Kitobni o'qish: «Зграя», sahifa 2

Shrift:

Яна стаяла ў хатнім халаце, непрычасаная і без касметыкі. Менавіта такой Наста падабалася Максіму больш за ўсё – сапраўднай і хатняй.

– Прывітанне.

– Прывітанне. Чаго прыйшоў?

“Груба, нават не пасміхнулася. І глядзіць на мяне не са злосцю, як падчас сварак, а з абыякавасцю. Няўжо гэта і ёсць сапраўдны канец адносін?”

– Наста, мне трэба некалькі дзён пажыць у цябе.

– Што?! Ты з глузду з’ехаў? Не хачу я з табой жыць. Гэта нейкая методыка пікапераў, ці што?

– Калі ласка, мне пагражае небяспека. Ты – маё адзінае выратаванне.

– Дык едзь да маці ў Навінкі.

– У маці ды бацькоў будуць шукаць у першую чаргу.

– Ты думаеш у былых каханак шукаць не будуць?

– Гэтыя не будуць. Напэўна. Прабач, што я так прыпёрся. Мне сапраўды патрэбна дапамога.

– А што ты нарабіў? Забіў каго? Цябе міліцыя шукае?

– Не, не міліцыя. Я не ведаю хто. Бандыты нейкія, а чаму – не ведаю. Глядзі, што зрабілі, – ён рукой задраў валасы і паказаў свае скроні з чырвонымі плямамі.

– Чым гэта яны?

– Не ведаю. Не памятаю. Але калі зловяць, наступным разам будзе горш.

Дзяўчына з хвіліну глядзела з задуменнем на былога каханка.

– Добра. Сёння і заўтра. А ў панядзелак пойдзеш на працу і не вернешся. Раскладанка ў кладоўцы. Спаць будзеш на кухні. Толькі абяцай, што не будзеш чапляцца.

– Абяцаю.

– Заходзь.

Воўчы сон

Гаўл стаяў на мяжы і чакаў. Згодна з традыцыямі, зграі маглі размаўляць толькі так – стоячы кожны на сваёй тэрыторыі. Воўк завываў тройчы, аднак дагэтуль ніхто не прыйшоў. Альбо ўсе ваўкі іншай зграі далёка і не чуюць, альбо не хочуць размаўляць.

“Буду чакаць, колькі трэба. Хто-небудзь павінны прыйсці. Ці каб размаўляць, ці каб забіць. Шляху назад няма, інакш Аўк з Грыкам з радасцю прагоняць мяне са зграі”.

Зграя Алык-Ачын, на мяжы якой сядзеў Гаўл, ніколі не была добрым суседам. За апошнія сорак гадоў яна тройчы ваявала з іншымі зграямі. Аднаго разу і з Суу-Ардун. Але вінаваціць ваўкоў Алык-Ачын у гэтым нельга. Іх зямля – пустэльня, дзе зусім мала ежы, вады і немагчыма збудаваць добрую ферму. З-за гэтага іншыя зграі не хацелі захопліваць гэту тэрыторыю – каму патрэбны камяні ды пыл? Цікава, што апошнія пятнаццаць гадоў Алык-Ачын не ваявалі.

Гаўл завыў яшчэ раз і ў гэты ж момант з лесу выбеглі чатыры вялікіх ваўкі. Трое маладых ашчэрылі зубы, выйшлі наперад. Чацвёрты, старэйшы, застаўся ззаду, ягоная пыса шчэрылася ва ўсмешцы. Гаўл не мог яго добра разгледзіць. Ён падціснуў хвост, але не сышоў з месца. Секунды ператварыліся ў хвіліны, а потым адзін з сапернікаў засмяяўся.

– Я вырашыў, што Суу-Ардун пайшлі на нас вайной. А яны нейкага калеку падаслалі. Што табе трэба, воўк? Спадзяюся, ты не па сваім жаданні сюды прыйшоў, а па ўказанні важака. Інакш жывым не сыдзеш.

– Мяне паслаў важак. Я хачу размаўляць з уладаром Алык-Ачын. А лепш выказацца на сходзе зграі.

Малады воўк ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.

– Ты мне падабаешся. Наш важак – Акіра. Скажы сваё імя.

– Я – Гаўл.

Гаўл расслабіўся. Па традыцыі, калі воўк гаворыць сваё імя, ён не будзе нападаць.

– Гаўл… Мы ведаем цябе. Наша выведка добра працуе. Ты – адзінец.

– Пад гэтай мянушкай мяне ведаюць у зграі.

– І ты хочаш, каб мы паверылі, што Грык накіруе ў якасці пасла такога, як ты?

– Яму не шкада, калі мяне заб’юць.

– Можа і так. І што хоча нам сказаць зграя Суу-Ардун?

– Я буду размаўляць альбо з важаком, альбо на сходзе.

– Калі так, то можаш гаварыць, – малады воўк азірнуўся на застылага ззаду іх старэйшага. – Акіра – важак Алык-Ачын. Нам крыўдна, што ў вас гэтага не ведаюць.

– Там – ваш важак? І ён прыйшоў на мяжу пад аховай трох ваўкоў? Гэта ж самагубства.

– Ты так лічыш? Павер, нават калі б тут было дваццаць вашых ваўкоў, перамога была б на нашым баку. Гавары, важак не хоча бавіць з табой шмат часу.

– Белыя ваўкі падышлі да межаў нашай тэрыторыі. А праз месяц ці менш яны змятуць нас і прыйдуць да вас.

Малады воўк пабег да старэйшага. Той стаў сур’ёзным. З яго пысы знікла ўсмешка. Малады хутка вярнуўся і сказаў:

– Белыя. Мы чулі пра іх. Аднак не ведалі, што яны настолькі блізка. Добра, Гаўл, праходзь на нашу тэрыторыю. Табе дадзены дазвол. Між іншым, ты станеш першым ваўком за дзвесце гадоў, які прыйшоў да нас не з вайной.

5.

Макс прачнуўся ад кухонных гукаў – сквірчэнне алея, стук патэльні, пасвістванне чайніка. Ён раскрыў вочы і пабачыў Насту, якая пякла бліны. Яна паглядзела на хлопца.

– Без мяне звыкся спаць да дванаццаці гадзін?

– З табой я падымаўся раней, бо было чым раніцай заняцца.

– Не хочаш расказаць, што ў цябе здарылася і хто гэтыя бандыты? – Наста праігнаравала яго словы.

– Хачу, ды не ведаю як. Сам яшчэ не ўсё зразумеў.

– Я ноччу ўставала. Ты ў сне размаўляў. Нешта пра ваўкоў. Не памятаю за табой такога.

– Гэта так, прыснілася нешта. Мабыць ад стрэсу.

– Сядай есці. Так і быць, пакармлю цябе, а то з голаду памрэш.

– Яшчэ раз дзякуй, што дазволіла застацца.

– Няма за што. Не разлічвай толькі, што гэта нешта мяняе ў нашых адносінах.

– Я і не разлічваю.

Максім сеў і стаў з апетытам есці. Ён так і не навучыўся гатаваць блінцы, асабліва тонкія. А за апошнія месяцы наогул не частаваўся нармальнай ежай – адны пельмені ды яечня з сасіскамі.

– Смачна есці! – сказалі з дзвярэй кухні.

Хлопец пазнаў голас, хацеў усхапіцца, ды не паспеў. Яго схапілі за патыліцу і моцна ўдарылі тварам аб стол, потым яшчэ раз. Максім адчуў як з носа пацякла кроў. Наста закрычала і нязваны госць кінуўся да яе, ўдарыў дзяўчыну ў жывот. Яна сагнулася папалам, усхліпнула і прысела, пасля апусцілася на карачкі.

Макс падняў твар і ўбачыў белабрысага з тройцы. Ягоных хаўруснікаў побач не было.

– Што, збегчы надумаў? Лічыш нас дурнямі? Думаў, не знойдзем цябе? Ты належыш нам, запомні. Мы можам даць усё, што хочаш, альбо зрабіць тваё жыццё невыносным! А гэта што за баба? Каханка?

Максім хацеў падняцца і кінуцца на белабрысага. Аднак той быў хутчэйшым – падскочыў, схапіў хлопца за шыю і ўзняў у паветра.

– Я лічу, не трэба з табой лясы тачыць. Калі з першага разу не зразумеў, то ўсе пытанні вырашым па даросламу. Некалькі маіх урокаў, і ты да канца жыцця будзеш слухацца, што рабіць далей. А цяпер…

Наста ззаду засадзіла ў шыю белабрысага нож. Ягоныя пальцы аслаблі, і Максім паваліўся на зямлю, хапаючы ротам паветра. Белабрысы лёгка выцягнуў нож і павярнуўся да дзяўчыны. Наста забілася ў вугал паміж падаконнем і халадзільнікам, рукамі захіліла твар з галавой і закрычала. Белабрысы рэзкім рухам загнаў лязо нажа ў грудзі Насты.

– Сядзела б на месцы і не варушылася – засталася б жывой.

Дзяўчына асунулася па сцяне, захрыпела. Сэрца Максіма моцна забілася, пераганяючы кроў, насычанаю адрэналінам, у вачах пацямнела. Ён адштурхнуўся нагамі, усёй вагай кінуўся на забойцу і рукамі штурхануў яго ў акно. Белабрысы коратка рыкнуў і, разбіўшы двайныя шыбы, паляцеў уніз.

Макс нахіліўся над Настай. Яе вочы замёрлі і не міргалі. Кроў залівала падлогу маленькай кухні. Дзяўчына была мёртвая.

***

Міліцыя прыехала праз дваццаць хвілін – суседзі паскардзіліся на шум і разбітае шкло. На Максіма надзелі кайданкі і вывелі з пад’езду, нахіліўшы тварам у падлогу. Хлопец спытаўся – ці знайшлі яны труп забойцы. Яму нічога не адказалі.

Воўчы сон

Горад Алык-Ачын месціўся на кругавой пляцоўцы, з усіх бакоў абкружанай каменнымі скаламі. Адзіны праход ахоўвалі два ваўкі. Гаўл ішоў у акружэнні трох маладых ваўкоў. Старэйшы воўк – важак Акіра – ішоў досыць далёка наперадзе іх. Гаўл заўважыў, як нізка нахілілі галовы ахоўнікі, калі пабачылі Акіру. Гэтаксама ўсе ваўкі паводзілі сябе і ў горадзе.

– Бачу, вашага важака вельмі паважаюць.

– Яшчэ б. Гэта не звычайны важак, а каралева, – ухмыльнуўся малады воўк побач.

– У сэнсе – каралева?

“Каралева – значыцца ваўчыца. Ваўчыца кіруе зграяй ваўкоў? Гэта ж немагчыма!”. Гаўл здзіўлена паглядаў на свайго суправаджаючага і на Акіру паперадзе. Як ён не змог адчуць, што гэты воўк – жанчына? Зрэшты, між імі была немалая адлегласці і тады, і цяпер. Але ж – за ўсю гісторыю ягонай зграі ніколі ваўчыцы нават дарадцамі не станавіліся. Гэта было… немагчыма. Тое ж самае, каб важаком стаў, напрыклад, зубр.

Яны падышлі да вялікай будыніны, якая ўздымалася не менш чым на дзесяць галоў, а шырыня даходзіла да дваццаці хвастоў. Складзена яна была з невялікіх прастакутных камянёў, якія змацоўваліся між сабой нейкім шэрым растворам.. Уваход ахоўваў стары вялікі воўк са мноствам шнараў на пысе.

Гаўл упершыню бачыў такую пабудову. У горадзе іх зграі хата важака была меншая разоў у пяць.

Там Акіра спынілася, азірнулася і пачакала Гаўла і ягоных ахоўнікаў.

– Каралева – значыцца уладарыня, – зірнула Акіра на Гаўла. – А гэта мой палац – заходзь.

У палац яны зайшлі толькі ўдвух – маладыя ваўкі засталіся звонку. Знутры пабудовы было вялікае памяшканне, адкуль можна было прайсці ў іншыя пакоі. Па цэнтры месцілася лесвіца на другі паверх.

– Вы будуеце шматпавярховыя хаты?

– Я ж сказала – гэта не хата, а палац. Пайшлі ў мае пакоі.

Акіра пачала падымацца па лесвіцы на другі паверх, Гаўл паспяшаўся за ёй. На вяршыні лесвіцы сядзеў яшчэ адзін стары воўк са шнарамі. Ён нізка нахіліў галаву і сказаў:

– Мая каралева, якія будуць загады?

– Нічога не трэба. Праз гадзіну прынясіце нам ежу.

– Слухаюся.

– Пайшлі, Гаўл.

Праз невялікі праём яны апынуліся ў доўгім пакоі, падлога якога была засланая скурамі зуброў. У адным з кутоў месціўся ложак са шкурак трусоў. Акіра прайшла да невялікага драўлянага стала ў цэнтры.

– Кажы, навошта Грык паслаў цябе сюды? Як вы хочаце змагацца з белымі?

– Ёсць толькі адзіны шанец перамагчы. Яны мацней нас і іх больш. Ніводная зграя ў адзіночку не выстаіць. А таму трэба аб’яднацца.

– Прапануеш, каб дзве зграі біліся разам?

– Так.

– Хочаш сказаць, Суу-Ардун запросіць нашых ваўкоў на сваю тэрыторыю, падзеліцца ежай і вадой?

– На час бойкі. Потым усё будзе па-старому. Таму я і прапанаваў склікаць сход, каб ваўкі вырашалі, ці пагадзіцца на нашу прапанову.

– Гаўл, ты так і не зразумеў? Я не важак, а каралева.

– Не ведаю, што гэта значыць. Я не чакаў, што кіраўніком зграі можа стаць ваўчыца. Аднак, калі вы пагадзіцеся на прапанову, то мне ўсё роўна.

– Каралева – не тое ж самае, што важак-жанчына. Каралеве не патрэбна згода іншых ваўкоў. Любое маё рашэнне – закон для іншых.

Гаўл разгубіўся і апусціў галаву ніжэй, чым звычайна.

– Як гэта? Такога не можа быць…

– Усё магчыма. І я не першая каралева Алык-Ачын. Да гэтага каралевай была мая маці, якая забіла апошняга важака. Пасля яе смерці ўлада перайшла да мяне ў спадчыну.

– Не разумею. Гэта ж парушае ўсе традыцыі. Мала таго, што ваўчыца стала уладаром над зграяй, дык і наступным важаком стала яе дачка, ды без бойкі…

– Традыцыі не каштуюць нічога. У нашай зграі быў выбар – загінуць у войнах з іншымі зграямі, ці цалкам змяніць тыя самыя традыцыі на новыя. Заставайся маім госцем да заўтра і я ўсё раскажу. Наконт тваёй прапановы – мы згодныя. Але каштаваць гэта будзе шмат.

Гісторыя пра ваўчыную каралеву

Мяне клічуць Акіра. Такое імя было ў маёй маці. Таму ваўкі між сабой называюць мяне Акіра Другая. Я не крыўджуся. Бо імя нічога не значыць без адносін. А мяне паважаюць.

Не буду расказваць пра апошнюю вайну. Яна, напэўна, была падобнай да любой іншай вайны – ваўкі ды ваўчыцы без шкадавання забіваюць адно аднаго. Бо так павялося ад самага з’яўлення ўсіх ваўкоў: твая зграя – гэта сям’я, а іншая зграя – ворагі.

Я раскажу пра заканчэнне вайны. Тую гісторыю, якую расказала мне маці. Ворагі Алык-Ачын адпомсцілі нам, пераможаным. Забралі ўсю ежу ды спалілі нешматлікія драўляныя пабудовы. Але не спыніліся на гэтым. Відаць, жадалі, каб тут засталася мёртвая пустэльня. А таму забілі ўсіх ваўчанят. І наша зграя, дакладней тыя шэсць дзясяткаў ваўкоў, якія ад яе засталіся, стаялі і бездапаможна на гэта глядзелі. Інакш загінулі б усе. Чужыя абшукалі кожную хату, нару ды дзірку ў зямлі і загрызлі ўсіх шчанюкоў. Іх мёртвыя целы зацягнулі да сярэдзіны горада і сышлі.

Мы злаваліся, але не на ворагаў. Разумелі, што на іх месцы зрабілі б тое ж самае. Нас не задавальняла становішча галодных і слабых. Мы хацелі жыць, як астатнія зграі, хацелі дабрабыту і міру. І ў гэты момант агульнай роспачы да мёртвых шчанюкоў выйшаў важак і стаў гыркаць:

– Нічога, ваўчыцы новых нарадзяць. А праз пяць гадоў мы зноў пойдзем на вайну і адпомсцім.

Ваўкі і ваўчыцы глядзелі на яго і не разумелі – што ён кажа. Які дурань пасля перажытага захоча ваяваць? А ён не спыняўся.

– Мы прыйдзем у іх горад, заб’ём шчанюкоў, а пасля згвалтуем ваўчыц. А іх тэрыторыі стануць нашымі. Мы знішчым кожнага ваўка чужой нашай зграі.

Мая маці не вытрымала і кінулася ўперад. Схапіла важака за шыю, пракусіла скуру і паваліла на зямлю. Важак быў вялікім ваўком, самым моцны з тых, хто застаўся. Аднак на баку маці былі нечаканасць і гнеў. Ён кінуўся ўбок і вырваўся з яе пашчы. Кроў лілася ручаём, заліла мёртвых дзяцей. Важак стаяў над імі і цяжка дыхаў. Нахіліўся, каб скокнуць, ды не здолеў, упаў і не змог ужо падняцца на ногі.

Ваўкі і ваўчыцы, старыя і маладыя нічога не сказалі маёй маці ў той дзень. І ў наступны таксама. Усе працавалі – хавалі целы мёртвых, адбудавалі жытло, паляўнічыя здабывалі ежу, каб пракарміць зграю. А потым нехта з ваўкоў падышоў да маці і спытаў – як яна лічыць, ці будзе бяспечным ісці на паляванне да мяжы. Праз дзень іншы воўк спытаўся – дзе лепш трымаць параненых ваўкоў і што рабіць з калечанымі. А праз тыдзень маці зразумела, што вырашае ўсе пытанні зграі. Яе прызналі уладаром.

Не, гэта не спужала, наадварот. Яна зразумела – так павінна быць. І ў хуткім часе перабралася ў будку былога важака і паклікала сход. На ім яна абвясціла, што наракае сябе каралевай. І з гэтага дня ваўкі больш не будуць кіраваць зграяй Алык-Ачын – толькі ваўчыцы.

Думаю табе цікава, як мы дайшлі да традыцый, пра якія ты сёння даведаўся. Маці мне расказвала. Калі ў нас засталося мала ваўкоў і зусім не засталося шчанюкоў, зграя Алык-Ачын упершыню была сытая. Наша зямля, тэрыторыя, адведзеная лёсам, лёгка магла пракарміць шэсцьдзесят ваўкоў, ды пакідала галоднымі чатырыста. Таму, каб жыць сярод нас і быць нашым братам ці сястрой, мала нарадзіцца ў зграі. З першага дня жыцця трэба даказваць сваю карысць.

Кожны шчанюк нашай зграі змалку вучыцца паляваць, будаваць і біцца. У бойцы адзін на адзін мой воўк лёгка пераможа вашага. Нават калі з нашага боку будзе ваўчыца ці сямнаццацігадовы стары.

Праўда, кошт такой моцы вялікі. Не кожная зграя пагодзіцца яго плаціць. І не кожная зграя заключыць з намі дамову. Таму заўтра, калі сустрэнешся са сваім уладаром, раскажы яму пра ўсё, нічога не хавай. Калі ён прыме нашу прапанову, мы станем хаўруснікамі. Калі не, то праз месяц ці два мы будзем самастойна біцца з белымі, якія пройдуць праз вашу тэрыторыю так лёгка, як зубы маёй маці прайшлі праз шыю нашага важака.

6.

Максім чацвёрты раз адказваў на адны і тыя ж пытанні – імя, прозвішча, у якіх стасунках знаходзіўся з забітай, як апынуўся ў кватэры, чаму адбылася сварка, ці ўжываў алкаголь або псіхаактыўныя рэчывы, ці меў судзімасці, навошта прынёс нож у заплечніку. Змянялася толькі паслядоўнасць пытанняў. Следчыя з першага позірку прызначылі яго забойцам і хацелі, каб хлопец напісаў “чістосердечное”. Вінаваціць іх за гэта было цяжка – цела белабрысага не знайшлі, у кватэры была кроў Насты і яго – парэзаўся, калі выцягваў нож з яе грудзей. Веб-камера, якую ўсталяваў у пад’ездзе адзін з суседзяў, не зафіксавала нікога чужога.

“Напрошваецца адзіны вывад – губляю розум. Можа, сапраўды я забіў Насту? А тройца, ваўкі, цемнаскурая дзяўчына – мая хворая фантазія?”

– Прапаную апошні раз – напішыце прызнанне. Вам жа лепш будзе, пазбегнеце вышэйшай меры пакарання.

У адказ Макс пахістаў галавой. Адзіны, каму стане лепш ад яго “чістосердечного” – гэта сам следчы.

– Ваша права. Потым не трэба бегаць і скаргі з апеляцыямі падаваць. Зараз да вас прыйдзе адвакат. Можа ён дасць вам правільную параду.

– У мяне ёсць адвакат? Я ж не наймаў.

– Значыць, нехта іншы наняў.

Яго адвакатам быў дзіўнаваты бялявы альбінос з зачэсанымі назад валасамі. На скуры снежнага колеру не было ніводнай зморшчынкі, а вочы свае ён хаваў за круглымі чорнымі шкельцамі акуляраў.

– Прывітанне, Максім. Мяне завуць Філіп Гаўл і я буду вашым адвакатам.

Максу падалося, што яго падманвае слых.

– Паўтарыце, калі ласка, ваша прозвішча?

– Гаўл. Спадар следчы, дазвольце перамовіцца са сваім кліентам сам насам?

Калі яны засталіся адны, Філіп нізка нахіліўся да Максіма і зашаптаў.

– А цяпер слухай: я ведаю ўсё і пра цябе, і пра ваўкоў. Нам трэба збегчы адсюль, інакш трое тваіх блізкіх сяброў хутка прыйдуць у госці. А з-за кратаў ты далёка не збяжыш. Таму выконвай усё, што я скажу.

Адвакат разарваў падкладку пінжака, дастаў адтуль крэм, адкрыў і пачаў намазваць твар Максіма.

– Не варушыся, усё сапсуеш.

Следам за тварам Філіп абмазаў рукі Максіма. Затым зняў з сябе валасы, якія аказаліся парыком, і начапіў яго на галаву хлопца. Тое ж самае зрабіў з акулярамі і пачаў распранацца.

– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.

Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.

– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.

– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?

– Ні аб чым не хвалюйся.

***

Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На куце стала ляжаў ліст:

”Максім, частуйся, адпачывай, чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся”.

Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчоках паліліся слёзы. Упершыню за апошнія дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Ці сапраўды ён любіў Насту, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне, якое ніколі б не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта ўжо не даведаецца.

“Такое адчуванне, што гэтую тройцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла дзяўчына Ася. І Наста таксама. Такім чынам, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі таго малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”

Воўчы сон

– Чакай, Гаўл. Вельмі шмат навін для аднаго дня. Хочаш сказаць, іх важак – ваўчыца?

– Так. Толькі не важак, а каралева. Доўгі час кожны новы важак-воўк не мог вырашыць – як выратаваць зграю ад голаду. Тэрыторыя, на якой яны жывуць – гэта сапраўдная пустэльня. Там вельмі мала жывёл, а таму стагоддзямі яны жылі ў голадзе. Нават зубры, калі мігрыруюць на поўдзень, мінаюць іх землі. І пасля чарговай вайны, калі зграя Алык-Ачын пацярпела паразу і варожыя ваўкі забілі ўсіх іхных шчанюкоў, адна з ваўчыц забіла важака. І, згодна з традыцыямі, заняла яго месца. Яна змяніла зграю.

– Якім чынам?

– Ваўчыца нараджае ад трох да васьмі шчанюкоў. Гэта немагчыма кантраляваць. З-за гэтага зграя Алык-Ачын не магла сябе пракарміць. А таму… Мне цяжка гэта гаварыць і яшчэ цяжэй у такое паверыць. З аднаго прыплоду, якім бы вялікім ён ні быў, яны пакідаюць двух ваўчанят, самых здаровых і моцных – астатніх забіваюць. А калі ўсе малыя ды кволыя, што іншы раз бывае, калі ваўчыца нараджае восем шчанюкоў, могуць забіць усіх.

– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?

– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.

Грык засмяяўся.

– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?

– Так.

– І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?

– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.

– І што яны сказалі наконт аб’яднання?

– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак, яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашы паляўнічыя надзелы.

– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.

– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…

– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?

– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.

Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то зграя Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучым кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.

– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?

Адзінец апусціў галаву.

– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі зграямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаць гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.

Аўк узняўся на ногі і загыркаў.

– Гэта немагчыма. Мы заўсёды паважалі старых. Яны пражылі сваё жыццё так, каб пасля іх маглі добра жыць мы. Хай імі кіруе ваўчыца, хай яны забіваюць сваіх ваўчанят – з усім можна пагадзіцца. Акрамя забойства старых. Я супраць аб’яднання з гэтай зграяй, Грык. І калі ты думаеш іначай, то я не магу заставацца тваім сябрам і дарадцам. Бо, ты ж разумееш, у іх зграі я б даўно загінуў.

Грык думаў. Не пра словы Аўка, а пра саму магчымасць аб’яднання двух зграй. Ніколі такога раней не было і, мабыць, калі іх з’ядуць белыя, ніколі не будзе. Гэта ідэя не проста парушае нейкія там традыцыі. Усе зграі маюць падвойную назву – Суу-Ардун, Алык-Ачын, Агыр-Санан, Кер-Адына і іншыя. Першае слова – імя ваўка-бацькі, першага важака. Другое слова – імя ваўчыцы, якая нарадзіла ваўчанят, якія і сталі зграяй. А калі яны аб’яднаюцца, што тады? Ператворацца, хай і часова, у Суу-Ардун-Алык-Ачын?

– Я пачуў цябе, Аўк. І цябе таксама, Гаўл. І, як важак, павінен рабіць тое, што будзе лепш для зграі, нягледзячы на нашы традыцыі і забабоны. Прабач мяне, стары сябар – мы прымаем прапанову Акіры.

Аўк нічога не сказаў і выйшаў з будкі Грыка.

– Цяпер, Гаўл, ты станеш маім дарадцам. Ідзі назад і раскажы пра ўсё Алык-Ачын. А потым паспрабуй замацаваць свой поспех з іншымі зграямі.

– Дзякуй, уладар. Для мяне вялікая пашана – быць тваім дарадцам. Зусім запамятаваў – Акіра сказала, што цяпер іх зграя завецца проста Ачын.

– Ачын… Як цікава. Яны адмовіліся ад імя бацькі-важака. Спадзяюся яны сапраўды такія добрыя воіны, як ты расказваеш. Інакш нядоўга мне быць важаком.

7.

Філіп прыйшоў з міліцыі праз чатыры гадзіны. На запытальны позірк Максіма падміргнуў і весела адказаў:

– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.

На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Баляславу, якую ў іх сям’і клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінос.

Размаўляць пра ваўкоў ды тройцу Філіп, не паеўшы, адмаўляўся, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў, як хутка есць суразмоўца.

– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?

А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.

– Цяпер пытай.

– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?

– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.

– Што значыць – наглядальнік?

– Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.

– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?

– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.

– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?

– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму ўсім іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне – заўсёды аднолькавыя. Маці цягала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.

– Дык табе сняцца ваўкі?

– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэальнасці. А потым пазнаёміўся з тройцай.

Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.

– Хто яны?

– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.

– Ты іх не баішся?

– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу тройца мяне пазбягае.

– Мяркуеш, яны спужаліся? Мая дзяўчына…

Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, якіо яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё быццам цунамі накрыла яго, і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла ўсе іншыя пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.

– Прабач. Я…

– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.

– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?

– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – тройцай, мной і табой ёсць сувязь.

– Значыць, я параніў белабрысага, калі выштурхнуў яго з акна?

– Упэўнены ў гэтым.

– Тады наступным разам я заб’ю яго.

– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.

– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.

– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.

Гісторыя пра апавядальніка

Хлопчык, назавём яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. Якраз у тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – мала карыснага расло на ёй. Адзін бур’ян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.

Іван жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.

Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа, нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.

Колькі памятаў сябе, Іван быў пастухом у полі. Яму трэба было не столькі глядзець за жывёламі, колькі адпужваць ваўкоў. Рабіць гэта было няцяжка – бярэш дзве драўляныя, гладка ачасаныя пласціны і моцна б’еш адна аб адну. Гук атрымліваецца падобным на стрэл і ваўкі пужаюцца.

Кожную раніцу Іван падымаўся да ўсходу, а клаўся спаць пазней за ўсіх у хаце. Не дзіва, што аднойчы хлопчык не вытрымаў і, выгнаўшы авечак у поле, заснуў. Ачуняў праз чатыры гадзіны ад мужчынскіх крыкаў. Вялікая зграя галодных ваўкоў напала на статак і загрызла трыццаць авечак. Вяртанне дадому праз усю вёску стала для хлопца сапраўдным выпрабаваннем. Нехта пляваў у твар, іншы біў смярдзючай анучай, а адна старая выліла на яго памыі. Дома на хлопца накінулася маці, узяла дубец і біла яго па нагах і руках, прыгаворваючы:

– Лепш бы цябе ваўкі забралі і з’елі. Нам бы менш ратоў карміць і вёска вольна б уздыхнула. Каб ты здох, нягоднік. Скажу старасце – хай прагоніць цябе з вёскі.

Адступіла яна, калі ад біцця яе рука знямела. Іван ляжаў на падлозе і плакаў. Не столькі ад болю, колькі ад невыносных слоў.

– Ціха, Ванечка, не трэба плакаць. Жыццё пераменлівае. Сёння яна цябе б’е, а заўтра палюбіць. Хадзем лепш да мяне – раскажу казку.

Дзед пагладзіў хлопца па галаве, падняў на руках і аднёс у ложак.

– Не плач, Ванька. Во бяда – ваўкі авечак пагрызлі. Ды колькі я жыву, года не было, каб шэрыя кагосьці не загрызлі. Людзі галадаюць і ваўкі таксама. Мы хочам жыць і яны Хочуць. Але калі малое ваўчаня не здолее забіць вялікага зубра, ніхто з роднай зграі не будзе кусаць яго за гэта.

Слёзы высахлі на шчоках Вані, ён уважліва слухаў дзеда.

– А ты бачыў нашага старасту? Да кіраўніцтва з горада ліслівы, нібы парасё ў маці цыцку выпрошвае. А як да сваіх адносіцца? Слова добрага не пачуеш! Ды й які з яго кіраўнік? У мінулым годзе адмовіўся збожжа купляць, якое можа на нашых землях расці. Сказаў: “І так пражывём”. Ён то пражыве, а мы – не. А сярод ваўкоў у зграі важаком становіцца заўсёды самы моцны і самы разумны. Той, хто ведае, як і дзе паляваць, куды ісці, каб паляўнічыя цябе не злавілі. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Не тое, што ў нас.

– Дзед, атрымліваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?

– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.

– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?

– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.

Ваня працягваў заставацца пастушком і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак, з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядзе ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.

4,6
5 baho
Yosh cheklamasi:
12+
Litresda chiqarilgan sana:
21 iyul 2023
Yozilgan sana:
2023
Hajm:
180 Sahifa 1 tasvir
Mualliflik huquqi egasi:
Автор
Yuklab olish formati:
Matn, audio format mavjud
Средний рейтинг 4,6 на основе 21 оценок
Matn
Средний рейтинг 0 на основе 0 оценок
Matn
Средний рейтинг 3,6 на основе 18 оценок
Matn
Средний рейтинг 5 на основе 2 оценок
Matn PDF
Средний рейтинг 5 на основе 2 оценок
Matn
Средний рейтинг 0 на основе 0 оценок
Matn, audio format mavjud
Средний рейтинг 4 на основе 5 оценок
Audio
Средний рейтинг 0 на основе 0 оценок
Matn, audio format mavjud
Средний рейтинг 4,6 на основе 5 оценок