Kitobni o'qish: «Зграя»

Shrift:

1.

Гэта гісторыя пачалася ў звычайнай кавярні на ўскрайку горада. Максім Строцаў, такі ж звычайны, як і кавярня, жыхар Мінска, сядзеў за столікам у цёмным кутку з келіхам светлага піва і перапісваўся з дзяўчынамі ў сацыяльных сетках. Калі б не алкаголь, ён бы зараз не пісаў нікому. Але два праміле разганялі кроў і галава не паспявала кантраляваць учынкі. Так ён праводзіў усе пятніцы з тых часоў, як яго кінула Наста. Да закрыцця заставалася сорак хвілін і хлопец не спяшаўся. Наперадзе былі доўгія выхадныя, на якія ён нічога не планаваў. А насамрэч – не захацеў планаваць.

“Наста, я вельмі моцна сумую. Прабач за ўсё, давай паспрабуем яшчэ раз. Я стану іншым. Абяцаю” – набраў ён паведамленне для былой. Але не паспещ адправіць – выратавала цёмнаскурая незнаёмка, якая села насупраць. Яе рукі падрыгвалі, з рукавоў курткі сцякала вада. Ад нечаканасці хлопец толькі і вымавіў:

– Прывітанне. Усё добра?

І адразу зразумеў сваю памылку: "Што за дурное пытанне? Відаць жа, што не ўсё ў парадку". Але незнаёмка не заўважыла пытання.

– Хочаш выпіць? Я пачастую…

Дзяўчына маўчала. Макс захацеў сысці – такое знаёмства не наўрад ці гарантавала добры працяг вечара. Яго рука пацягнулася ў кішэню за гаманцом, калі яна загаварыла.

– Мяне завуць Лена і я распавяду табе гісторыю пра ваўкоў.

Макс здзівіўся добрай беларускай мове ад дзяўчыны замежнага выгляду. Хацеў сказаць камплімент і не здолеў. Ён праваліўся ў аповед.

Гісторыя пра ваўкоў

Сусвет бясконцы, і існуе бясконцая колькасць іншых бясконцых сусветаў. І ў адным з іх, які вельмі падобны на наш, самымі разумнымі жывёламі сталі ваўкі.

Яны жылі разам, палявалі, вырошчвалі и выхощвали шчанят. Аднойчы ваўкі зайшлі так далёка на поўнач, што ежы стала не хапаць. Тады ўся зграя падзяліліся на пары, ваўкоў і ваўчыц, якія разышліся па планеце. У іх з’явіліся свае краіны – зграі. Ваўкі адной зграі паходзілі ад двух агульных продкаў. Традыцыі забаранялі пераходзіць межы чужой тэрыторыі, нават калі ад гэтага залежыла жыццё. А калі нехта парушаў межы – пачыналася вайна.

Сусвет ваўкоў быў ня дрэнным і ня добрым. Яго гаспадары жылі, як ўмелі. Але некалькі гадоў таму на поўначы іх света з’явіліся ваўкі з белай поўсцю. Яны былі ў два разы большымі па памерах, злымі і не ўмелі размаўляць са звычайнымі ваўкамі. Белыя нападалі на зграі сваіх шэрых братоў, забівалі ўсіх да апошняга шчанюка і жэрлі іх мяса.

Белых было шмат. Яны лёгка перамагалі адну зграю за другой. А калі нехта з шэрых заставаўся жывы і шукаў выратавання на зямлі іншай зграі, яго альбо праганялі, альбо забівалі свае ж.

Здавалася, рана ці позна белыя спыняцца. Заваююць столькі зямель, што там змогуць жыць мільёны ваўкоў. Аднак яны ішлі далей на поўдзень. Зграі змагаліся і гінулі, а на іх месцы пачыналі жыць белыя ваўкі. Яны нічога не стваралі, не будавалі, не гадавалі шчанюкоў. Толькі разбуралі свет.

За чатыры гады белыя захапілі палову планеты. І ніводаня зграя не магла перашкодзіць ім. Бо ніхто не ведаў, як з імі біцца і як перамагаць.

Наступнай на іх шляху на поўдзень была зграя Агыр-Санан. Яна жыла сярод высокіх лясоў, дзе вадзілася шмат жывёл. Кожны год з поўначы на поўдзень праз іх землі мігравалі зубры, а з захаду на ўсход два разы на месяц перасоўваліся антылопы. Ежы было шмат. Да таго ж ваўкі Агыр-Санан навучыліся захоўваць мяса так, каб яно не псавалася шмат месяцаў. Гэта сакрэт яны аберагалі ад іншых зграй і пазбягалі любых кантактаў з чужымі ваўкамі, жылі замкнёна і не цікавіліся – што робіцца за межамі іх тэрыторыі. І пра белых яны даведаліся, калі тыя прыйшлі і сталі забіваць іх ваўчанят.

Агыр-Санан біліся з жарсцю. Але што могуць зрабіць чатырыста ваўкоў супраць дзесяці тысяч? Шэрыя схаваліся за сценамі горада. Са сваімі запасамі ежы яны маглі вытрымліваць асаду на працягу года. Але драўляная брама не спыніла белых. Яны грызлі яе, з разбегу кідаліся целамі, білі галовамі нібы таранам. І за гадзіну прабілі дзіру. Як толькі першы воўк з белай поўсцю прабіўся ў горад, лёс Агыр-Сану быў прадвызначаны. Выратавалася шэсць шэрых ваўкоў. Яны збеглі на поўдзень, на зямлю іншай зграі.

Белыя спыніліся, каб адсвяткаваць перамогу – жэрці целы шэрых ваўкоў. Гэтага хопіць ім на месяц, а потым яны пойдуць далей. На іх шляху ляжаць землі зграі Суу-Ардун. Іх тэрыторыя – вузкі перашэек, які злучае два кантынента. Калі белыя пераадолеюць яго, то адкрыецца шлях да паўднёвых зямель. І яны заб’юць усіх, чый колер поўсці адрозніваецца ад іхняга.

***

– Я не ведаю, што будзе далей. Даведайся працяг і раскажы наступнаму апавядальніку.

Максім сядзеў аслупянелы. У галаве пракручваліся жудасныя сцэны – ваўкі разрываюць адно аднаго, усюды ліецца кроў, белая поўсць становіцца чырвонай. Гісторыя дыяфільмам пракручвалася перад ім.

Праз хвіліну ён ачуняў. Цёмнаскурая незнаёмка сядзела на сваім месцы. Ён успомніў апошнія яе словы.

– Працяг? Ну…

– Не, ты яшчэ не ведаеш. Пачакай крыху. І прабач мяне.

– Прабачыць? За што? Ты казала цябе Лена завуць? Можа, сустрэнемся на тыдні?

Дзяўчына паднялася і сышла. Максім пасміхнуўся і здзівіўся сам сабе – з чаго б яго захапіла недарэчныя гісторыя пра нейкіх ваўкоў. Дый дзяўчына не адпавядала ягоным густам. Ён дапіў піва, пакінуў грошы па рахунку і пайшоў дадому.

Воўчы сон

Грык са злосцю думаў пра будучыню. Белыя былі на самай мяжы і наўрад ці спыняцца. Калі верыць аповедам палонных, у іх не было мэты – толькі голад. Яны нікога не шкадавалі, не шлі на перамовы – адразу кідаліся ў бойку.

На мінулым тыдні шэсць ваўкоў са зграі Агыр-Санан перайшлі мяжу і расказалі ўсё, што ведалі пра белых: яны ў некалькі разоў большыя па памерах, б’юцца да смерці, не адчуваюць боль, а іх поўсць і таўстую скуру немагчыма пракусіць. Белыя не проста забівалі шэрых ваўкоў, а адразу ж іх жэрлі. І выратавання няма, бо нават самая вялікая зграя ў свеце налічвае менш за восем соцен ваўкоў, а белых – тысячы.

Гнеў пазбавіў Грыка страха, але воўк ведаў, што гэта ненадоўга. “Адкуль яны ўзяліся? Нават з трусавымі фермамі адзін паляўнічы надзел не можа пракарміць тысячу ваўкоў. А яны прыйшлі з поўначы, дзе па легендам немагчыма гадаваць жывёл, можна толькі паляваць. Ды й на каго? Паданні гавораць, што там жывуць белыя мядзведзі, якія самі каго хочаш з’ядуць”.

У хату зайшоў Аўк – былы важак зграі. Ён саступіў сваё месца Грыку, калі зразумеў, што састарэў і ў чэснай бойцы за ўладу не адолее свайго суперніка.

– Аўк, што нам рабіць? Праз месяц ці хутчэй белыя прыйдуць на нашу зямлю. Нас чатыры сотні разам са старымі і шчанюкамі. А іх – тысячы. Мы не пераможам.

– Не ведаю. За ўвесь час, што я кіраваў зграяй, галоўнай праблемай была міграцыя зуброў. Мы шмат гадоў не ваявалі з іншымі зграямі, не пашыралі тэрыторыю і не галадалі. Трэба набіраць войска, хаця б невялікае – сорак-пяцьдзясят моцных ваўкоў. Хай ахоўваюць мяжу. Яшчэ б трох-чатырох я адправіў на выведку. Трэба ведаць, калі белыя пойдуць на нас.

– Войска… Адкуль мне ўзяць столькі вольных ваўкоў? Усе працуюць ці на фермах, ці ў горадзе, ці палююць. Добра, калі дзесяць знайду. Ды й яны нават разам не адолеюць хаця б аднаго з тых…

– Пабудуем сцяну. Яна спыніць белых.

– Ведаю, ужо даў загад. Ды не паспеем. Ты ж чуў пра іх памеры. А значыцца і сцены павінны быць вышынёй больш за чатыры галавы, інакш пераскочуць. А за месяц мы добра калі паспеем палову ад такой вышыні збудаваць. Прасцей канал прарыць, які б аб’яднаў заходняе і ўсходняе мора.

– Хопіць вышыні ў дзве галавы. Адразу ўсе пераскочыць сцяну не паспеюць. І калі адны скокнуць на тэрыторыю горада, а іншыя будуць рыхтавацца, мы першых паспеем забіць. Потым адаб’ём другую хвалю, трэцюю… Пакуль не пераб’ем усіх.

– Нават калі так будзе і ніхто з нашых не загіне ў першай бойцы, мы зморымся. Яны перамогуць колькасцю. А калі і паспеем сцены да канца збудаваць, ежы ў горадзе хопіць на тыдзень. А потым што? Саміх сябе жэрці будзем?

– А можа не ўсё, што нам расказалі – праўда? Верыць ваўкам чужых зграй апошняя справа.

– Аўк, мы ж забілі іх. Думаеш, яны б сталі ілгаць, ведаючы пра немінучую смерць?

– Забілі, бо гэтыя ваўкі прыйшлі на нашу зямлю без дазволу і парушылі ўсе традыцыі. За такое альбо выгнанне, альбо смерць.

– Гэта мяне і пужае – яны пагадзіліся памерці, абы не трапляць у кіпцюры белых.

Аўк лёг на падлогу і паклаў галаву на лапы. Так ён паказваў – размова скончана.

– Грык, я не важак. Саветы мае ты пачуў. Вырашаць табе. Што ты лічыш нам трэба зрабіць?

– Нічога. Самае лепшае перайсці на тэрыторыю іншай зграі і памерці. Так нас хаця б пасля смерці не з’ядуць, а пахаваюць.

– Ты не зробіш гэтага.

– Чаму ж? Мы ў любым выпадку загінем. Якая розніца, хто нас заб’е – свае ці чужыя?

– Ты ўладар, аднак мой савет – склікай агульны сход зграі. Трэба ўсім паведаміць, што нас чакае.

– Добра, Аўк. Склікай усіх.

Стары воўк выйшаў з будкі і праз хвіліну пачуўся вой. Ён разнясецца на дзясяткі кіламетраў і кожны воўк са зграі паўторыць яго. За ўсю тысячагадовую гісторыю гэты гук застаўся нязменным і азначае адно – час збірацца разам, вырашаць агульныя праблемы і ратавацца ад ворагаў. Кожны воўк Суу-Ардун, чым бы ён не займаўся, прыйдзе ў горад каб слухаць важака.

А Грык слухаў працяжны гук, ад якога поўсць уздымалася нават на хвасце і не ведаў, аб чым будзе гаварыць са сваёй зграяй, як падрыхтуе іх да немінучай смерці.

***

Гаўл адным з першых ваўкоў пачуў заклік на сход. Апошнія тры дні ён без сэнсу бадзяўся ў пошуках ежы. Паляваў воўк дрэнна, таму шукаў падлу, слабых ці старых жывёл. Прайшоў праз увесь лес ад паўднёвай мяжы да горада і нічога не знайшоў.

Сход у гэты перыяд году мог адзначаць альбо перадзел паляўнічых надзелаў, альбо што яго выганяюць са зграі. Таму воўк вырашыў прыйсці апошнім, сесці як мага далей і не вытыркацца. А калі яго сапраўды захочуць прагнаць, ён хутка збяжыць.

“Няўжо гэта з-за таго, што ў апошні раз збяжаў ад павіннасці?”, – гадаў Гаўл. За сваё жыццё ён усяго сем ці восем раз пагаджаўся ўдзельнічаць у нейкіх справах зграі. Спрабаваў паляваць разам з усімі, але толькі перашкаджаў усім. Будаваў фермы ды хаты, але праз гадзіну працы зморана валіўся на зямлю.

Нават ахоўнік межаў з яго выйшаў дрэнны. Было так сумна, што замест таго, каб сачыць за варожым лесам і слухаць, ён завальваўся спаць. Аднойчы яго злавілі на гэтым і пагрызлі. Той раз стаў апошнім. Ён паабяцаў самому сабе, што больш ніколі не будзе працаваць са зграяй. Лепш галадаць і жыць пад небам, чым цярпець пабоі ад сваіх жа.

Былі ў яго і іншыя правіны – паляванне на чужой тэрыторыі, адмова ад удзелу ў сходах, крадзеж ежы. Ніхто ў зграі не любіў Гаўла. Мінулым летам Аўчылак нават падымаў пытанне аб яго выгнанні – помсціў за сцягнуты кавалак мяса. На шчасце, ніхто яго не падтрымаў. І не дзіва – праганяць свайго, хай і такога дурнога ваўка, значыцца прысудзіць яго на смерць.

“Калі ўспомніць, то мінулым разам я адмовіўся збіраць дровы ў лесе. Наўрад ці за гэта мяне прагоняць. Падчас палявання мяне ніхто не лавіў, дый не краў я нічога. А таму… Не ведаю, з-за чаго ўсіх збіраюць. Хіба толькі гэта звязана з чуткамі пра белых ваўкоў”.

Адзінец чакаў каля горада да самага пачатку. А калі здалёк пабачыў, што да ваўкоў выйшлі Грык з Аўкам, стаў прабірацца бліжэй.

2.

Макс прачнуўся з галаўным болем і дрэнным настроем. Пайшоў на кухню, адкрыў лядоўню і мацюкнуўся – засталося адно яйцо і алей. Глянуў на вуліцу, дзе трэці дзень запар паліла сонца і уздыхнуў. На небе не было ніводнай хмары, а значыць у кватэры цэлы дзень будзе стаяць спякота. А цяпер трэба было ісці ў краму.

“Цікава, чаму ў яе было мокрае адзенне, калі дажджу з аўторка не было?” – праскочыла ў галаве Макса думка пра дзяoxsye з кавярні. Ад нечаканасці ён застыў у адной шкарпэтке. “У каго гэта была адзежа мокрая? А… Цёмнаскурая незнаёмка з недарэчнай гісторыяй пра ваўкоў. Нядзіва, што яны мне ноччу сніліся. Аўкі, Грыкі…”.

Узніклыя вобразы у галаве хлопца былі такімі выразнымі і яркімі, быццам ён у кіно ўчора схадзіў. Макс пасміхнуўся, бо звычайна не запамінаў сны. А гэтым разам нават ваўчыныя імёны ў галаве засталіся.

“Чорт з ім, можа сапраўды ў дзяцінстве падобны фільм глядзеў”.

Ён нацягнуў красоўкі і пайшоў у краму, дзе ўзяў дзве бутэлькі цёмнага піва, каўбасу, яек ды каву. Разлічыўся на касе і рушыў дадому.

Каля пад’езда Макса спынілі трое маладзёнаў, якія паходзілі на герояў гумарыстычнага апавядання ці анекдота. Адзін – малога роста, белабрысы, на выгляд – гадоў шаснаццаць. Другі – чарнявы і высокі, з вусамі і шчаціннем. Яго лоб пераразалі глыбокія зморшчыны. Трэці меў твар без узросту, лысую галаву, а яго вочы глядзелі быццам не на Максіма, а праз яго.

Гэткай жа дзіўнай была іх адзежа. На малым – шыкоўны гарнітур, у якім ён паходзіў на навучэнца элітнай гімназіі. На чарнявым была спартыўная форма сіне-зялёнага колеру і красоўкі – звычайны беларускі гопнік, не інакш. Лысы – панк у скуранай куртцы, падраных джынсах, з металічнымі перснямі і ланцугом на шыі.

– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.

Макс спыніўся, бо не мог паскорыць шаг і збяжаць ад непрыемнай кампаніі. Троіца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.

– І вам прывітанне.

– Мы цябе чакалі.

– Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.

– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.

– Што? Якую яшчэ гісторыю?

– Гісторыю пра ваўкоў.

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арэндаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арэндаваць” гісторыю.

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты гаворыш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем за вашай згодай.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзеквацца, ці блогеры флэшмоб ладзяць? Ды й сама троіца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё. Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Троіца сядзіць каля пад’езда. Яны не размаўляюць, не варушацца, не дыхаюць і не міргаюць. Васкавыя твары замерлі, а вочы глядзяць ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.

Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічуць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць яны як і дзікія звяры не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А грамчэй за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.

– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.

Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.

– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бяжаць ад небяспекі як трусы нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу, што мы павінны змагацца.

– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.

– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчалык, кажы ты.

–Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.

– Аўчалык, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком сам насам. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?

– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.

– Мы слухаем цябе, Сурта.

– Аўчалык малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…

– Я хачу гаварыць!

Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў гаворачага на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.

– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты спыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?

– Грык. Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы, Грык? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не знічтожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.

– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сутру з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бяжаць як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.

– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.

– Калі так, то Сурта можа працягваць.

– Мне больш няма чаго казаць, Грык.

– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.

3.

Максім прачнуўся і закрычаў. Вялікая ванючая рука накрыла яго рот.

– Мы прыйшлі, як дамаўляліся.

Над хлопцам навісаў учарашні знаёмы з чорнымі валасамі.

– Змоўкні, а то будзе горш.

Максім замаўчаў.

– Так лепш, – чарнявы прыбраў руку і сеў на стул каля ложка. Бялявы і лысы былі побач з ім. – Не трэба пужацца. Мы прыйшлі дамаўляцца. Зараз усё вырашым і будзеш вольны.

– Што ты цягнеш? Дай па зубам і ўсё, – белы быў самым нецярплівым з траіх.

– Не трэба. Куды спяшацца. Ды й здаецца мне гэты хлопец добра ўсё разумее. Так, Максім?

– Што вам трэба? Забірайце што хочаце. Толькі не забівайце.

– Пашанцавала гэтым разам, – замычэў лысы. – Добра, што ты ідзеш на кантакт. Аднак мы не забойцы. Нам патрэбна толькі гісторыя. Аддай яе і ўсё.

– Я перакажу гісторыю дзяўчыны, калі трэба…

– Не. Мы ведаем, што яна сказала. Нам патрэбны працяг.

– Але ж я не ведаю…

– Дай згоду і ўсё.

– Я згодны.

Лысы падыйшоў бліжэй і прыклаў свае вялікія пальцы да скронь хлопца. Перад вачамі хлопца панесліся каляровыя выявы, быццам нехта паставіў кіно на перамотванне. Калі ён ачухаўся, троіцы ў кватэры не было, а галава расколвалася ад болю. Макс памацаў скроні і аддзёрнуў пальцы ад болю. Устаць з ложка і пайсці ў ванну ён не змог – ногі не слухаліся. Розум праваліўся ў сон.

Воўчы сон

Гаўл стаяў перад Грыкам і Аўкам нізка схіліўшы галаву. Не з-за пашаны да прысутных – пры нараджэнні яму пашкодзілі хрыбет. І таму ён не мог доўга трымаць галаву высока.

– Гаўл, уся зграя трывае твае выбрыкі. З дзяцінства ты быў дурным ваўком. Не гуляўся з іншымі шчанюкамі, не паляваў з дарослымі, а калі лавіў труса, то не дзяліўся з іншымі. Мы маглі пакараць ці выгнаць цябе, але ж ты наш брат па крыві. Аднак сёння ты пераўзышоў сябе. Яшчэ адна памылка – станеш выгнаннікам. Як дзікі драпежнік будзеш хавацца ад сваіх і чужых. Таму добра падумай перш чым пачаць гаварыць.

– Зразумеў, Грык. Не буду апраўдваць свае паводзіны, бо не за гэтым прыйшоў. Я хачу гаварыць пра белых.

– Мы не на сходзе, не трэба пытаць дазволу, каб нешта сказаць.

Гаўл нахіліў галаву яшчэ ніжэй у знак згоды.

– Біцца з белымі – самагубства. Аўчылак і яму падобныя з лёгкасцю пойдуць на гэта. Аднак мне хочацца жыць далей, паляваць, а ў будучыні выхоўваць сваіх ваўчанят.

Аўк ціха рыкнуў. Ніхто з ваўчыц не пагодзіцца мець агульных шчанюкоў з Гаўлам – адзінцом і вырадкам.

– Я не хачу біцца дзеля бойкі. Я хачу перамагчы. Колькі б там ні было белых, якімі б моцнымі яны нам не здаваліся, іх можна забіць.

– Якім жа чынам ты хочаш перамагчы?

– Колькі ваўкоў зграі могуць біцца? Дзвесце, трыста? Нас павінна быць больш, чым зараз.

– І гэта твая прапанова? Прымусіць ваўчыц нараджаць шчанюкоў? У нас не хопіць ежы, каб іх пракарміць. Ды й белыя не стануць чакаць некалькі гадоў, каб малыя выраслі.

– Не. Нашай зграі не патрэбны лішнія пашчы. Я хачу дамовіцца з іншай зграяй і запрасіць дапамогу.

Аўк зарычэў і падняўся на ногі. Тое, што прапанаваў Гаўл, было непрымальна.

– Гэта немагчыма, дурань. Ніколі адна згаря не будзе дапамагаць іншай. Ні ў якім разе. Такога не было за ўсю гісторыю. Мы не кантактуем, а калі бачым іншых ваўкоў на мяжы – ігнаруем іх. Аб чым ты гаворыш, якія перамовы?

– Свет змяняецца. Нам не выжыць адным.

– І гэта кажаш ты, воўк-самотнік? Калі не выжывем самастойна – загінем, як зрабілі сотні зграй да нас.

– Я не хачу паміраць. Нам трэба аб’яднацца.

– Як толькі воўк Суу-Ардун пяройдзе мяжу – пачнецца вайна. Хочаш, каб з поўначы нас давілі белыя, а з поўдня – шэрыя?

– Чакай, Аўк. – Грык выглядаў зацікаўленым. – Гаўл, ты сапраўды лічыш, што іншыя зграі захочуць дапамагчы?

– Так. На поўдні мы мяжуем з трыма зграямі. У кожнай па трыста-чатырыста ваўкоў, якія могуць біцца. Калі аб’яднаць сілы можна выставіць армію ў больш за тысячу ваўкоў. І хай нас усё роўна будзе менш, з’явіцца шанец на перамогу. А калі паспяшацца і запрасіць іх на дапамогу ў будоўлі сцяны шанцы стануць роўнымі.

– А навошта ім гэта трэба?

– У іх, як і ў нас, няма выйсця. Яны альбо загінуць, альбо будуць ваяваць разам з намі.

– Не будзе гэтага! – Поўсць на спіне Аўка ўздыбілася, хвост напрогся, нібы стары воўк рыхтаваўся да атакі. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён быў у паўтары разы большым за Гаўла і лёгка б яго перамог.

– Супакойся, Аўк. Ты не важак, не табе вырашаць. А ты, Гаўл, калі выказаў такую ідэю, то сам і пойдзеш на перамовы. Аднак папярэджваю – мяжу не перасякаць. Рабі ўсё згодна традыцыям. Мы маем права пайсці на іх тэрыторыю толькі па запрашэнні. Нам не трэба яшчэ адной вайны.

– Я згодны, уладар. Дазволь ісці?

– Ідзі.

Як толькі Гаўл выйшаў на вуліцу, Аўк рыкнуў на Грыка.

– Што ты робіш? Навошта слухаеш гэтага адзінца. Усё жыццё пляваў на зграю. Чаму ты вырашыў, што зараз нешта змянілася. Ён хоча зацвердіцца на нашым горы.

– Аўк, я раблю тое, што павінен. Шукаю лепшае выйсце для зграі. Прапанова Гаўла дае нам шанец на выратаванне.

– Я заўсёды стаяў побач з табой. Скажы, раіў я калі-небудзь дурное?

– Не, ты быў добрым саветнікам.

– Дык і зараз паслухай мяне. Адмоўся ад глупства. Пакліч баламута назад і выгані са зграі. Ты што, не бачыш небяспекі ў яго паводзінах?

– Я ўсё разумею, Аўк. Зразумей і ты – традыцыі зніклі са з’яўленнем белых. З дапамогай Гаўла я зразумеў, што таксама не хачу гінуць. Хай ён ідзе да іншых зграй, размаўляе з імі. Калі пашэнціць, нас стане шмат. А калі не – то яны самі заб’юць гэтага самотніка.

Yosh cheklamasi:
12+
Litresda chiqarilgan sana:
21 iyul 2023
Yozilgan sana:
2023
Hajm:
180 Sahifa 1 tasvir
Mualliflik huquqi egasi:
Автор
Yuklab olish formati:

Ushbu kitob bilan o'qiladi