Kitobni o'qish: «У чым яго крыўда?»
Максім Гарэцкі
У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?
I. Гэта дзеялася тады, калі яму, Лявону…
– А дзе тое мора?
– Краскамі зацвіло…
З дзяцінай песні
Гэта дзеялася тады, калі яму, Лявону, Рыгораваму сыну, на прозвішча Задума, ішоў дваццаты год і ён быў ужо ў апошнім класе сельскагаспадарчай школы. І гэтым разам, як кожны год, прыехаў ён на Каляды дамоў і бавіў свой гулявы час у роднай вёсцы Цёмналессе.
Цёмналессе – невялічкае, усяго там хат з дваццатак, і дужа, можна сказаць, глухое. Гісторыя чалавечага развіцця пасадзіла яго сярод вялікіх лясоў і прысунула да яго першы знак цывілізацыі – царкву, у канцы васемнаццатага веку, вёрст за дзесяць (як кажуць, але, мусіць, з добрым гакам). Другі знак цывілізацыі – валасную канцылярыю, у палове дзевятнаццатага веку, адчыніла яна ў мястэчку вёрст за пятнаццаць. Там жа, дзе канцылярыя, у мястэчку Целяпенічах, ёсць цяпер і пошта, але калі яна тут цвёрда абсталявалася, сказаць цяжка і нават немагчыма, бо адчынялася і зачынялася, пераводзілася ў іншыя месцы і ізноў варачалася назад – шмат разоў. Нарэшце, самы ўжо відавочны знак цывілізацыі – чыгунка – пралягла ад Цёмналесся пакуль што, на пачатку нашага веку, за добрую сотню вёрст.
Выпадала б яшчэ адзначыць і манапольку, бо адна красавалася сваёй сіняй шыльдай побач з царквою, а другая такая ж самая побач з валасною канцылярыяй – ці, лепей кажучы, не зусім побач, а на дазволенай законамі адлегласці. Але гарэлкі можна дастаць, і колькі хоця, і ў самым Цёмналессі, толькі з-пад палы, і пералічэнне знакаў цывілізацыі робіцца тут, галоўным чынам, з мэтаю паказання, як далёка жыў Лявон Задума ад культурных асяродкаў і наогул ад розных такіх пунктаў, дзе мог бы ён пабачыцца з большым лікам і з большай разнастайнасцю людзей. Гарэлкі ж ён, супроць паведак свайго роду, зусім не любіць, і, прынамсі, не пойдзе ён купляць яе ў тых манапольках.
Праўда, і ў справах веры быў Лявон Задума дзіцяцем свайго часу, – часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, – павагу, уваччу нават малых дзяцей. Але з тае пары, як пазачыняліся нашы старасвецкія карчомкі, найлепей у царкве можна цёмналесцу ўбачыцца з людзьмі, хоць ад большага да большага свята. Тут усе – свае родныя людзі, і зусім мала паноў у чорным, – дзеля таго няма ніякай гэткай прыкрасці. Тут высокія, быццам у паноў, сцены і стаўпы, залатыя, толькі па назову «царскія», дзверы, вялікія на сценах абразы, – адным словам, не так, як у сваёй, цесненькай і чорнай хаце, а разам з тым усё тут як бы сваё – супольнае, чамусьці як бы пераважна мужыцкае, хоць паня і давала лесу на рамонт. Тут няма спрыкленай штодзённай неахайнасці, заместа смораду – прыемна пахне ладанам, воскам і фарбаю, а царкоўная адправа гаворыць цёмналесцу, як і другому такому ж парафіяніну, што ён звязаны аднакаваю дзейнасцю з усім шырокім светам. Толькі клопату, што ў адправах гэтых невядома, што і на што, – было б куды ўцячы ад будняў, было б куды пайсці на людзі. А ўлетку ж тут можна і сесці на цвінтары пад ліпкамі пакурыць, пазюзюкаць, пачуць навіны і пажаліцца, калі ё – няхай яго не будзе! – гора… Узімку ж можна ўбіцца ў калавурку, што пры царкве, і разам з усімі людцамі пускаць з піпкі дым.
Для мужыкоў на тыя пагулянкі служыць свята. Але хлапцу вучонаму можна і ёсць куды пайсці з глухога Цёмналесся – хоць бы і не ў свята. Дзе ёсць царква, там ёсць і поп; у воласці ж ёсць пісар і памочнік; на пошце – паштавы начальнік; а для вучоных – «неперавучоных», ці тое не чытаўшых «Хітрае механікі» і з паліцыяй не гордых, тут ёсць і паліцэйскі ўраднік, быўшы фельдфебель гвардыі, чалавек адукаваны, які быў бы нават дужа задаволены ад знаёмасці з другім адукаваным чалавекам, а злашча жыўшы ў той глушы.
На жаль ці не на жаль, але Лявону было да іх не толькі падалёка, асабліва пры худаватай пары бацькавых коней, а і не любіў жа ён «усіх гэтых чарцей», як толькі можа не любіць усякага начальства наш мужык. Праўду кажуць, што прырода і навуку адалявае!
Далёка да мястэчка, дык далёка і да жыдоў – гэтай самай лічнай і больш дэмакратычнай, чым паны-хрысціяне, інтэлігенцыі нашага краю, толькі што лішне адгароджанай ад мужыка сваім сацыяльным станам і яшчэ болей сваімі каставымі забабонамі, часта прыкрытымі нават у яе лепшых прадстаўнікоў толькі бедным фігавым лістком. Ды не ў тым была б бяда, – вось ніводная вучоная жыдоўка не разумее Лявонавай адраджэнцкай беларушчыны і не будзе гаварыць з ім па-мужыцку. А можа, і Лявон – не без тых каставых і наогул сацыяльных забабонаў? Вотта ж, у кожным местачковым жыдоўскім доме, самым бедным, вокны з фіранкамі, чаго спрадвеку не вадзілася ў Цёмналессі і не было цяпер нават на вокнах у яго бацькі. Не жыдоўская ж у тым віна, але сядзеў у ім мужык, і з гэткае драбніцы, як фіранкі, думкі зусім не лагічна, не справядліва і ў гэтым жа прыпадку ганебна для дэмакрата, сацыяліста, хоць бы і беспартыйнага, якім быў Лявон, пераляталі на абраз, зусім паважны ў справе: вось сядзіць гандляр у крамцы, як слабенькі, але ўсё роўна подлы, павучок, і чакае на ўбогага, безграшовага мужыка, як на тую здохлую муху, каб з тым большай лёгкасцю, па сваіх сілках, высмактаць рэштачкі соку, не дбаючы аб якой іншай, цяжэйшай працы… І хоць вучоныя жыдоўкі маглі б троху прагнаць Лявонаву вучоную нуду і смагу, – яго шляхі да іх былі таксама перагароджаны мужыцкаю крывёю ў жылах ці тым, што хоць ні ў якім разе не ёсць і не было ніколі юдафобствам, але ж не сведчыць і аб рэвалюцыйным поступе… Праўда, у горадзе саромлівы Лявон з прыемнасцю, хаця і ўкрадня, заглядаўся на гожанькіх дзяўчат юдэйскага народу, і буржуек, і пралетарак, і звычайнага серадовага стану. І ўва ўсім горадзе найболей паважаў за рэвалюцыйныя ідэі свайго быўшага настаўніка юдэя-бундаўца.
Ёсць тут у ваколіцах і шляхта. Па праўдзе кажучы, у сваёй культуры, узятай, як той казаў, «у цэлым і агульным», шляхта гэтая не вялікае што супроць самых акаянных мужыкоў, – значыцца, працуе яна, як чорны вол, есць яна бульбу, у пісьменнасці яна ні бэ ні мэ, абуваецца яна ў лапці і анучы… Але ж у свята, ідучы ў царкву (тут шляхта праваслаўная), накладаюць шляхтуны на свае, па-мужыцку змуленыя шыі вялікія каўняры, хоць і не надта чыстыя і ўжо пажаўцелыя ад пераклонных лецяў, але ўсё ж, знакам тым, на іхны розум – панскія, а на Лявонаў – агульнаэўрапейскія; шляхцянкі ж напінаюць на свае, не ў крыўду будзь ім казана, потныя і немаленькія працоўныя рукі ніцяныя белыя пальчаткі і бяруць з сабою парасоны, не столькі дзеля сонейка і дажджу, колькі дзеля хараства. Нават на Лявонаў мужыцкі смак, парасоны гэтыя больш прыгожы на музейны погляд, бо маюць часам гадоў па дваццаць, а можа, і болей (наогул цяжка сказаць дакладна, колькі яны маюць гадоў); але як нешта з эўрапейскае матэрыяльнае культуры, а злашча ў прыгожае шляхцяначкі, маглі б яны, разам з не зусім мужыцкімі азнакамі і разумовае культуры ў шляхецкім жыцці, пацягнуць к сабе вучонага Задуму, ну хоць бы (падумаем, як ён), ну хоць бы для цікаўнасці. Аднак і шляхта, якую нават прыемна было яму дагнаць па дарозе да царквы і ўспомніць, гледзячы на тыя ўборы, усё, што дадзена было яму ў расейскай школе з гісторыі культуры ў яго родным краі, нават і яна грэбуе чорнай мужыцкай косткаю і прымае ў сваю кампанію вучонага мужыцкага хлапца толькі за яго вучонасць, паказаную навочна звездкаю на шапцы і бліскучымі, у два рады, гузікамі на форменнай тужурцы, бо за той яго вучонасцю ідзе і панскасць. «Дык няўжо ж хадзіць да іх, – думаў Лявон Задума, – дзеля тых іх каўняроў, пальчатак і старавечных парасонаў?»
II. Лявон нікуды не хадзіў і цэлы дзень…
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
Янка Купала
Лявон нікуды не хадзіў і цэлы дзень, скрозь цэлыя Каляды, сядзеў у хаце.
А каб не выпусціць на волю злосці і не пасварыцца з хатнімі, абнізіўшы тым свой вучоны гонар, – ён цэлы час глядзеў у кніжкі. Такое там было і чытанне: больш таго зласлівага, але ж бясплоднага думання і наракання, бо ўсё наўкола не так, як яму хочацца.
Але чакайце, не кажыце пакуль што: «Эх, Лявон, Лявон Задума! Махнеш ты, мусіць, на ўсё рукою, кінеш роднае балота і з'едзеш у чужы вясёлы край… Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні». Не кажыце, бо трапілі ж яму да рук «Песні-жальбы» – Якуба Коласа і «Жалейка» – Янкі Купалы, а гэтыя-то кнігі многіх той парою зусім збілі з даўнага тору, а некаторых, прынамсі, звялі з яго на ўбочныя дарожкі і працягнулі іхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую эпоху.
Дык пакуль што Лявон, як пэўны адраджэнец, ані мысліў нават пра тыя ўцёкі, толькі запёрся на ўсе Каляды ў бацькавай хаце.
Хіба ж увечары, і то не ўсякі дзень, уздзеўшы на чорнае сваё паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, а напрануўшы буры (і цяплейшы) бацькаў кажух ды ўзяўшы ў рукі качарэжку (бывае, на ўсякага сабаку), вылязаў ён гэткі на вуліцу. У такім убранні лепей яму хадзіць у Цёмналессі познаю парою, бо ніхто не ўбачыць яго вучонасці (а на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць).
І тут жа, ля свае хаты, стаяў нямала часу і паглядаў ува ўсе сумныя бакі. Глядзеў – і, пэўна, думаў: куды ж бы гэта пацягнуцца?
Хоць і слабы загад з раздуманай галованькі, усё ж, нарэшце, зрушаў нагу і плёўся ён абы-куды: хоць да канца хат.
Калі ж не бачыў ён на вуліцы ні чалавека, ні сабакі, калі не чуў нідзе нічога, а тут падобная ціша не дзіва, – дык пускаў адну нагу і другую пераступаць самохаць далей за край хат. І яны пераступалі, як той мужыцкі конь з калёсамі, на якіх ехаў-ехаў чалавек дый задрамаў ад невясёласці або заснуў ад лішняй кварты, пусціўшы коніка па яго добрай волі.
Тым часам свежанькія, беленькія сняговыя завеі, на няўезджанай за хатамі дарозе, спынялі абутую ў не дужа лёгкі казённы бот нагу (вучыўся ён на скарбовы кошт, бо бацька толькі спачатку троху пасабляў). І вучань, можа б, зараз і прыстаў бы, каб вось ужо зімовая пустэльнасць засыпанага снегам поля не пацягнула яго змораных і кніжным друкам, і сядзеннем цэлы дзень у хаце воч яшчэ троху наперад, пад недалёчкі змёрзлы лес. І рух, наўздзіў самое волі, не спыняўся.
Пустэльня, як заўсёды, цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю. Яна быццам і ведаць не хацела шпаркасці жыцця і клопатаў далёкае адгэтуль цывілізацыі, зусім чужой і непатрэбнай дзеля пустыннага спакою. Пустэльня маўчала цяжка, сцюдзёна і безуважна. Маўчала так, каб і атручаны чужнінай сын яе забыўся тут, на родненькіх улоннях, на ўсё тое, што ўдзень казалі яму кнігі, а нават і на тое, што час да часу даводзіла яму так пільна нецярпліва чаканая і так марудная ў сваім жыцці і яшчэ больш у сваім паштовым падарожжы газета адраджэнцаў «Наша ніва».
Даплёўшыся патроху аж да лесу, ён разглядаўся, што тут канчаецца прасцяг хады.
Каб не паддацца, няведамай як мае быць самому, супраціўнасці прастору ці то, можа, каб не вярнуцца ніякава дамоў, а задаволіць першым яўным чынам сваё жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні, – хлапец схадзіў, на два разы ступіць, з дарогі.
Тут, падкомкаўшы аднак жа пад сябе дзеля цяпла кажух, садзіўся ён, як добрая квакуха, толькі не ў рэшата, а на пухова-снежнае сцюдзёнае гняздо. Паклаўшы побач кій, а рукі сашчапіўшы ў касматых рукавах, узводзіў вочы на бедны месяц, спавіты нудным туманом.
Галава яго была цяпер тым целяпнёвым мужыцкім пірагом, які так шчодра накрапаны сваім хатнім добрым мясам ды пераперчаны да вомігу новым, дагэтуль не ўжываным гатункам перцу.
Месяцу ж было ўсё роўна: ці там хоча завыць сабака, з высокім апетытам і нізка падтуленым ад голаду хвастом, ці там хоча пяяць свой хвальны гімн пустэльнай адзіноце вучоны хлопец, з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццём.
– А-а, калі ж табе ўсё роўна, дык вось і мне ўсё роўна, – распінаўся ў сваіх думках вучань.
– А-ву-у! А-ву-у! – дзеля смеху стараўся ён удаць сабачае выццё як можна лепей.
– А-ву-у-у! А-ву-у-у! – чуў ён сам сваё, а быццам нечае чужое, вельмі слабенькае супроць сабачага, выццё. І ізноў са смехам – праўда, не вялікім смехам – думаў: як бы рагаталі цяпер, убачыўшы яго, тыя людзі, што лічаць яго за такога заўсягды паважнага маладога чалавека.
А месяц, які свяціў цяпер і там, над той вышэйшаю культураю, хаваўся гэтым часам яшчэ глыбей у свой туман.
Каб болей не сядзець на холадзе няведама чаго, Лявон браў кій, усхопліваўся раптам на ўсе ногі і бег, не гледзячы, угрунь, як той ліхі казак на ворага ў атаку, з выстаўленым, як ражон, кіём, заместа пікі, і распусціўшы кажуховыя полы па волі ветру. Бег і пяяў на ўсю сілу:
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы!!!
Слова «беларусы» крычаў ён што ёсць духу, дзіка, праразліва, быццам склікаючы другіх падобных неўрастэнікаў на страшэнны гвалт.
І бег так, халяруючы, аж пакуль не выбіваўся з духу. Тады ўжо прыставаў, збаяўшыся, што можна прастудзіцца, бо аж да поту ўвагрэўся і ляціць з разяўленаю глоткаю.
І ішоў паціху, з весялейшым сэрцам, але з маленькім сорамам. Як трошку вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі.