Kitobni o'qish: «Літоўскі хутарок»
Максім Гарэцкі
ЛІТОЎСКІ ХУТАРОК
I. Худое лета выдарылася хутарку…
Худое лета выдарылася хутарку. Сядзеў ён паміж гор, і ўся ярына выгарала. Дый жа ставок, што сінеў пад гарою, блізка што высахнуў, а ў студні даўно вады не было. Гліністая дарожка, што вілася ад хутарка ўніз, вакол стаўка да Вержбалоўскага шасэ, закамянела і патрэскалася.
Па вясне хадзілі чуткі, што будуць у тутэйшых ваколіцах вялікія дзяржаўныя манёўры, сам імператар прыедзе. Газеты ж прыходзілі толькі кунігасу (свяшчэнніку), ды і то рэдка, і вайны ніхто з хутарцоў не спадзяваўся.
Калі ж познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны і забарабаніў у вакеніцу, уся сямейка мігам ускочыла і спалохалася. Нібыта прыйшло заканчэнне злыбед усяго лета.
А калі пасланец уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі, бо абвешчана вайна з прусамі, – у хаце прайшоў жах і запанавала смяценне.
– Так… вайна, знача, – неслухмяным языком сказаў Ян і пачаў рыхтавацца.
Усе маўчалі.
Ніякіх выгукаў, ніякіх пытанняў. Толькі гаспадыня, старая Даміцэля, адразу ўзяўшы ў думку сыноў сваіх: Блажыса, што апошні год у войску служыў, і Дамяніка, што ў шахтах быў, усхліпнула і дрыжачым голасам сказала дочкам:
– Збірайце бацьку ў дарогу.
Большая, Монця, узняўшыся на падушцы, з падпёртаю шчакою, быццам застыгла ў думках, а меншанькая, Ядвіська, нервова заклапаціла па хаце.
У гэту ноч ужо не заснулі.
А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, былі хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных. Звон бажніцы (цэрквы) смутна і багамаленна гукаў усіх пад'ярэмных пад купал храма да ног раскрыжаванага за словы любові і міру.
Плакаў зморшчаны сівенькі кунігас, благаслаўляючы духоўных дзяцей на шлях брані, заказуючы храбрасць у баі і літасцівасць да зможанага ворага; плакала, уздрыгваючы ўся, колькі было людзей, бажніца. Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза спасіцеля ў цернявым вянку і не ўтрымлівалі буйных слёз пагуканыя запасныя.
А на вуліцы – цёплае сонейка; пяюць без клопату птушкі, гудзяць у ліпняку пчолы. Усё – як усягды. Не даецца веры навінам.
Правадзілі… Доўга стаяла асірацелая таўпа з сівенькім кунігасам паперадзе. I ўсё яшчэ махала тым любым, што пайшлі спраўляць крывяныя хаўтуры.
– Су деў, су деў!.. (з Богам!) – Доўга шчэ адгукаліся тыя, махаючы шапкамі.
– Прашчайце! прашчайце! Схаваліся за ўзгорак.
II. Мабілізацыя канчалася…
Мабілізацыя канчалася.
Ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя: вартавала мост ад ворага з паветра. Некалькі вольных ад дзяжурства салдатаў, нібы забыўшыся, што вот-вот можа быць пераход, бойка і той свет, чаёўнічалі сабе ля вогнішча, скалілі зубы, хадзілі дажа купацца ў лужу на ставок ці шчыпалі гарох. А то, абышоўшы далёка кругом, падбіраліся да сям'і хутаранаў-літвінаў, што жалі авёс, і пачыналі заводзіць з імі знаёмасць.
Салдаты-назірачы дзівіліся ў біноклі ці трубу Цэйса і, рагочучы, абвяшчалі, што «наша бяроць», чорненькая ўжо смяецца, а беленькая не хоча і не глядзіць, – усё жне. Потым хапаліся за працу: касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх вясёласць і жарты і велічанне панам.
– Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці герман? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? – во праз што млела сэрца ў старога.
– Не клапаціцеся вы, татуля! Не прыйдзе да вас герман. Мы яго так турнём, – супакойваў яго бойкі, курносы, папсованы воспаю кастраміч.
– Ты не ведаеш, братка: прусы – народ кітры (хітры), – трывожыўся стары.
Увечары салдаты гасцявалі ў хутарку.
Нягледзячы на тое, што дзяўчаты гаварылі з «москолюсамі» ўбогай мяшанкай руска-польскіх слоў, салдаты, дзякуючы магнэчнай сіле прыгажосці, пачувалі ў сабе паўнату шчасця ад знаёмства з імі. Праўдзівая прыгажосць сярод літовак страчаецца нячаста, але прынадных дзяўчынак на Літве даволі.
Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая, Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя, круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.
Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур'ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, белыя зубы, доўгая, багатая белакурая з завіточкамі каса.
Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю.
– Куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец? – вёў за ядою гутарку малодшы феерверкер Сініца.
– А чаго мы схаваюцца? – бліскае чорненькімі вочкамі Ядвіся. Ах, каб ёй яшчэ троху слоў. – Я не бус (не буду) схаваюцца… Прусы – народ лабай гражус… прыгожы (прусы – народ дужа прыгожы).