчынак прапускаем наперад!

– А чо я? Я нічо.

Даша падхапіла Паўлоўскую за руку, і дзяўчаты бегма пакінулі школу пад улюлюканне аднакласнікаў. Беглі да Плошчы. Яна распласталася за некалькі дзясяткаў метраў ад школьнага двара. На рынкавым пятачку перайшлі на крок. Хлопцам, усім з той кампаніі, было ў іншы бок.

– Дэбілы, блін, – прамовіла Даша, супакойваючы сэрца, што імкнула выскачыць з грудзей спалоханым вераб’ём.

– Спрытна ты зарадзіла па Хвалею кніжкай, – пахваліла яе Таня. – А чаго клікала?

– Ды… мне няма каму… няма з кім… падзяліцца, ці што… самым патаемным, – не ведала, як сказаць, каб незнарок не пакрыўдзіць, Даша.

– У сяброўкі, ці што, клічаш? – здагадалася Таня.

– Ну, увогуле, так, – прызналася Даша. – І ў госці запрашаю, проста зараз.

– Калі чо, я не па тых справах, – успомніла дзяўчына намёкі Хвалея.

– Ты чо! – абурылася Даша. – Я тым больш не па тых. Не хочаш, так і скажы, што не хочаш. Перажыву як-небудзь.

– Ды добра, не парся, – згадзілася Таня. – Ты, здаецца, нармальная. Хадзем да цябе.

Дзяўчаты перайшлі дарогу, павярнулі направа, спусціліся ўніз тратуарам, мінаючы Рэстаран і прадуктовую краму. За банкам павярнулі налева да пяціпавярховікаў. Прайшлі праз два двары і апынуліся каля пад'езда Дашынага дома. На трэцім паверсе Даша праткнула бакавыя дзверы ключом, адамкнула і, штурхануўшы іх ад сябе, прапусціла аднакласніцу наперад. Яе пакой знаходзіўся злева, адразу, як заходзіш. Дакладней, пакой яе і старэйшай сястры, але паколькі сястра цяпер жыла ў Мінску, пакой належаў Дашы цалкам, хоць двухпавярховы ложак ніхто не разбіраў. Ды і навошта? Два ложкі побач займалі б больш месца, а так было даволі прасторна. Ля акна – стол з чырвонага дрэва з чатырма ёмістымі шуфлядкамі і глыбокай паліцай унізе, паміж шуфлядкамі і бакавой сценкай. На стале – комп, часопісы розныя, падручнікі, сшыткі, настольная лямпа. Офіснае крэсла і мяккае крэсла побач. Адно каля сцяны. Трумо і банкетка за дзвярыма, шафа насупраць ложкаў. На падлозе – мяккі варсісты дыван. Сцены абвешаны плакатамі з выявамі Аўрыл Лавін, Сяргея Лазарава – улюбленага выканаўцы старэйшай сястры, Джарэда Лета, акцёра і вакаліста гурта «30 секунд да Марса», Джоні Дэпа, Эмі Лі, Нукі.

– Клёва ў цябе, – агледзеўшыся, сказала Паўлоўская.

– А ў цябе не так? – не зразумела Даша.

– Не так, – паціснула плячыма Таня. – Я ж у бабулі жыву.

– А бацькі дзе?

– А бацькоў як карова злізала, – села ў крэсла Таня.

– Жэсць, блін, – прамовіла Даша. – Выбач, калі чо, я не ведала.

– Забудзься, – адмахнулася Таня. – Мы наогул адна пра адну нічога не ведаем.

– Так, – пагадзілася Даша. – Каву будзеш? – прапанавала.

– Давай, – пагадзілася сяброўка.

Даша ўключыла электрачайнік.

– Так што ў цябе здарылася? – нагадала Паўлоўская аб галоўным.

– Ёсць адна тэма, – сказала Даша. – Карацей…

Закіпеў чайнік, і Даша не дагаварыла.

Прыгатаваўшы кавы, яна разліла яе па кубках, падала адзін госці. Са сваім кубкам села на ложак насупраць Паўлоўскай, якая ўжо стамілася чакаць, заінтрыгаваная словамі новаспечанай сяброўкі, працягу, і таму нецярпліва спытала:

– Што карацей?

– Я, карацей, буду эма, – на адным дыханні выпаліла Даша, сціскаючы аберуч кубак, быццам грэючы аб яго пальцы.

– Гоніш? – не паверыла Таня.

– Праўда, – пацвердзіла Даша, і гэтулькі ў яе позірку было рашучай упэўненасці, што Паўлоўская адразу паверыла пра не абы які намер аднакласніцы.

– Не зразумеюць, – сказала яна і сумна дадала: – Асабліва калі ты ў школу прыйдзеш у прыкідзе эма.

– Ну, так, – кіўнула Даша, нібыта згаджалася з песімістычным прароцтвам Паўлоўскай. – А чо такога? – Усё ж не хацела верыць у горшае. – Сяструха кажа, у іх там у Мінску эма на эма, і нармальна.

– То ў Мінску! – заўважыла Таня. – У нас цябе зачмыраць. Той жа Хвалей першы пальцам стане паказваць, як на ўродку.

– Ну і фіг з ім, – сказала Даша. – Эма – гэта ж крута, а галоўнае, не сумна. А то заплеснелі ўжо ўсе тут. Я і ў чаце пазнаёмілася з эма-дзяўчынкамі. Яны такія цікавыя, прыкольныя.

– Так табе па прыколу прыспічыла ў эма ператварыцца? – спытала Таня.

– Не, чаму. Мне вельмі блізкія матывы і лад жыцця эма.

– І схільнасць да суіцыду ты таксама маеш?

– Навошта? – не зразумела Даша.

– Праехалі, – спыніла саму сябе Таня. – Твая справа. Што я цябе, адгаворваць буду? Шмоткі дзе будзеш браць?

– У пятніцу сястра прыязджае. Я з ёй аб усім дамовілася. Яна і шмоткі прывязе, і пафарбуе мяне, – адказала Даша. – А ў суботу я ў новым вобразе прыйду на дыскач.

– Ну-ну, рэвалюцыянерка.

– Чаму адразу рэвалюцыянерка?

– А то хто ж?

– Ну клёва ж будзе, – настойвала Даша. – А як яшчэ выказаць уласнае «я»? Паказаць, што я асоба? Ты вось праз танцы свае самавыражаешся? Я буду праз эма-вобраз.

– Ды я ж не супраць, – усміхнулася Таня. – Проста цяжка табе давядзецца ў нашым балоце, хоць прыкольна будзе паглядзець на рэакцыю, асабліва настаўнікаў. А продкі твае што скажуць?

– Я думаю, ім увогуле пофіг, што са мной і як я жыву, – сказала Даша неяк сумна.

– Бывае, – уздыхнула Таня. – Такая ж фігня, як са мной. Толькі мае не хаваюць гэтага.

– Дык што, мы сяброўкі? – вырашыла нарэшце напрамую спытаць Даша аднакласніцу.

– Сяброўкі, сяброўкі, – запэўніла Таня, якой таксама вельмі карцела з кім-небудзь сакрэтнічаць і каму-небудзь па-сапраўднаму даверыцца. Даша Белая – чым не варыянт? Да таго ж сама прапанавала сяброўства.

Эпізод 3

Восень зарадзіла дажджы-кулямёты і расстрэльвала бесперапыннай залевай ўсё жывое. Сцвярджала сябе, велічна заяўляючы, што прыйшоў яе час і нікому іншаму распараджацца на здабытай тэрыторыі не дазволіць. Аднак не ўсе страшыліся восеньскай макрэчы. Маладосці, верагодна, наогул невядома такое паняцце як «страх». Маладосць – безразважная і легкадумная, адчайна адважная і адзіная, хто здольны кахаць да самазабыцця, схільная да самаахвяравання і подзвігу, але не супраць атрымліваць падарункі і прызы, адначасова жорсткая і літасцівая, а яшчэ ўлюбёнка смерці і вайны. Нездарма Віктар Цой калісьці распавёў усяму свету, што «война – дело молодых… лекарство против морщин». Бясстрашная маладосць не баялася восені, яе саманадзейных прастуд і ангін, таму што ў сэрцы маладосці жыла вясна, таму што маладосць і была вясной. І спыніць музыку восень таксама была не ў сілах. Як матылькі на яркае святло, на гукі музыкі імкнулі юнакі і дзяўчаты, будучыя мужчыны і жанчыны. Менавіта музыка аб'ядноўвала іх разам. Хай бессэнсоўная і дурная, але такая неабходная ў гэтыя некалькі гадзін, вылучаных кіраўніцтвам аддзела культуры пад дыскатэку, калі хлапчукі і дзяўчынкі, па сутнасці, маглі не прыкідвацца кімсьці, кім павінны былі быць у грамадстве, а заставацца самімі сабой. Менавіта музыка валодала дарам надзяляць усіх і кожнага непасрэднасцю, а не прытворствам. Прытворствам жыццё забяспечвала напоўніцу. Абсалютна розныя, і ў сацыяльным становішчы, і ў разумовым развіцці, маладыя людзі, як цвярозыя, так і пад чаркай, не праходзілі міма, а абавязкова заходзілі ў танцзалы. Іх намеры былі розныя. Хтосьці хацеў танчыць, хтосьці адпачыць, хтосьці пазнаёміцца, хтосьці сустрэцца з сябрамі, пакурыць, пабалбатаць, хтосьці выпендрыцца і пабіцца, хтосьці цалавацца не тоячыся… Ні восень, ні яе дажджы-кулямёты не маглі перашкодзіць моладзі заставацца моладдзю. Таму яшчэ а шостай вечара ў суботу дыджэй Крол, вучань адзінаццатага класа з Першай школы, сын дырэктрысы мясцовага Дома культуры, афіцыйна аформлены мамай як супрацоўнік ДК па дамове падраду на паўстаўкі, завёў сваю «шарманку» так, што раздзіраліся калонкі «Аліса», і гук, які вырываўся з дынамікаў, як джын з бутэлькі, расцякаўся па ўсёй Плошчы і ахінаў сабой, забіваючы шум дажджу.

Паволі народ збіраўся. Прыходзілі па адным, па двое, па трое, потым цэлымі кампаніямі заходзілі ў фае, але выходзілі на ганак, чакаючы асноўны прыток, які падцягваўся недзе а дзявятай гадзіне, калі цямнела. Цемра ж, як вядома, сяброўка моладзі. Але гэта не азначала, што ніхто не танчыў у фае Дома культуры, аздобленага пад танцпляцоўку. Жадаючых хапала, асабліва з боку дзяўчат. Ім неабавязкова была прысутнасць хлопцаў пад хуткія рытмы, яны нядрэнна спраўляліся і без іх. Вось пад павольныя кампазіцыі іншая справа.

Даша прыехала на дыскатэку ў машыне Цімура, маладога чалавека яе сястры, які абавязаны быў знаходзіцца побач і сачыць за парадкам, паколькі служыў у міліцыі і якраз прыйшла яго чарга дзяжурыць. Апроч міліцыі за парадкам, як правіла, назіралі вартаўнік Дома культуры, хтосьці з супрацоўнікаў і хто-небудзь з настаўнікаў. Гэту неабходнасць увяла мясцовая ўлада пасля таго, як летась на падобным мерапрыемстве забілі да смерці аднаго хлопца.

Яе рыхтавалі да дыскатэкі, як Наташу Растову да першага балю. Сястра прывезла неабходныя рэчы, некалькі дыскаў з музыкай, якую меркавана слухалі эма, у чарговы раз запытала, ці канчатковае рашэнне Дашы змяніцца ў эма, і ўзялася за яе пераўвасабленне. Спярша пафарбавала Дашыны валасы ў чорны колер і выстрыгла ламаны чубок, чорным лакам пакрыла пазногці сястрычкі, потым адну пасму валасоў зрабіла ружовай, вочы і павекі багата апрацавала чорнай тушшу і касметычным алоўкам, вусны – бясколернай памадай. На ружовую ў абліпку футболку з доўгім рукавом Даша апранула чорную маечку з чэрапам на грудзях, паласатыя чорна-ружовыя легінсы нацягнула на ногі. Абулася ў мацерчатыя ружовыя красоўкі. Завяршала ўбор сапраўдная балетная пачка з ружовага газу. Дзе адшукала ўсе гэтыя рэчы, сястра не прызналася. Верагодна, думала, што ў Дашы чарговая блазнота. Сходзіць на дыскатэку, як на карнавал, і супакоіцца. Ну не магла ж сапраўды, напраўду, сястрычка так здурнець на эма! Гэта ж не Мінск! Не зразумеюць кансерватыўныя жыхары правінцыйнага, а таму спакойнага бытаўкладу, бунтоўнага, можна сказаць, учынку звычайнай дзяўчынкі. Дый на спад ужо ішоў у вялікіх гарадах навамодны павеў. Старэйшая сястра не сумнявалася ў тым, што Даша проста дзівачыла і жадала спадабацца якому-небудзь хлопчыку, а якому, не казала, таму што ў яе ўзросце заўсёды нейкія таямніцы, па сабе ведала. Як бы там ні было, Цімур высока ацаніў новы Дашын вобраз. Яму спадабалася, але ён палічыў неабходным заўважыць, што да Хэлоўіна яшчэ далёка. Месяцам памыліліся. Тлумачыць яму нічога не сталі, сказалі, што Даша праз спрэчку так прыбралася.

Высадзіўшы яе ля ўвахода ў ДК, Цімур ад'ехаў за будынак, каб нацешыцца блізкасцю з Верай (так звалі Дашыну сястру).

Тыя, хто знаходзіліся на вуліцы, на ганку Дома культуры, літаральна аслупянелі, убачыўшы Дашу. Яны нават не адразу зразумелі, што перад імі менавіта Даша, а не хтосьці іншы.

У Кастальцава і цыгарэта вывалілася з рота, так уразіў хлопца яе знешні выгляд.

– Прывітанне, Кастальцаў! – мінаючы яго, сказала Даша.

– Прывітанне, – праводзячы доўгім позіркам дзяўчыну, прамямліў той.

Адзін Хвалей не разгубіўся і не напружваў мозг.

– Зыр, Белая счарнела! – паказваючы пальцам на Дашу, выгукнуў ён. – Часам яны вяртаюцца! – кінуў ёй наўздагон.

– Пайшоў ты, Хвалей! – азвалася Даша і паказала яму сярэдні палец.

– Чо сказала, аўца?! – кінуўся за Дашай Хвалей, але тая ўжо схавалася за дзвярыма Дома культуры.

– Чо гэта было? – лыпаючы вачыма, быццам пазбаўляючыся ад наслання, спытаў Кастальцаў у Хвалея.

– Белая выйшла з пекла, – прабубніў Хвалей.

– Яна чо, дура?

– Відавочна, што не разумная.

– Чуеш, а ёй так лепш, – раптам выказаўся Кастальцаў, прыкурваючы цыгарэту, прапанаваную Хвалеем. Той, не разумеючы, утаропіўся на сябра. – Зараз яна стала сабой, баран, – засмяяўся Кастальцаў.

– Мутантам, ці што? – прыдумаў Хвалей.

– Сам ты мутант, – смяяўся Кастальцаў. – Фантазію ўрубі…

– А-а-а, – працягнуў Хвалей, нібыта зразумеў, што меў на ўвазе Кастальцаў, і засмяяўся таксама.

Даша прывіталася з вартаўніком Віцькам, не старым яшчэ і прыемным на выгляд дзядзечкам, які сядзеў на сваім нязменным месцы за вахтавым сталом, у кепцы, што хавала раннюю лысіну, увайшла ў танцзалу, якая мігацела рознакаляровымі агнямі, і задрыгалася разам з усімі, пакуль на яе не звярнулі ўвагу. Яна лавіла на сабе здзіўленыя позіркі, захопленыя, пагардлівыя, нават юрлівыя, стаўшы цэнтрам сусвету, але паводзіла сябе так, быццам нічога не бачыла, і ўсё ж адчувала неверагоднае задавальненне.

Паўловской у зале Даша не знайшла, колькі ні шукала вачыма. Пэўна, яшчэ не прыйшла, але прыйсці абяцала. Нібы ў пацверджанне яе думак, Таня паўстала з ніадкуль, захоплена вылупіўшы вочы на сяброўку. Яна не магла не падтрымаць Дашу, хоць асабліва і не верыла ў тое, што дзяўчына адважыцца на падобнае. Але Даша апраўдала ўсе яе чаканні.

– Слухай, клёва! – пракрычала Паўлоўская Дашы на вуха, маючы на ўвазе яе знешнасць. – Пойдзем адгэтуль! – паклікала за сабой, паколькі не жадала псаваць уражанні дрэннай музыкай, якая ніяк не падыходзіла да новага іміджу сяброўкі. Гэта ж не «Токіа-гатэль» і не «Слот» – любімыя Дашыны гурты.

– Куды? – разгубілася Даша. У вобраз-то яна ўвайшла, але не ведала, што з ім рабіць далей.

– Убачыш, – цягнула за сабой Таня.

Дзяўчаты без шкадавання пакінулі танцпляцоўку з незразумелымі гукавывяржэннямі, названымі сучаснай музыкай, прашмыгнулі ў левае крыло і падняліся па крутой драўлянай лесвіцы з разьбянымі парэнчамі на другі паверх, дзе мясціліся прыёмная і паміж прыёмнай метадычныя кабінеты. У адным з іх расслабляліся з дапамогай віна, піва і торціка з чыпсамі некалькі дзяўчат. Гэта былі танцоркі з калектыву, у якім займалася Таня, – Аляўціна Мароз, Юля Перасільд і Руслана Міхайлоўская. Даша іх ведала ў твар, але ніколі блізка ні з кім не сутыкалася. Аля Мароз вучылася ў паралельным класе, дзве іншыя дзяўчынкі – у ліцэі, што знаходзіўся ў новым раёне, непадалёк ад ваенкамата і лякарні.

– Праходзь, – падпіхнула Паўлоўская Дашу з праходу ў кабінет.

Дашу здзівіла, хоць і не моцна, свабоднае распіццё спіртнога. Яна і падумаць не магла, што дзяўчаты, якія займаліся танцамі, здольныя так хвацка ўжываць алкаголь. Аляўціна нават курыла, страсаючы попел з доўгай цыгарэты ў аднаразовую пустую шкляначку.

– Не бянтэжся, – выдыхаючы дым колцамі, сказала Аля, звяртаючыся да Дашы. – Як бачыш, мы не анёлы. Зрэшты, як і ты. Смела, – звярнула ўвагу на знешнасць і ўбор госці. – Я думала, Танька гоніць. А ты насамрэч такая. Праходзь, не саромейся. Тут усе свае.

Даша нерашуча ўвайшла ў кабінет, села на прапанаванае Паўлоўскай крэсла. Таня прысуседзілася побач, каб Даша адчула, што прысутныя ёй не ворагі.

– Што піць будзеш? – спытала Аля.

– Не ведаю, – Даша паціснула плячыма. – Я яшчэ ніколі…

– Усё бывае калі-небудзь упершыню, – вымавіла Руслана Міхайлоўская – высокая хударлявая бландзінка, разліваючы па шкляначках віно.

– Пі, – працягнула адну шкляначку Дашы Аля, – за смеласць.

Даша ўзяла шкляначку аберуч, зірнула ў вадкае яго змесціва і пачала піць хуткімі маленькімі глыткамі, не адрываючыся, пакуль не выпіла ўсё.

– Цыгарэтку? – прапанавала Аля.

Даша згодна кіўнула, зацягнулася няўмела, закашлялася.

– Пачакай, – спыніла сяброўку Таня, таму што Даша гатовая была заплакаць, ці то ад дыму, што патрапіў у лёгкія, ці то ад смеху дзяўчат, якіх расссмяшыла неспрактыкаванасць госці, – я пакажу. Глядзі, – узяла яна цыгарэту, – прамаўляеш «Ой, мама!» і адначасова ўдыхаеш. Спрабуй.

Даша зрабіла так, як падказала Таня. Вочы яе адразу павільгатнелі, падлога паплыла. Здавалася, яна знаходзілася на борце нейкай яхты, што калыхалася на хвалях. Стала добра і прыемна. Потым вочы раптам загарэліся, аднекуль з'явіліся бадзёрасць у прыскок з весялосцю, і Даша адчула, што ведае дзяўчат з метадычнага кабінета сто гадоў.

– Ну як? – Таня пацікавілася станам сяброўкі.

– Клёва! – паказала Даша вялікі палец, падняты ўгару, і зацягнулася яшчэ. – А што святкуем? – спытала.

– Нараджэнне новага чалавека, – адказала Юля Перасільд – пякучая брунетка з кароткай стрыжкай, неверагодна пластычная і абаяльная.

– А хто нарадзіўся? – не зразумела Даша.

– Ты, – прагучаў адказ.

– Ды ну вас, – засаромелася Даша. – Гоніце, пэўна.

– Хто гоніць? – запярэчыла Аля. – Гоніць дзед Андрэй сэм у Пацейках.

– Ну дзякуй тады, – не знайшла чаго іншага адказаць Даша. – А як вы тут… Дырэктрыса не заругае? – паказала рукой на стол з алкаголем.

– Не хвалявайся, – запэўніла Юля. – У нас усё чыкі-пукі.

– Калі дзяжурыць Мікалай Міхайлавіч, – сказала Руслана, – дырэктрыса спіць спакойна і ніколі яго не правярае.

– А хто такі Мікалай Міхайлавіч? – не разумела Даша.

– О, Мікалай Міхайлавіч, – падміргнула госці Юля, – гэта Мікалай Міхайлавіч. Адным словам, лапачка.

– Бусечка, – падтрымала Аля.

– Міравы чэл, – дапоўніла Руслана.

– Наш новы рэжысёр, – больш падрабязна растлумачыла Таня. – Малады, параўнальна, жудасна разумны, але афігенна абаяльны. І так нас разумее…

– Так разумее, – падтакнула Юля, – што дазваляе некаторыя непрадугледжаныя, несанкцыянаваныя…

– Язык не зламі, – перабіла сяброўку Руслана.

– Карацей, з ім можна ўсё, – паставіла кропку Аля, – і за ім, як за мурам. Ніколі не здасць і не зробіць балюча. Проста адвал башкі.

– А хіба яшчэ ёсць такія? – не паверыла Даша.

– Трапляюцца, як бачыш, – сказала Руслана.

– Павязе ж камусьці, – дапусціла Таня.

– Галоўнае, каб на сцерву не нарваўся, – заўважыла Юля.

– Добра, давайце вып'ем, – прапанавала Аля. – Хто там за бармэна?… За смелых і сапраўдных!

Дружна выпілі.

Даша раптам пачала задыхацца. Паветра бракавала катастрафічна. Ногі падкошваліся, як саламяныя. У вачах пацямнела. Ярка ўспыхвала і згасала ў іх лямпачка. Шкляначка з віном выпала з рук, добра, што не на падлогу – не запырскала дыван, скрывавіла адно стол з некалькімі паперамі на ім. Ванітны камяк падпаўзаў да горла. Трэба было на вуліцу. Тэрмінова. Аднекуль узяліся сілы, і Даша рванула з месца, дапамагаючы рукамі, шукаючы апоры ў сценах, прэч з будынка. На лесвіцы ледзь не падвярнула нагу, няўдала спатыкнуўшыся. Скацілася б уніз кулём, калі б рукі не ўчапіліся за парэнчы. Вымушаная затрымка справакавала захраслы ў горле ком да дзеяння. Ён нястрымна падкочваў, жадаючы вызваліцца з вязніцы, як лава з вулкана. Заціснуўшы рот далонню, Даша, пахістваючыся, на амаль нягнуткіх нагах, вырвалася з Дому культуры на паветра, як дым з пячной трубы, урэзалася галавой у жывот стаяўшага на яе шляху Хвалея, які вырашыў пакурыць пасля выпітых некалькіх вялікіх глыткоў піва, учапілася, як абцугамі, у яго рукі, каб не паваліцца. Тут жа яе званітавала проста на ногі Хвалея, які абуў зусім новыя, ні разу не надзяваныя берцы.

– Белая! Тварына! – загарлапаніў Хвалей, быццам яго рэзалі, да слёз амаль ад крыўды за сябе. – Прыбярыце яе ад мяне! Ты чо творыш, пудзіла?! – ударыў дзяўчыну па руках тыльнымі бакамі далоняў і па галаве, спрабуючы пазбавіцца ад павіслай на ім, як на слупе, аднакласніцы.

– Не чапай яе! – наляцела каршуном Паўлоўская, якая паспяшалася на дапамогу сяброўцы, але не дагнала своечасова.

Прысутныя пасталі колам, назіраючы за тым, што адбывалася, але не ўмешваліся. Хтосьці зларадна пасмейваўся, хтосьці цікаўна ўзіраўся, хтосьці выкрыкваў пахабныя заўвагі.

– Адвалі ад мяне, тварына! – яшчэ раз стукнуў па галаве Хвалей Дашу, і тая адпусціла рукі, павалілася на карачкі, задыхаючыся ў ванітавых пазывах. – Заб'ю! – занёс нагу для ўдару ў жывот.

Эпізод 4

Жаданне Хвалея паквітацца за сапсаваныя абутак і калашыны цалкам зразумела. Але ж нельга біць ляжачых, тым больш дзяўчынку, значна слабейшую і пры гэтым бездапаможную. Тым не менш ніхто не спыніў Хвалея, нават не паспрабаваў, акрамя Паўлоўскай, якую Хвалей адшпурнуў ад сябе, як кацяня.

– Мікалай Міхайлавіч! – завішчала тады Таня, не то ад болю, не то ад роспачы.

І ён з'явіўся. Перахапіў занесеную нагу Хвалея, падсек апорную і, рвануўшы на сябе, адпусціў. Хвалей шмякнуўся спінай прама ў Дашыны ваніты, нічога пры гэтым не расплюхаўшы.

– Бліна! – прароў ён, адмаўляючыся верыць у тое, што адбылося. На вочы наварочваліся здрадлівыя слёзы. Тыя ж, хто, стаіўшы дыханне яшчэ некалькі імгненняў таму хварэлі за яго, зараз над ім смяяліся.

– Разышліся ўсе! – загадаў Мікалай Міхайлавіч, быццам на пляцы. І яго паслухаліся. Хтосьці вярнуўся ў танцзалу, хтосьці адышоў дапіваць пакінутае ўбаку з кампаніяй, хтосьці закурваў, павярнуўшыся спінай, некаторыя, разбіўшыся на пары, сыходзілі абменьвацца пацалункамі.

Мікалай Міхайлавіч дапамог Дашы падняцца, потым узяў на рукі, як дзіця.

– Вешайся! – стрэліў пагрозай яму ў спіну Хвалей. Ён стаяў, выціраючы куртку паперай, якую працягнула яму нейкая спагадлівая дзяўчына.

– Прабачце, вы штосьці сказалі? – азірнуўся Мікалай Міхайлавіч – высокі, шыракаплечы, крэпкі, коратка, па-вайсковаму стрыжаны малады чалавек гадоў дваццаці пяці-трыццаці, – ветліва ўсміхаючыся. Адно правае вока яго нервова торгалася, ды невялікі шнар пад ім у выглядзе птушачкі, хутчэй за ўсё ад нажа, набрыняў.

– Нічо, – буркнуў Хвалей, працягваючы выціраць куртку.

Беражліва трымаючы на руках Дашу, Мікалай Міхайлавіч хуткім крокам накіраваўся да прыбіральні, Таня патэпала следам.

– Мікалай Міхайлавіч, – казала яна па дарозе, апраўдваючыся, – гэта я ва ўсім вінаватая. Але хто ж ведаў, што так выйдзе? Мы не думалі, што на яе так падзейнічае…

– Індык таксама думаў, – адгукнуўся Мікалай Міхайлавіч. – Каб я яшчэ раз звязаўся з вамі…

– Больш такога не паўторыцца, – абяцала Таня.

– Што, больш ёй наліваць не будзеце? – з'едліва сказаў Мікалай Міхайлавіч. – Ці ў сяброўстве адмовіце, як не прайшоўшай кастынг?

– Мікалай Міхайлавіч, што вы такое кажаце? – не зразумела Таня.

– Слухай мяне сюды, – рэзка спыніўся Мікалай Міхайлавіч, абярнуўшыся да дзяўчыны, – калі хоць адна душа даведаецца пра сённяшні інцыдэнт тут ці ў школе, на мяне больш можаце не разлічваць. Прыкрываць вас я не стану, можаш не сумнявацца…

– Ды ніхто не даведаецца! – абурана ўсклікнула тая. – Хвалей заткнецца і затаіцца, выношваючы план помсты. Не ў яго інтарэсах раздзімаць з мухі слана. Усе нашы будуць маўчаць, ды і стукачаствам наша школа ніколі не славілася. А ў метадычным мы ўсё прыбярэм, не хвалюйцеся.

– Глядзі мне, – зноў закрочыў Мікалай Міхайлавіч. Таня ледзь паспявала за ім.

Расчыніўшы дзверы ў жаночую прыбіральню, Мікалай Міхайлавіч строгім позіркам выдварыў некалькіх дзяўчат з раёна, якія, седзячы з півам на шырокім падаконніку, абмяркоўвалі нейкага крутога чэла, што разабраўся на мінулых выхадных у данс-клубе «Пацейкі» з дзясяткам адмарожаных мясцовых крутавэлкаў. Няхочучы, яны саступілі памяшканне Мікалаю Міхайлавічу, недвухсэнсоўна падміргнуўшы сыходзячы.

Мікалай Міхайлавіч уключыў у кране халодную ваду, паставіў Дашу на ногі, нахіліўшы да ракавіны.

– Давай дапамагай сяброўцы! – абхапіўшы Дашу аберуч, каб тая не страціла раўнавагу, загадаў Паўлоўской памыць твар дзяўчыны.

Даша штосьці невыразнае прамукала, калі халодная вада кранулася яе вуснаў і шчок, паспрабавала супрацівіцца.

– Даша, супакойся, – ласкава прашаптала Таня, – усё добра.

Дзяўчыну зноў скруціла, яна пачала задыхацца, выдаючы гучныя ванітныя гукі, але ванітаваць больш не было чым. Яна выплёўвала страўнікавы сок.

– Дай ёй вады! – загадаў Мікалай Міхайлавіч Тані.

Тая паслухмяна набрала вады ў шклянку. Мікалай Міхайлавіч узяў шклянку з яе рук, паднёс да Дашыных вуснаў.

– Пі! – строга прамовіў.

Даша замахала рукамі, затупала ножкамі.

– Не хачу! – прадраліся словы праз сліну. – Вельмі дрэнна, – перайшла на паўшэпт і абмякла, ногі падкасіліся.

– Яна чо, таго? – спалохалася Таня.

– Не, вырубілася, – адказаў Мікалай Міхайлавіч. – Зараз спаць будзе. Крызіс мінуў.

– А чо з ёй было?

– Не піла яна, мабыць, ніколі. А вы яе, не шкадуючы, відаць, спансавалі. Атручванне ў яе алкагольнае ці алергія на спіртное.

– І чо цяпер?

– Чо-чо? – перадражніў Таню Мікалай Міхайлавіч. – Калі размаўляць навучыцеся? Спаць будзе. Толькі яе дамоў трэба неяк…

– Я зараз патэлефаную, – дастала Таня мабільны, набрала нумар Дашынай сястры. Доўгія гудкі. Яшчэ раз набрала. Тое ж самае. Трэці раз набрала. Зноў безвынікова.

– Добра, паказвай дарогу, – узяў Дашу на рукі Мікалай Міхайлавіч, накіраваўся прэч з прыбіральні.

Вартаўніку ён сказаў, што хутка вернецца. Ісці сапраўды было недалёка. Нейкіх паўтары сотні метраў.

Мікалай Міхайлавіч прыкрыў Дашу сваёй курткай ад дажджу, які, хоць і прыцішэў, але не спыніўся, на галаву сабе нацягнуў бейсболку. Таня ішла побач пад парасонікам.

Дзверы ў кватэру адчыніў Дашын тата. Мама з'ехала напярэдадні з сяброўкамі і знаёмымі, усяго каля дзесяці чалавек, на мінібусе ва Украіну гандляваць.

– Добры вечар, Сяргей Мікалаевіч, – прывіталася Таня.

18 625 s`om