Kitobni o'qish: «На дняпроўскім лузе»
© Сліва М., 2019
© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019
Міхась Сліва
Аўтар шматлікіх кніг прозы «Усмешка Джаконды», «Прыгожыя караблі», «Запрашаю ўсміхнуцца», «Ход канём», «Сустрэліся кум з кумой», «Віртуальнае каханне», «Радасць жыцця», «Клюква по знакомству», «Жыццё на Парнасе», «…І мора па калена»; кніг для дзяцей «Кот Матрос», «Як кнігі дзяўчынку выхавалі»; зборнікаў літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій «Найвышэйшае і светлае» і «Лік, які выратоўвае»; публікацый у калектыўных зборніках, альманахах, часопісах, газетах.
Уганараваны рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон». Лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя К. Тураўскага і А. Капусціна, лаўрэат конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро».
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў.
Прыгожыя караблі
Прыгожыя караблі
На невялікай чыгуначнай станцыі сустрэліся два цягнікі. На некалькі хвілін спыніліся.
У адным з вагонаў, гледзячы ў акно, сядзеў мужчына сярэдніх год з прыемным, дабрадушным тварам. У вагоне насупраць у асветленым акне, бы ў зарамленай карціне, застыла сімпатычная жанчына. Яна паглядала на мужчыну. Той таксама глянуў на яе. Іх позіркі сышліся.
«Які светлы твар, – падумала жанчына. – Відаць, што чалавек добры. Магчыма, з ім была б шчаслівая.
Шчасце… Многія мне зайздросцяць: кватэра, машына, дача, муж добра зарабляе, у педкалектыве карыстаюся аўтарытэтам, дзеці дарослыя. Але на сэрцы радасці няма. Бо муж заняты толькі сабой. Яго праца, яго захапленні, яго справы. Вечна надзьмуты, вечна хмуры. Цяжка ўспомніць ужо, калі проста размаўлялі як людзі. Ідзе з дому раненька, вяртаецца позна. Можа, у яго ёсць хто? Спрабавала па-шчырасці пагутарыць, але дзе там. Тут жа знаходзіць тэрміновую справу, і толькі яго бачыла! І зноў адна… Машына, дача. За букет кветак, за прыемную ўсмешку аддала б усё гэта!»
«Якім шчаслівым я мог бы быць з ёю! – думаў мужчына. – Такія добрыя, прыгожыя вочы не могуць быць у дрэннага чалавека. Як хочацца клопату, увагі, спагады, жаночай ласкі… А яе няма, бо ў жонкі ў галаве зусім іншае. У яе, адчуваецца, гарыць сэрца па суседу, высокаму, стройнаму таксісту. Яго амаль ніколі няма дома, але калі ён з’яўляецца ў двары або калі жонка заўважыць яго праз акно, яна адразу мяняецца. Замыкаецца ў сабе, становіцца нервовай, злой. І тут ужо не дапамогуць ні твая ўвага, ні тое, што ты гадзінамі тупаеш на кухні. А не стрымаешся, заўважыць, што раўнуеш, – яшчэ горш будзе».
…Цягнік, у якім ехала жанчына, крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Крануўся і той, у якім сядзеў мужчына. «Прыгожымі здаюцца заўсёды тыя караблі, якія праходзяць міма», – успомніў ён нечыя словы і цяжка ўздыхнуў.
Перасяленне
Разбудзіў яго тэлефонны званок. «Вось яны, “перавагі” прагрэсу, – незадаволена паморшчыўся Максім. – А не было б тэлефона – хоць бы выспаўся…»
Званок быў з працы. Сакратарка Света паведаміла, што патэлефанавалі з вобласці, і яму, як галоўнаму архітэктару, трэба ехаць узгадніць дакументы.
– А намеснік мой навошта! – усклікнуў Максім. – Скажыце Дзянісу Пятровічу, хай зоймецца. А я – у адпачынку, мяне – няма, шаноўная Святлана Іванаўна!
Даўно ўжо ён марыў, што пойдзе ў водпуск, зоймецца любімай справай – маляваннем. У Максіма добра атрымліваліся пейзажныя эцюды, асабліва з малюнкамі ваколіц вёскі Белыя Берагі, адкуль родам яго жонка Марына. Зараз, пакуль яна ў сталіцы на курсах павышэння кваліфікацыі інжынера-праграміста, ён рашыў паехаць у вёску і адвесці душу любімым заняткам.
Белыя Берагі… Палюбіў Максім гэтую вёсачку моцна. «Гэта таму, што ты мяне кахаеш», – жартавала Марына. «А ты мяне?» – задаваў ёй сустрэчнае пытанне Максім. «О, калі б ты кахаў мяне так, як я – цябе, я была б самай шчаслівай жанчынай на свеце!» – адказвала жонка.
Максім паклаў трубку на апарат, задумаўся. Успомнілася апошняя паездка ў вёску…
– Глядзі, свежая магілка! – усклікнула Марына, паказваючы на край сцяжыны.
– Можа, памёр стары Макар з Ціхага Кута, – няпэўна адгукнуўся Максім. Яны не былі ў вёсцы ўжо больш трох тыдняў, сёння прыехалі з горада і адразу завіталі на могілкі, нікога не сустрэўшы з вяскоўцаў. Дый каго сустрэнеш, калі ў вёсцы засталося ўсяго шэсць хат «жывых» – у дзвюх жывуць дзядулі з бабулямі, у адной – стары дзядзька з двума сынамі-халасцякамі, яшчэ ў адной – удава-пенсіянерка, а летам на ўскраі вёскі ў малюсенькай хатцы, якая засталася ад бацькоў-нябожчыкаў, пасяляецца дачнік з горада. Вось і ўвесь сучасны «кантынгент» гэтай вёскі, якая, здаецца, зусім нядаўна яшчэ была вялікай, шматлюднай, шумнай, вясёлай, а стала неперспектыўнай… Большасць яе жыхароў перасяліліся ўжо на могілкі, знайшлі спачын у маладым бярэзніку.
Могілкі размяшчаліся на значнай адлегласці ад вёскі, на мяжы двух раёнаў. Хавалі нябожчыкаў тут з усёй ваколіцы – вёсак Белыя Берагі, Прырэчча і пасёлка Ціхі Кут. І з суседняга раёна на стары могільнік, дзе знаходзіцца прах колішніх паноў, падкладвалі нябожчыкаў. Перасяленне апошнім часам ішло актыўна…
Наведванне вясковых могілак, дзе пахаваны іх родныя і блізкія, стала ўжо для Максіма і Марыны Новікавых сямейнай традыцыяй. Абое – і муж, і жонка – адчувалі ўнутраную патрэбу як мага часцей бываць у гэтай ціхай мясціне, дзе знайшлі вечны прытулак Марыніны бацька, маці, старэйшы брат, дзед, прадзед, бабулі і прабабулі, стрыечныя родзічы, сваякі.
– Я ж як пабуду тут, дык быццам сустрэнуся з усімі, – казала Марына.
Аднавяскоўцы, большасць з якіх даўно ўжо абжыліся ў гарадах, звычайна прыязджалі сюды на Радаўніцу або перад ёй, як у каго атрымлівалася. Частыя паходы Новікавых на гэтае новае «паселішча», якое з кожным годам пашыралася, можна было растлумачыць яшчэ і тым, што размяшчалася яно ў невялікім гаёчку, дзе, акрамя прыгожых бяроз, раслі маладыя клёнікі, ліпкі, рабінкі, было тут і некалькі дубкоў. За восень вецер наносіў кучы лісця. Таму Новікавы ўзялі за правіла позняй восенню вычышчаць лісце і ўсё смецце, якое накоплівалася тут за лета. Бо вясной тады рады не дасі, таму што плошчы, якія ім даводзілася прыбіраць, немалыя: Максім налічыў ажно чатырнаццаць магіл. Штогод Новікавы фарбавалі агароджы, наводзілі парадак. Звычайна бралі з сабой і дзяцей – сына Алёшу і дачку Олю, калі тыя яшчэ былі школьнікамі, а цяпер яны – студэнты, мелі менш часу для такіх паездак.
– Звярні ўвагу, – працягвала Марына, – тут ужо адвялі месца і яшчэ аднаму чалавеку!
– Нічога дзіўнага, – адгукнуўся Максім, – кожнаму хочацца быць побач са сваімі. Я вось таксама…
– Зноў ты заводзіш сваю «шарманку»! – сярдзіта перабіла яго Марына. – Знясі вось лепш лісце! Дарэчы, цікава, ці паедзе хоць сёлета Фёдар да бацькоў?
Фёдар – яго сябар дзяцінства. Часта вяртаецца думкамі ў тую пару Максім. А ўспомніцца дзяцінства – усё быццам ускалыхнецца ў душы, заные нейкім светлым смуткам. Не, што ні кажы, колькі год не пройдзе, а часы дзяцінства і юнацтва заўсёды ў памяці як самыя яркія і, напэўна, самыя лепшыя і бесклапотныя ў жыцці…
Фёдар зараз таксама пры пасадзе – галоўны інжынер буйнога вытворчага аб’яднання ў вобласці, мае магчымасць наведваць родныя мясціны. Але ж ён нават дакладна не ведае магілу свайго бацькі, бо няма на ёй ні агароджы, ні надпісу на крыжы. Аднойчы яны ўдвух зайшлі, доўга блукалі, але так дакладна і не вызначылі, дзе пахаваны бацька Фёдара. Ну, а пра дачок яго ўжо і казаць не даводзіцца, бо ні разу бацькі не звазілі на дзедаву магілу..
– Эх, Федзя, Федзя, – з узрушэннем прашаптаў Максім, успомніўшы як не вельмі даўно да яго ў кабінет зайшоў пажылы мужчына, былы аднавясковец. Зайшоў з незвычайнай просьбай: каб Максім пазваніў Фёдару і прысароміў, бо вяскоўцы ўжо ўсе абураюцца – больш як дзесяць гадоў ні разу не глянуў на бацькаву і матчыну магілы. Добра, што там, у іх роднай вёсцы Слаўнае, і людзі такія ж – слаўныя: працавітыя, гаспадарлівыя, спагадлівыя. Гэта ж можна толькі ганарыцца – да апошняга часу не было ніводнага п’яніцы! А ў гады вайны вёска была партызанскай, за што фашысты і спалілі яе разам з жыхарамі.
Зараз тут шануюць памяць аб загінуўшых у вайну і памерлых у мірны час: штогод напярэдадні Радаўніцы ўсе, хто яшчэ можа працаваць, прыходзяць на могілкі і дружна, грамадою наводзяць парадак. Нават калі ў кагосьці не атрымліваецца прыехаць здалёк, можна не хвалявацца – на могілках заўсёды чыста. Нават больш таго – і навокал, за агульнай агароджай, парадак. Нездарма Максім прывозіў сюды, у маляўнічы сасоннік на краю вёскі, некаторых раённых кіраўнікоў, каб паказаць, як можна ўтрымліваць гэтае святое месца, нават калі ў вёсцы засталося мала жыхароў…
Дык вось зямляк і прасіў Максіма напомніць Фёдару пра яго сыноўні абавязак. Максім тут жа набраў хатні нумар сябра, але тэлефон не адказваў. Тады ён пазваніў яму на працу. «Фёдар Іванавіч у адпачынку. Званіце праз месяц», – пачуўся ветлівы голас сакратаркі.
Максім яшчэ некалькі разоў спрабаваў патэлефанаваць Фёдару, але, напэўна, у таго змяніўся нумар. Аднойчы, ранняй вясной, будучы па справах у абласным цэнтры, зайшоў на кватэру да сябра дзяцінства. Адчыніла яго жонка, Клава.
Максім ведаў яе яшчэ з маладосці, калі Фёдар толькі пазнаёміўся з ёй. Быў і на вяселлі ў іх. Потым нярэдка сустракаліся. Клава ўсё жыццё нідзе не працавала, бо выхоўвала дзвюх дачок. Хаця, чаго крывіць душой, магчымасць ісці працаваць была, ды яшчэ якая: Фёдар забраў сваю маці да сябе, тая рыхтавала абеды, глядзела дзяўчынак. Але Клаве – па адукацыі тэхніку-тэхнолагу хімічнай прамысловасці – страшна было распачынаць сваю працоўную дзейнасць, і яна абівала бакі, сноўдалася па кватэры. Балазе, кватэра чатырохпакаёвая, месца хапала. Клава, на выгляд ціхая, спакойная, хутка на Фёдара надзела аброць. Як кажуць, у ціхім балоце чэрці водзяцца…
Фёдараў бацька памёр рана. А ў маці, якая хоць і стала жыць у сына бесклапотна, як у вёсцы казалі, у «шайнасці», нечакана выявілася невылечная хвароба. Тады ў Клавы закруціла ў носе, паставіла Фёдару ўмову: мне твая маці не патрэбна, з бальніцы да сябе ў кватэру не пушчу, бо раптам заражуся!
Фёдара выручыла стрыечная сястра Ганна, якая жыла ў іншай вёсцы адна, была яшчэ пры сіле. Завёз Фёдар сваю маці туды, хоць сэрца і шчымела.
Максім у той час жыў далёка ад родных мясцін, не ведаў усіх падрабязнасцей. А калі нарэшце сустрэў Фёдара, той, на добрым падпітку ў гонар сустрэчы, па сакрэту сказаў: «Пастаўлю на ногі дачок – і скажу «Бывай!» сваёй Клаўдзіі Анісімаўне за яе такія адносіны».
Хаўтуры справіла пляменніца маці Фёдара, Ганна. Прыехала і Клава. Спрабавала нават пусціць слязу, але гэта выклікала толькі прыкрасць і злосць у тых, хто быў побач.
Час бяжыць хутка. Не стала на свеце і Ганны. Фёдара, як высветлілася пазней, жонка на пахаванне стрыечнай сястры не пусціла.
…Пакуль Максім распытваў у Клавы пра жыццё-быццё, запісаў іх новы нумар тэлефона, вярнуўся з працы і Фёдар. Узялі па чарцы за сустрэчу. Высветлілася, што дачок сваіх Фёдар «паставіў на ногі» – даў вышэйшую эканамічную адукацыю, уладкаваў у яшчэ адзін «вуз» – выдаў удала замуж, але Клаве «Бывай!» не сказаў. Прывык, відаць. Дый характар такі, як кажуць, цямця-лямця.
І тут Максім стаў здалёк падводзіць да таго, што нядобра так – не бываць на родных могілках.
– Хіба ты забыў, сябра, як над табой калаціліся бацька з маці? Як яны цябе любілі і шкадавалі? Ты ж адзіны сын! Што з табой здарылася? Дажыўся, што чужыя людзі нават павязваюць на крыжах стужкі, прыбіраюць на могілках вясной лісце, шыгалку, пясочку падсыпаюць…
Клава зацята маўчала, а Федзя згодна ківаў галавой і падтакваў: трэба, абавязкова трэба з’ездзіць.
– Глядзіце ж, каб не сорамна было перад людзьмі! – сказаў тады на развітанне Максім. – Вунь Андрэй Яўменаў, ты ж ведаеш нашага земляка, пятнаццаць гадоў адсядзеў за забойства чалавека, і то кожны раз здалёк прыязджае, наведвае магілу сваёй маці. А вы нават нагой не ступаеце!..
Па даўнай завядзёнцы, на Радаўніцу, Максім з Марынай з’ездзілі ў Белыя Берагі, а ў Слаўнае, дзе быў пахаваны Максімаў бацька, завіталі на другі дзень. Толькі выйшлі з аўтобуса – насустрач імчыць на веласіпедзе Іван Кузняцоў. Яму ўжо за семдзесят гадоў, але ён тут зараз адзін з самых моцных і актыўных жыхароў. Радасна павітаўшыся, ён паведаміў:
– А вы хіба не сустрэлі аўтамабіль? Фёдар жа прыязджаў на нейкай шыкоўнай іншамарцы. Казаў, пабыў на могілках, а зараз заедзе да родзічаў у Залессе.
– Ах, як шкада, што не засталі, – засмуціліся Новікавы.
Яны тады наведалі ўсе магілы землякоў, аддалі даніну павагі, успомнілі добрым словам. І звярнулі ўвагу, што на магілах Фёдаравых бацькоў не было ні кветачкі..
Праз некалькі дзён Максім пазваніў Фёдару:
– Слухай, сябра, шкада, што мы размінуліся. А ты ў Залессе заязджаў?
– Ды я… – адчувалася, што Фёдар нечакана збянтэжыўся. А ў тэлефоннай трубцы пачуўся і голас Клавы, якая, відаць, была побач з мужам.
– Я нікуды не ездзіў, – нейкім драўляным голасам прамовіў Фёдар.
– Дык Іван жа Кузняцоў казаў, што бачыўся і размаўляў з табой! – не адступаў Максім.
– Нікуды я не ездзіў, – паўтарыў Фёдар і стаў развітвацца.
– Значыць, ездзіў потайкам ад сваёй Анісімаўны! – «вылічыла» тады Марына. – Але чаму хоць кветачку якую не паклаў?
…Адарваўшыся ад думак, Максім рашыў неадкладна ехаць у Белыя Берагі. Сабраў усе неабходныя рэчы, сёе-тое з харчоў (а там прыедзе аўталаўка – можна будзе дакупіць!) і паімчаў на аўтавакзал.
Больш як тыдзень ён пражыў у хаце нябожчыка-цесця, зрабіў шмат малюнкаў і накідаў, а самае галоўнае – цудоўна адпачыў.
Вярнуўся дадому – і адразу да паштовай скрыні. Там набілася столькі рознай карэспандэнцыі, што нават не ўмяшчалася, бо Максім, нягледзячы на дарагавізну, выпісваў процьму газет і часопісаў. Максім стаў разбіраць. Вылецела з газеты і ластаўкай паляцела долу тэлеграма. Максім падхапіў яе. Тэлеграма была ад Клавы. Яна паведамляла, што нечакана памёр Федзя. Здарылася гэта, мяркуючы па даце адпраўкі тэлеграмы, якраз тыдзень таму.
Максім кінуўся да тэлефона. Трубку падняла Клава. Маркотным голасам яна расказала пра раптоўную хваробу – інфаркт міякарда сэрца – і адыход з жыцця яго сябра, стала плакаць, як жа ёй жыць, бо да пенсіі яшчэ далёка…
– А дзе вы яго пахавалі? – не вытрымаў Максім.
– Ведаеш, зараз так цяжка і дорага з пахаваннем. Дык мы Федзю крэміравалі…
Максім раптоўна кінуў трубку і выйшаў на балкон курыць. Душа яго была не на месцы…
Бумеранг
Пераехаўшы жыць у іншы раён горада, Віктар стаў часта сустракаць там гэтага мужчыну. Той прыцягваў увагу сваёй знешнасцю: на лбе быў вялікі шрам, заўсёды падрапаны твар, а пад вачамі і на руках часта былі сінякі і раны. Увогуле выгляд быў замучанага чалавека, які ніколі не глядзеў сустрэчнаму ў вочы. І амаль заўсёды ён быў нецвярозы, у зашмальцаванай вопратцы, на якой не хапала гузікаў.
Віктар доўга прыглядаўся да мужчыны і ніяк не мог зразумець, адкуль ён яго ведае. Ён быў такім знаёмым – і не пазнавальным! Аднойчы Віктар не вытрымаў і, сустрэўшы на пустыннай вуліцы, спыніў мужчыну:
– Прабачце, калі ласка, вы не вучыліся ў Белабярэжскай школе?
– Вучыўся, – ахвотна адказаў мужчына. – І вас памятаю, – заблішчалі ў яго вочы. – Вы ж таксама там вучыліся…
– Вы мяне ведаеце? – здзівіўся Віктар.
– Так, я на тры класы ішоў пазней вас. Памятаю, як вы паказвалі рэкорды ў лёгкай атлетыцы, мы тады ўсе бралі з вас прыклад.
– Дык гэта ж прайшло амаль трыццаць гадоў!..
– Вас завуць Віктар Кандраценя.
– Так. А вас?
– А я Аркадзь, сын дырэктара школы Пятра Тарасавіча.
Віктар шырока раскрыў вочы ад здзіўлення. «Божа мой, няўжо гэта той сімпатычны хлапчук, які добра вучыўся і падабаўся настаўнікам і вучням?..»
– І чым ты зараз займаешся? – перайшоў на «ты» Віктар.
– Пасля заканчэння політэхнічнага працаваў на аўтазаводзе, а зараз пакуль што не працую, – Аркадзь крыху зніякавеў і стаў развітвацца.
– А жанаты на Веры? – не ўтрымаўся Віктар. Вера была дачкой завуча школы, да яе заляцаліся многія мясцовыя хлопцы, але яна аддавала перавагу сыну дырэктара. Аб гэтым Віктар даведаўся ад сваіх бацькоў, калі ў час вучобы ў сельскагаспадарчай акадэміі прыязджаў дадому на канікулы. Жыў ён у аддаленай вёсцы, таму з дырэктаравым сынам сустракацца не даводзілася.
– На Веры, – чамусьці ўсміхнуўся Аркадзь і пайшоў сваёй дарогай.
Віктара яшчэ больш заінтрыгавала тое, што сын дырэктара школы, па спецыяльнасці інжынер, мае такое аблічча. Але ж не будзеш лезці ў душу чалавека, дапытвацца, як жыве, чаму дакаціўся да такога стану…
І вось аднойчы Віктару пашанцавала – у магазіне нечакана ўбачыў Веру. Пазнаў яе адразу, бо і яму падабалася яна ў школьныя гады. Была яна па-ранейшаму прывабнай на выгляд, усё такімі ж былі прыгожыя ад прыроды рысы твару, невысокая зграбная постаць. А вось у вачах быў бязмежны сум.
– Віктар?!. – радасна ўсклікнула яна. – Цэлую вечнасць не бачыліся! Як ты жывеш?
– Нармальна. Вось памяняў кватэру, з большай на меншую, атрымаў даплату ды дапамог сыну кватэру пабудаваць. Я раней жыў у Чыжоўцы, а зараз вось у вашым мікрараёне…
– А-а-а… А я думаю, за столькі гадоў ні разу не сустрэліся…
– Раскажы пра сябе! – Віктар уважліва глядзеў у Верыны вочы, поўныя смутку. – Я сустрэў з месяц таму твайго мужа…
– Аркадзя? – неяк загадкава ўсміхнулася Вера. – Даўно ўжо ён мне не муж, хоць і жывём у адной кватэры. Прыватызавалі калісьці, а зараз вось пакутуем. Развяліся, а кватэру – двухпакаёвую «хрушчоўку» размяняць ніяк не можам.
Вера памаўчала. Відаць было, што сямейнае жыццё яе не песціла, хваліцца няма чым.
– А пачалося ўсё з-за дробязі, – працягвала Вера, цярэбячы гузікі на сваім старым паліто. – Стаў Аркадзь прыходзіць з працы крыху выпіўшым. Калі я ўшчувала яго, маўляў, лепш бы дзецям цукерак купіў, Аркадзь тлумачыў, што нельга было адмовіцца, дый наогул, што тут такога, зняў стрэс пасля работы… І вось такое зняцце стрэсаў працягвалася год, другі, трэці… А потым пачалася наогул катарга. З работы турнулі, а быў жа інжынерам! Стаў простым рабочым, а затым перабіваўся выпадковымі заробкамі. А дзеці – сын і дачка – падрасталі, трэба ж было карміць, апранаць, потым сын у тэхнікум паступіў, а дачка – у медвучылішча. А што я зраблю з адной сваёй зарплаты?
Аркадзь жа, замест таго, каб дамоў прыносіць грошы, стаў выносіць з дому, прычым не толькі грошы, але і рэчы. Ён і не заўважыў, як захварэў на алкагалізм. А потым спахапіўся, але было ўжо позна. Ён разумеў, што робіць няправільна, дрэнна, што ап’яненне – гэта добраахвотнае вар’яцтва чалавека. Аднойчы ў час прасвятлення ў яго нават верш нарадзіўся:
Начинается снова запой,
Начинаются снова страдания
Для меня и моей дорогой,
Что грозилась сказать «До свиданья…»
А як ён пакутваў! Спачатку тыдзень-два беспрабудна п’е, а потым – хварэе. Віно яму помсціла. Я настаяла, каб закадзіраваўся. Сябры дапамаглі, завялі да ўрача. Амаль год гэта быў зусім іншы чалавек: і з дзецьмі стаў займацца, і па гаспадарцы дапамагаць. Але аднойчы выпіў піва. Потым уцягнуўся – пойдзе ў летні павільён, надзене акуляры ад сонца і сядзіць з півам цэлы дзень. Калі станеш сарамаціць, ён пачынае лаяцца, кідацца з кулакамі да мяне і дзяцей. Як усё роўна падмянілі чалавека! Зрабіўся нейкім ненармальным. А потым звязаўся з такімі ж п’янтосамі з нашага двара і дапіўся да таго, што стаў начаваць пад плотам, галаву хтосьці разбіў яму… Неўзабаве ўчастковы інспектар аформіў дакументы – і загрымеў мой Аркадзь у лячэбна-працоўны прафілакторый.
Мы ўжо к гэтаму часу былі разведзеныя. Мне сорамна было нават прызнацца, што гэта быў мой муж…
На вачах у Веры з’явіліся слёзы. Віктар бачыў, што ёй цяжка было гаварыць. Ён узяў яе за рукі, паціснуў іх і прамовіў:
– Не хвалюйся, Вера, у цябе ж цудоўныя дзеці, усё будзе добра.
Жанчына слаба ўсміхнулася, удзячнасцю засвяціліся яе прыгожыя вочы…
Віктар развітаўся і шпарка пакрочыў па вуліцы ў супрацьлеглы бок. Нечакана з’явілася нейкая думка – згадка пра школьныя гады. І раптам – як азарэнне: «Дык вось яно што! Хто б мог падумаць! Як кажуць: не судзіце іншага».
Віктар успомніў Аркадзевага бацьку, дырэктара школы Пятра Тарасавіча. Ён выкладаў гісторыю. Але ўрокі яго праходзілі незвычайна: адразу задаваў дамашняе заданне, маўляў, падрыхтуйцеся самастойна, а большую частку адведзенага часу прысвячаў… «натацыям» дзецям, чые бацькі вялі сябе недастаткова прыстойна. Асабліва даставалася тым вучням, бацькі якіх часта выпівалі, дрэнна паводзілі сябе ў людзях і дома. Віктар і яго аднакласнікі не ведалі і не маглі тады адказаць Пятру Тарасавічу знакамітымі словамі: «Дзеці за бацькоў не адказваюць».
Пятро Тарасавіч быў сакратаром мясцовай партячэйкі, народным дружыннікам, дэпутатам сельскага Савета і яшчэ немаведама кім. Адным словам, актывіст на ўсе сто. «Да ўсіх бочак шпунт», – казалі пра яго аднавяскоўцы. Але нічога не зробіш – дырэктар школы, настаўнік. Вучні, хоць у іх і сэрцы сціскаліся, а ў некаторых нават слёзы на вачах з’яўляліся, цярпліва слухалі яго «лекцыі» пра сваіх няўдалых бацькоў і ў нейкай меры зайздросцілі Аркадзю, сыну Пятра Тарасавіча. Бо Аркадзеў бацька выстаўляў сябе ўзорам для ўсіх вясковых мужчын. І сыну, як кажуць, было з каго прыклад браць…
Пятра Тарасавіча даўно ўжо няма на свеце. Застаўся адзіны яго сын, Аркадзь, які пераўзышоў самых няўдалых вясковых мужчын.
«Цікава, што зараз сказаў бы сваім вучням Пятро Тарасавіч?» – з горыччу падумаў Віктар.