Faqat Litresda o'qing

Kitobni fayl sifatida yuklab bo'lmaydi, lekin bizning ilovamizda yoki veb-saytda onlayn o'qilishi mumkin.

Kitobni o'qish: «Вазьмі сваю свяцільню»

Shrift:

© Сідарэйка А. П., 2025

© Кісель А. У., 2025

© Нарэйка Н. М., 2025

© Саротнік В. В., 2025

© Сінюк В. А., 2025

© Латышкевіч М. Ю., 2025

© Кароль А. І., 2025

© Гаўруковіч В. В., 2025

© Вешторт А. В., 2025

© Жукоўскі Я. М., 2025

© Аляксеева Ясенія, 2025

© Дваранская П. А., 2025

© Таранда М. I., выява на вокладцы, 2025

© Карлюкевіч А. М., укладанне, уступныя артыкулы, 2025

© Афармленне. ТДА «Аверсэв», 2025

Выбар маладых

Літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» і газета «Літаратура і мастацтва» ў апошнія гады дапамаглі адкрыць сапраўдную кагорту цікавых маладых празаікаў. І наш новы зборнік серыі «Сучасная беларуская літаратура» прысвечаны творчасці гэтых аўтараў. Аўтараў, розных па ўзросце: да прыкладу, Андрэю Сідарэйку, які сваім творам «Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных» адкрывае зборнік, ужо споўнілася 39 гадоў, а Паліна Дваранская, аўтар апавядання «Чужы шлях да свайго шчасця», толькі скончыла Ліцэй БДУ. Далёка не ў кожнага з іх ужо ёсць кнігі. У некага гэта першыя, але даволі ўдалыя пробы пяра.

Нягледзячы на тэматычную разнастайнасць, апавяданні, уключаныя ў зборнік, блізкія адно да аднаго ў галоўным: аўтары праяўляюць аднолькавую настойлівасць у пошуку сэнсу жыцця. Пры гэтым і Андрэй Сідарэйка, і Алена Кісель, і Настасся Нарэйка, і Валерыя Саротнік, і Вікторыя Сінюк, і Маргарыта Латышкевіч, і Аляксандра Кароль, і Валерыя Гаўруковіч, і Алесь Вешторт, і Ягор Жукоўскі, і Ясенія Аляксеева, і Паліна Дваранская, безумоўна, розныя, у кожнага з іх свой жыццёвы досвед за плячыма.

Чытаючы творы сённяшніх маладых аўтараў, я прыгадаў уваходжанне ў літаратуру Івана Навуменкі, Вячаслава Адамчыка, Івана Пташнікава, Івана Чыгрынава, Барыса Сачанкі – таксама з першымі апавяданнямі… І адразу пры такіх параўнаннях узнікла ўсведамленне, што яны, пачаткоўцы 1950—1960-х гг., і маладыя празаікі XXI ст. істотна адрозніваюцца сваімі творамі. І справа тут зусім не ў мастакоўскім майстэрстве. У творчых папярэднікаў сённяшняй моладзі была большая сюжэтная акрэсленасць. А ў літаратараў, творы якіх сабраны ў гэтай кнізе, болей філасофіі, болей разваг пра сэнс жыцця, увогуле пра нашу прысутнасць у гэтым свеце. Шанаванне традыцый продкаў, паважлівае стаўленне да сям’і, да родных і блізкіх людзей, высокая адказнасць у адносінах да пачуццяў, да кахання – гэта істотна вылучаецца ў прозе маладых. І пры ўсім тым часам нешта чапляе нечаканасцю, неспадзяванасцю, неадпаведнасцю… Але такі ўжо выбар пакалення, якому заўтра давядзецца ўмацоўваць, узвышаць беларускую літаратуру…

Параўнальна даўно і ў дачыненні да іншага пісьменніцкага пакалення Алесь Адамовіч заўважыў: «…Літаратура не ўрач, літаратура – боль. Калі боль не самы востры, а значыць не выклікае імгненнай рэакцыі – значыць, яна не адпавядае часу, а таму і зусім не літаратура». Сучасная літаратурная моладзь, відавочна, разумее, што толькі праз боль, праз асэнсаванне самых глыбінных працэсаў у чалавечым жыцці, у яго судакрананні з грамадствам можна стварыць сапраўды прыцягальныя мастацкія ілюстрацыі да нашага часу, да прасторы, у якой мы зараз жывём…

Сёння проза маладых прыходзіць да чытача на старонках дзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць», заснаванага яшчэ ў 1953 г. Часам апавяданні пачаткоўцаў (на жаль, вельмі рэдка!) друкуюцца і ў газеце «Літаратура і мастацтва». Выдавецтва «Мастацкая літаратура», выдавецкі дом «Звязда» і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзяць конкурс маладых літаратараў «Першацвет», па выніках якога выдаецца аднайменны штогадовы зборнік.

Алесь Карлюкевіч,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

Андрэй Сідарэйка

З ГУМАРАМ І… СУР’ЁЗНА

Андрэй Сідарэйка нарадзіўся ў 1985 г. у вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна, на Гомельшчыне. Скончыў Лоеўскае педагагічнае вучылішча і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар кніг «Жонка на гадзіну», «Вальс чырвоных гронак рабін», «Дзесяць капеек», «Здарэнне ў ціхую ноч», «Хабар», а таксама шматлікіх публікацый у беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы (у часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда»). Прызёр конкурсу апавяданняў газеты «Звязда».

Гумарыстычная аповесць «Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных» першапачаткова задумвалася аўтарам як «міні-серыял» для часопіса гумару і сатыры «Вожык». Кожная новая гісторыя пра маладажонаў, нібы асобная серыя, павінна была знаёміць чытача з іх новымі прыгодамі. Вясёлых здарэнняў, цікавых момантаў, як і ў жыцці кожнай сям’і, хапала.

Аднак падчас працы твор выйшаў за межы задумкі і стаў успрымацца як невялічкая гумарыстычная аповесць, якая патрабуе асобнага выдання. А за знешне гумарыстычным падыходам удумлівы чытач заўважыць шмат сур’ёзных рэчаў…

Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных
Гумарыстычная аповесць

Знікненне, ці З чаго ў сё пачалося

У той дзень сантэхнік Міхаіл Курачкін прыйшоў дадому як звычайна – а восьмай вечара. На дзіва, у кватэры не было жонкі Машы, а з кухні не даносіўся пах наварыстага баршчу і смажаных катлет.

Курачкін здзівіўся: Маша заўсёды вярталася раней і паспявала згатаваць вячэру. Запаліў святло на кухні і агледзеў пліту: ні рондаля, ні патэльні, ні нават чайніка на ёй не было. Наш герой набраў нумар жончынага мабільнага. Чужы голас у слухаўцы паведаміў, што абанент часова недаступны. Гэта здзівіла Курачкіна яшчэ больш. Дзе ў такі час магла быць жонка? Што рабіць? Мужчына прысеў на канапу. Яго позірк спыніўся на аркушы паперы, які ляжаў на часопісным століку: «Прабач. Спяшаюся. Іду да Ся…»

«Што гэта за “Ся…”? – заінтрыгавана задумаўся Курачкін. – Няўжо было так цяжка дапісаць?!»

Побач з аркушам ляжала ручка. Мужчына схапіў яе і ці то ад расчаравання, ці то ад злосці пачаў вадзіць па аркушы кругі. Але ручка не пакідала следу. Стала зразумела, чаму Маша не дапісала слова. Што гэта за «Ся…»? Сярожа, Сяргей, сябар, сяброўка? Не, усё ж гэта было імя. Бо першая літара – вялікая.

«Сяргей», – вырашыў «падмануты» муж і згадаў, што зусім нядаўна каханая размаўляла па тэлефоне з нейкім Сяргеем, як яна сказала пасля – калегам.

Не давала спакою, смылела думка: «Няўжо?..»

Пацягнуліся неспакойныя гадзіны. Курачкін сядзеў на канапе, ляжаў на ложку, спрабаваў заснуць… І ў той момант, калі ён, здавалася, задрамаў, дзверы кватэры адчыніліся, на парозе паўстала Маша.

Падалося, крыху на падпітку. Пачала здымаць туфлікі.

Курачкін падхапіўся сустракаць каханую.

– Дзе ты была? – занепакоена запытаўся ён.

– У сяброўкі Светы. Я табе цыдулку пакідала. Адзіная ручка ў кватэры скончылася – не змагла дапісаць, а ты на той момант быў недаступны па мабільнай сувязі.

– Я тэлефанаваў пазней.

– Прабач. Тэлефон разрадзіўся, а мы былі на дыскатэцы…

– Ты была на дыскатэцы?! – здзівіўся муж.

– Так. Ты ж бываеш у кавярні, на рыбалцы, у гаражах сяброў. Чаму я не магу пабыць на дыскатэцы?

– Але ж ты там была не адна – магла ўзяць тэлефон у сяброўкі і патэлефанаваць.

– Ведаеш, на дыскатэцы я была не толькі са Светай…

– А з кім яшчэ? – здзівіўся Курачкін. Ён адчуваў, як у ім прачынаецца рэўнасць.

– З іншымі сваімі сяброўкамі: Наташкай, Алінай, Ангелінай…

– Выдатна!.. І ў іх не было з сабой тэлефонаў?

– Не. Пакінулі дома прынцыпова… Трэба ж было нам жаночай кампаніяй проста адпачыць. Не ўсё ж вам, мужыкам, адпачываць ад нас. Мы таксама хочам сваёй кампаніяй развеяцца.

Маша прайшла ў пакой і расцягнулася на ложку.

– О! Як цудоўна! – прамовіла яна. – Ці як ты там кажаш, калі завальваешся на ложак пасля чарговай пасядзелкі ў кавярні з сябрамі? Што ты так стаміўся пасля вельмі сур’ёзных размоў?..

– Так… – разгубіўся Курачкін. – Але хіба мы не маглі з табой проста паразмаўляць, калі табе так не падабалася, што я баўлю час у кавярні?

– Маглі, канешне. Але ты заўсёды казаў, што мы паразмаўляем пасля таго, як ты выспішся. Вось і я спачатку высплюся, а пасля мы з табой паразмаўляем.

– Але ж раніцай нам на працу.

– Вось-вось, іменна: на працу. Таму не перашкаджай адпачываць.

– Але калі мы сур’ёзна паразмаўляем?

– Калі рак на гары свісне. Ці пасля дожджыку ў чацвер. Ці як ты там яшчэ любіш казаць?

Мужчына згадаў, што ён і сапраўды час ад часу так адказваў жонцы.

– Усё, я гэтак больш не магу!.. – здаўся Курачкін.

– Я таксама, – ледзь чутна прашаптала Маша.

– Давай паразмаўляем па душах.

У адказ Курачкін пачуў мірнае сапенне жонкі.

Мужчына таксама прылёг на ложак і прыгадаў моманты з сямейнага жыцця, якія маглі стаць падставай для жончынага ўчынку.

Дарэчы, Міхась і Маша былі жанатыя ўжо два гады. Маладыя. Аднагодкі. Абаім па дваццаць пяць. За час сумеснага жыцця здарылася шмат гісторый. І такіх, праз якія Маша вельмі злавалася, – таксама.

Першая з іх адбылася на трэцім месяцы пасля вяселля.

Неверагодная шчодрасць

У той дзень Курачкіна выклікаў да сябе старшыня прафкама і адказны за ідэалагічную працу на прадпрыемстве Іван Гнацюк і запытаўся, ці атрымаў малады супрацоўнік заробак. Калі той сцвярджальна кіўнуў галавой, Іван Міхайлавіч адразу рушыў у бой:

– А прафсаюзны ўнёсак хто плаціць будзе, падпіску афармляць?

– Не хвалюйцеся, Міхалыч, зараз і грошы аддам, і на пошту схаджу. Абед якраз, – супакоіў старшыню Курачкін.

Так доўгачаканая зарплата крыху патанчэла. Але нашага героя гэта не напалохала: затое цяпер ён прафкаму нічога не вінны. Больш за тое, увесь наступны месяц будзе чытаць аж пяць рэспубліканскіх газет!

Нечакана зазваніў тэлефон. Сябар Толік прасіў пазычыць хоць якую пяцёрку – па яго словах, нават на жэтон у метро грошай не было. Аддаць паабяцаў праз тры дні.

– Хіба табе пяцёркі хопіць? – шчыра здзівіўся Курачкін. – Магу пазычыць і дваццатку. Толькі ты абавязкова, як і дамовіліся, вярні, не цягні.

Па дарозе дадому Курачкін успомніў: патрэбны новы інструмент – ліхтарык і электрадрыль. Рэчы абышліся ў добрую капейку. Затое цяпер у яго было ўсё, пра што ён марыў апошні месяц.

Каля прыпынку, адкуль наш герой дабіраўся дадому, стаяў шапік. У ім прадавалі латарэі на найбліжэйшыя выхадныя.

«А калі пашчасціць і выйграю аўтамабіль?» – мільгнула ў галаве думка.

І зноў у кішэні паменела грошай.

Курачкін завітаў і ў краму, што была побач з домам. Ну не вяртацца ж пасля зарплаты з пустымі рукамі? Малады муж набраў розных прысмакаў і толькі потым, ззяючы ад шчасця, рушыў дадому.

На жаль, каханая не раздзяліла радасці мужа.

– Дзе грошы?! – запыталася яна, не паспеў той пераступіць парог.

– Вось, – адказаў Курачкін і выклаў на стол некалькі пакамечаных купюр, а таксама цэлую жменю капеек.

– І гэта ўсё?! – здзівілася жонка.

– Што значыць – усё? – перапытаў муж. – А прадукты? Інструмент? Латарэя? Вось квітанцыя на падпіску. Увесь наступны месяц будзем чытаць перыёдыку. Гэта табе не лайкі пад фотаздымкамі ў інтэрнэце ставіць!

– А камунальныя паслугі хто будзе аплачваць? Цэлы месяц гатаваць? – абурылася Маша. – Усё, Курачкін, чытай сам сваю перыёдыку, у сценах дзіркі свідруй, людзям краны рамантуй, мяне гэта больш не хвалюе. Я ад цябе сыходжу!

…Маша не размаўляла з мужам цэлы тыдзень, але ўсё ж засталася. Газеты чытаў толькі наш герой. Хоць яму таксама хацелася пабавіць час у інтэрнэце.

А неўзабаве Курачкін выйграў у латарэю навамодны пыласос. Відаць, менавіта такі важны для сямейнага побыту фактар і растапіў сэрца Машы.

Хаця ўрок Курачкін засвоіў добра: цяпер увесь заробак адразу аддаваў жонцы.

За імгненне да гадзіны ІКС

Размеркаваць сямейны бюджэт так, каб яго хапіла да наступнага заробку, атрымліваецца не ва ўсіх. Курачкіны не былі выключэннем. Да таго ж яны былі маладыя. А ім шмат трэба. Калі фінансы спявалі рамансы, даводзілася трываць, цярпець, чакаць: дні, гадзіны, нарэшце, хвіліны. А ў працоўны час па сацыяльных сетках ішлі пасланні SOS.

– Каханенькі, пакладзі крыху грошай на тэлефон. Зусім на балансе пуста, – пісала мужу Маша.

– Заробак абяцалі пералічыць на картку пасля абеду, – адказваў муж.

– Але я нават не магу патэлефанаваць па справе, – ішло чарговае пасланне жонкі.

– А як жа дзясятка? – адказваў Курачкін.

– На інтэрнэт тэрмінова патрэбны былі грошы…

– Узгадаў. У шафе на чорны дзень ёсць заначка.

– Ведаеш, чорны дзень настаў яшчэ ўчора. Прабач, што не папярэдзіла.

– Я так і ведаў, – уздыхнуў Курачкін. – Таму зрабіў яшчэ адну заначку: пад тэлевізарам з правага боку. Трэба яго прыпадняць…

– Я ведаю, – перарвала яго Маша. – Разумееш, на самай справе першы чорны дзень настаў два дні таму. Памятаеш, я хадзіла ў цырульню?

– Так, – адказаў Курачкін.

– Ну вось.

– Калі табе патрэбныя грошы, то вазьмі іх у кішэні маёй зімовай курткі, – напісаў Курачкін.

– А іх няма там ужо тыдзень як.

– Як?! – здзівіўся Курачкін.

– Я набыла новую люстру. А перад гэтым здавала ў хімчыстку тваю зімовую куртку. Падрыхтавала яе да новага сезона.

– Добра. Але яшчэ тыдзень таму ў нас было грошай, каб пражыць тры тыдні. А іх чамусьці хапіла толькі на тыдзень.

– Разумееш, каханенькі, каб зняць стому пасля працы, я хадзіла ў салон прыгажосці, а потым у модны буцік.

– Калі меркаваць, колькі ты там пакінула грошай, у цябе быў сапраўдны стрэс. А цяпер ён у мяне. На гэтыя выхадныя я дакладна еду на рыбалку.

– Згода.

– А пасля рыбалкі – у лазню, – працягваў пісаць Курачкін.

– Добра.

– А пасля лазні – у бар. Стрэс трэба зняць як мае быць.

– Ага.

– І дадому вярнуся, як прыйдзецца.

– Добра.

– О! Мне якраз на картку прыйшлі грошы. Зараз пакладу табе на тэлефон.

– І мне. Ха-ха, – з’явіўся ў тэлефоне смайлік. – Усё, не патрэбны мне твой рубель. І на выхадных ніякай рыбалкі. Едзем у госці да маёй мамы – тваёй цешчы.

Курачкін быў задаволены, што на картку прыйшлі грошы. Але ў яго з’явіўся яшчэ адзін клопат – падарунак для цешчы.

Нялёгкія выпрабаванні

Курачкін узгадаў знаёмства з цешчай, якое адбылося за некалькі месяцаў да вяселля. Кацярына Мікалаеўна жыла за горадам у прыватным доме, вяла гаспадарку. У тую суботу яна прыняла будучага зяця прыязна, але дачцэ, калі засталіся адны, выдала:

– Твой бацька-нябожчык быў волат. А ён нават вілы ў руках не ўтрымае, не тое што гной з хлеўчука выкінуць.

– Ды мой Міхась адной левай з гэтым разбярэцца, – адказала Маша і накіравалася ў залу.

Наш герой нацёр нямала мазалёў, пакуль займаўся справай. Кацярына Мікалаеўна задаволена паглядала на будучага зяця, але дачцэ зноў сказала: «Вось твой бацька-нябожчык і на агародзе шчыраваў як трэба! Бульбу адзін мог прапалоць за нейкую там гадзіну-другую».

– І Міхась справіцца! – адказала Маша і пайшла даваць Курачкіну новае даручэнне.

Сонца пякло, было млосна, пот абліваў твар Курачкіна, але той мужна займаўся праполкай бульбы. Праўда, тут яму дапамагала Маша. Ужо праполка – не гной бухаць.

«Ну-ну…» – цешылася Кацярына Мікалаеўна, назіраючы з акна за дачкой і будучым зяцем.

Не паспеў госць зайсці ў хату, як Кацярына Мікалаеўна заенчыла:

– Ой, Міхаська, зусім забылася, у мяне некалькі паленцаў ля дрывотні ляжаць. Ты б іх пасек, а то так і струхнеюць.

Не адпачыўшы, Курачкін адправіўся выконваць новае даручэнне. Паленцаў аказалася не некалькі, а амаль воз.

Нарэшце, пад вечар, змораны, наш герой узяў ручнік і выправіўся да бочкі з вадой, што стаяла ў садку. Абмыўшыся як след, уваліўся ў хату.

– Міхась, пакуль гатуецца яешня, загані ты вунь таго пеўня ў куратнік. Усе куры на седале, адзін ён, нягоднік, ходзіць, – папрасіла Кацярына Мікалаеўна.

Доўга бегаў Курачкін за пеўнем. Той уцякаў ад незнаёмца па ўсім двары, але ў куратнік ніяк не хацеў ісці. Стаміўшыся, госць прысеў на ганак.

Неўзабаве выйшла Кацярына Мікалаеўна.

– Што, не слухаецца? – запыталася жанчына.

– Ага, – прамовіў Курачкін.

– Тут далікатны падыход трэба мець, – сказала будучая цешча і звярнулася да пеўня: – Пеця, давай на седала, а не то заўтра суп з цябе згатую.

Пачуўшы пагрозу, певень тут жа накіраваўся ў куратнік.

– Вось бачыш, як трэба, – задаволена прамовіла жанчына.

Вячэра была смачнай. Былі і чарка, і скварка. Кацярына Мікалаеўна ўсё нахвальвала будучага мужа дачкі.

– Малайчына! Дапамог дык дапамог!

Калі наступным днём госці выправіліся ў горад, да Кацярыны Мікалаеўны завітала суседка.

– Ну, Мікалаеўна, як будучы зяць?

– Ды нават пеўня на седала загнаць не можа. Што ўжо пра астатняе казаць, – адказала жанчына.

– Ой, намучаецца твая Маша з ім.

– Не кажы, – падтрымала Кацярына Мікалаеўна.

Суседка пайшла. Гаспадыня ўсміхнулася: «А зяць у мяне будзе самы лепшы, усім на зайздрасць. Каб толькі не сурочыць!»

Праўда, такой пахвалы Курачкін ад самой Кацярыны Мікалаеўны так ніколі і не пачуў. Можа, тое было і да лепшага.

Каб не сурочыць!

Страсці па дачы

Адпачываць і працаваць на прыродзе Курачкіну даводзілася не толькі ў цешчы, але і на ўласнай дачы. Там Кацярыны Мікалаеўны не было (толькі з-за гэтага мець сваю дачу – вялікая ўдача), не было і задзірыстага пеўня. Адно садавіна і гародніна. Што з іх карысці? Так лічыў Курачкін. Таму доўгі час на дачу ездзіла толькі Маша. Галава сямейства знаходзіў сабе іншыя заняткі: то пойдзе на рыбалку з сябрамі, то хатнімі клопатамі зоймецца. Але пра ўсё па парадку…

– Міша, паедзем на дачу. Радыску пасадзім, бульбу, – напярэдадні выхадных прапанавала Маша.

– Ну якая дача? – буркнуў незадаволена наш герой. – Сябры паклікалі на рыбалку. Кажуць, такі клёў зараз! Кілаграмовыя карасі і карпы самі ў вядро скачуць.

– Ну добра! – пагадзілася Маша. – Пачастуеш потым юшкай.

Суботнім ранкам жанчына выправілася на лецішча, што знаходзілася за добрую сотню кіламетраў ад горада, а Курачкін з сябрамі адправіўся на рыбалку. Клёў не ішоў. За дзень наш герой злавіў толькі некалькі невялічкіх карасікаў, ды і тых адпусціў.

Дадому вярнуўся вечарам і зразумеў, што ў кватэры нікога няма. Жонка прыехала праз тры гадзіны вельмі змораная і адразу ж запыталася пра юшку. Курачкін прызнаўся, што рыбалка не задалася.

– Я столькі працы перарабіла, а ён на рыбалцы адпачываў! – пачала злавацца жанчына. – Хоць бы вячэру прыгатаваў!

Кінуць што на зуб перад сном хацелася і Курачкіну. Стомлены, ён выправіўся ў краму, а потым да ночы гатаваў рыбны суп.

Наступным разам, калі Маша зноў зазбіралася на дачу, Курачкін сказаў, што ён даўно хацеў падрамантаваць дзверцы ў шафе, падкруціць на кухні кран ды перарабіць шмат чаго яшчэ, што з-за працы заўсёды адкладваў. Маша парадавалася, што дома нарэшце па мужчынскай частцы стане парадак, і выправілася ў дарогу.

Толькі Курачкін заняўся шафай, як патэлефанаваў сусед. Папрасіў дапамагчы завесці машыну.

Што тая хвіліна-дзве? Курачкін пагадзіўся. Машына завялася, сусед паехаў па сваіх справах, а вось наш герой дадому так і не дайшоў. Суседка Галя папрасіла зазірнуць у падвал і памяняць лямпачку, бо тая перагарэла. Здавалася, на гэтым місія была выканана, але суседка папрасіла заадно занесці мех бульбы ў кватэру. Жыла яна адна, памочнікаў не было.

Вярнуўшыся дадому, гаспадар нарэшце адрамантаваў дзверцы ў шафе. Тут якраз раздаўся хатні званок.

На парозе стаяла бабуля Ганна, якая паскардзілася на кран, што моцна цурчыць.

– Сёння выхадны. Сантэхніка не выклічаш. А ты ж, ведаю, майстар, – пахваліла нашага героя госця.

Як пасля пахвалы адмовіць?

Кран, як на тое ліха, не рамантаваўся. І якім добрым сантэхнікам ні быў Курачкін, а гадзіны дзве яму прыйшлося па-сапраўднаму папацець!

А тут ужо і абед. Бабуля не хацела адпускаць, пакуль сусед не пагадзіўся сесці за стол. Ну, вядома: дзе скварка, там і чарка.

Курачкін хутка захмялеў. Вярнуўшыся дадому, вырашыў гадзіну адпачыць.

Прачнуўся, калі ўжо вечарэла. Вось-вось павінна была вярнуцца з дачы Маша.

Гаспадар кінуўся на кухню і хутка стаў рамантаваць кран. За гэтай працай яго і застала жонка.

– Ты з самай раніцы тут?! – здзівілася яна.

Курачкін хацеў сказаць, што перад гэтым ён адрамантаваў дзверы ў шафе, зрабіў шмат добрых спраў, але Маша пайшла ў наступ:

– І чым ты цэлы дзень тут займаўся, незразумела. А я агуркоў прывезла. Думала цябе пачаставаць. Але не. Зраблю салату і з’ем сама.

Гэтым разам Курачкін застаўся без вячэры. У думках ён быў удзячны бабулі Ганне, якая ад душы пачаставала яго. А з іншага боку, каб не яна, то…

Цяпер кожныя выхадныя, калі Маша збіралася на дачу, усе справы, нават рыбалку, Курачкін адкладваў на потым.

На дачы разам з жонкай мужчына з задавальненнем палоў градкі. Усё ж смачна прыгатаваныя бульбу, агуркі і памідоры ён любіў. І не хацеў, каб жонка пазбаўляла яго такіх ласункаў, вырашчаных сваімі рукамі. А рыбалка і хатнія справы пачакаюць…

Незвычайныя святы

Неяк Курачкін знайшоў у інтэрнэце каляндар нетрадыцыйных свят.

«Цудоўна! – усклікнуў ён. – Гэта ж колькі нагод падняць келіх, адвесці душу ды ўвогуле арыгінальна правесці дзень!»

Першае такое свята Курачкін запланаваў адзначыць у апошнюю нядзелю студзеня, у Міжнародны дзень без інтэрнэту. Паведаміўшы Машы, што трэба тэрмінова дапамагчы сябру адрамантаваць машыну, мужчына адключыў мабільны і рушыў у Музей мастацтваў, дзе раней ніколі не быў.

Дзень прамінуў хутка. Але ўражанні ад наведвання музея адразу зніклі, як толькі Курачкін вярнуўся дадому:

– Дзе ты быў? – накінулася на яго Маша. – Не датэлефанавацца, ні ў якіх сацыяльных сетках не адгукаешся! Мабыць, у палюбоўніцы?

– Ты што! – запярэчыў муж. Ён нават і падумаць пра такое не мог. – Я ж казаў: сябру дапамагаў машыну рамантаваць.

– Тэлефанавала я тваім сябрам! – не адступала Маша.

– Відаць, не ўсім. Навошта мне цябе падманваць?

Маша ўвесь вечар не размаўляла з мужам, але той так і не распавёў пра сваю таямніцу.

Наступны раз адзначыць арыгінальнае свята Курачкін адважыўся ў маі, калі надышоў Дзень без штаноў.

Церусіў дождж. У шортах і майцы Курачкін вырашыў прайсці некалькі кварталаў па лужынах. Свет не без добрых людзей: жончына знаёмая Каця, якая ў гэты час выйшла на балкон, незнарок пабачыла незвычайны шпацыр Курачкіна і адразу патэлефанала сяброўцы: запыталася, куды гэта яна выправіла свайго мужа ў такім адзенні ды яшчэ пад дажджом.

Праз паўгадзіны Курачкін вярнуўся дадому азяблы і мокры. Было, вядома, непрыемна, але ў душы ён радаваўся, што адзначыў яшчэ адно арыгінальнае свята. Ды толькі Маша зноў сапсавала настрой.

– Дзе цягаўся? – пагрозліва запыталася яна. – Я цябе нікуды не пасылала! Да сяброў у кавярню?

– Ну што ты… – хацеў апраўдацца муж, але жонка нават і слухаць не стала.

Прайшоў час, і Маша ад усё той жа сяброўкі даведалася, што каханы гуляў па скверыку з адэніумам, яе любімай пакаёвай раслінай. Мала таго – ён з ёй размаўляў. Гэта стала апошняй кропляй. Жонка паставіла ўльтыматум: больш ніякіх стасункаў, пакуль ён не выкіне з галавы розную лухту.

На дапамогу прыйшло чарговае нетрадыцыйнае свята – Дзень прымірэнчага пацалунка, што адзначалася напрыканцы жніўня. Курачкіна асяніла! Гэта быў знак, каб скончыць бессэнсоўную варажнечу. Ранкам ён прыгатаваў сняданак, а калі Маша зайшла на кухню, распавёў ёй усё як на духу. Напрыканцы паведаміў і пра свята. А потым хутка цмокнуў у шчочку.

Маша рассмяялася.

– А калі б гэтае свята было яшчэ не хутка, то мы не памірыліся б і я не даведалася б усёй праўды. Чаму не расказаў раней? Мне таксама было б цікава адзначыць якое-небудзь арыгінальнае свята!

Курачкін паціснуў плячыма.

– Які ж ты…

Гэтую фразу Маша не паспела дагаварыць, бо Курачкін зноў пацалаваў яе. Выпрабоўваць далей сумеснае сямейнае жыццё не хацелася. Ці мала што магло яшчэ здарыцца? А Дзень прымірэнчага пацалунка адзначаўся толькі раз на год!

На каго трэба глядзець?

Адзін з любімых заняткаў жанчын – хадзіць па крамах, шукаць новае адзенне. Не была выключэннем і Маша. Як і любому мужчыну, Курачкіну гэта не падабалася. Але ён цярпліва чакаў, пакуль Маша выбірала сабе строі.

У той дзень было сонечна, і Маша вырашыла прагуляцца да бліжэйшай крамы моднага адзення пехатой. Курачкіну такая ідэя спадабалася. Не ўвесь жа час у грамадскім транспарце ездзіць!

Наш герой ішоў па горадзе і азіраўся па баках. Часам насустрач ці недзе побач ішлі (таксама прагульваліся) дзяўчаты. Позірк Курачкіна незаўважна для яго самога спыняўся на іх.

Такая няўвага да яе Машы хутка надакучыла.

– Што ты прыліп да яе позіркам? – нечакана запыталася яна ў мужа, калі той утаропіўся ў чарговую прыгажуню.

Курачкіна аж перасмыкнула. Каб ён сам ведаў чаму. Але трэба было нешта адказваць.

– Такая прыгожая маечка! Вось бы табе такую!

Маша нічога не адказала. А Курачкін выдыхнуў з палёгкай і вырашыў, што гэтым разам ён выкруціўся. Ён і сам не заўважыў, як позірк ізноў прыліп да прыгожай падарожніцы.

– А цяпер табе што падабаецца? – раздаўся жончын голас.

«Калі толькі заўважыць паспела?» – падумаў Курачкін і пачаў зноў шукаць выйсце з няёмкага становішча:

– Зірні, каханая, якія прыгожыя джынсы!

– А-а, зразумела, – адказала Маша.

Да крамы заставалася зусім мала, як позірк Курачкіна спыніўся зноў на кімсьці цудоўна прыгожым.

– Што табе падабаецца ў гэтай дзяўчыне? – запыталася жонка.

– Сонечныя акуляры! – не раздумваючы, адказаў муж.

У краме Маша вельмі доўга прымярала. Хадзіла з аддзела ў аддзел. Курачкін выбраў сабе шкарпэткі і, разлічыўшыся за іх на касе, чакаў сваю другую палавінку.

А калі ж яна нарэшце выйшла з прымерачнай, на ёй былі такія ж джынсы, маечка і акуляры, якія ён бачыў нядаўна на незнаёмках.

– Ну што? Цяпер, мабыць, з мяне, а не з іншых прыгажунь позірк не будзеш зводзіць, – усміхнулася Маша.

– Ага, – толькі і змог адказаць Курачкін.

Прыгожыя абноўкі абышліся нятанна. Курачкін маўчаў, бо лічыў вінаватым сябе. Хоць гэтая гісторыя і завяршылася даволі мірна, але Міша Курачкін засвоіў урок добра. Калі гуляў з Машай на вуліцы, уся яго ўвага была скіраваная толькі на жонку.

Кароткі шлях

Аднойчы Маша папрасіла Курачкіна схадзіць у краму па любімую памаду, якая да таго ж была на акцыі.

– Я хутка, – адказаў наш герой. – Тут жа кароткім шляхам хвілін дзесяць пехатою.

Каб лягчэй было растлумачыць прадаўцам, што яму менавіта трэба, малады муж узяў жончыну памаду і паклаў яе ў кішэню.

Каля суседняга дома Курачкіна сустрэў даўні сябар.

– А я толькі цябе ўзгадваў, – шчыра прызнаўся знаёмы. – Вось сантэхніку новую набыў. Хацеў, каб ты зірнуў, як яе лепш паставіць. Ты ж у нас спецыяліст!

– Давай потым. У краму спяшаюся. Жонка памаду папрасіла набыць, – як ёсць адказаў Курачкін.

– Ха! Цябе потым даклічашся! Крама яшчэ тры гадзіны працаваць будзе. Калі што, я цябе нават падвязу. Кароткім шляхам на машыне – дзве хвіліны.

Адмаўляцца больш не было нагоды, і Курачкін пагадзіўся. Кансультацыя заняла не больш за дзесяць хвілін.

– Вялікі дзякуй! – сябар не скупіўся на словы пахвалы. – Цяпер сядай у машыну! Падвязу, як і абяцаў.

У машыне было ўтульна, і Курачкін падумаў, што вось як добра ўсё атрымалася: і сябру дапамог, і з ветрыкам да крамы пад’едзе. Што тут тае язды!

Нечакана адбыўся гучны выбух. Сябар выбег з машыны і агледзеў яе.

– Кола! – прамовіў ён. – Трэба запаску ставіць! Ты пачакай, я хутка!

На дзіва, Маша не тэлефанавала і не цікавілася, дзе муж. Таму можна было і не спяшацца.

– Гатова! – абвясціў таварыш. – За дзве хвіліны будзем на месцы.

Сябар даімчаў да крамы і сапраўды хутка. Паабяцаў пачакаць і адвезці Курачкіна дадому.

У краме наш герой паказаў прадаўцу – маладой дзяўчыне – патрэбную памаду.

– Некалькі хвілін таму забралі апошнюю, – адказала тая.

Расчараваны Курачкін выйшаў з крамы і пра ўсё расказаў сябру.

– Не хвалюйся. Тут яшчэ адна крама побач ёсць! Сядай! Пяць хвілін кароткім шляхам!

Але і там патрэбнай рэчы не знайшлося. Рабіць не было чаго – Курачкін з сябрам адправіліся дадому.

– Калі трэба, звяртайся, – сказаў Курачкін таварышу.

– І ты. Заўсёды падвязу.

– У дзвюх крамах быў. Няма такой памады, – сказаў наш герой жонцы.

– Ведаеш, як ты пайшоў, мне дужа захацелася халвы. Я выправілася ў краму, толькі звычайным, а не кароткім шляхам. Ну а пасля зазірнула і туды, куды адпраўляла цябе. Прадавец сказала, што засталася апошняя памада. А мой тэлефон разрадзіўся, я не змагла табе патэлефанаваць, каб запытацца, ці набыў ты ўжо яе. Вырашыла: калі што – будуць дзве памады! А атрымалася, што не!

– Відаць, мой шлях не самы кароткі! – усміхнуўся сумна Курачкін.

– Відаць, не! – канстатавала Маша.

Дуэль інтарэсаў

Неяк Курачкін захапіўся адным прыгодніцкім серыялам. Штовечар, як вяртаўся з працы, займаў месца на канапе і атрымліваў асалоду ад чарговай серыі. У гэты час ён забываўся на вячэру, дамашнія клопаты. Ды што там казаць – нават на жонку.

Вядома, гэта дужа не падабалася Машы, якая, нягледзячы на прысутнасць мужа, заставалася сам-насам са сваімі клопатамі і думкамі. Нават і пагаварыць не было з кім!

Калі ж муж завяршаў прагляд серыяла, то яшчэ цэлую гадзіну пераказваў Машы сюжэт новай серыі.

На нейкі момант расказы мужа захапілі Машу, і тая вырашыла таксама стаць прыхільніцай серыяла. Але пасля прагляду некалькіх серый зразумела, што гэтая тэма яе не цікавіць.

Каб неяк адцягнуць захапленне мужа серыялам, яна пачала штодзень шукаць хатнія справы. То кран трэба падрамантаваць, то дыван тэрмінова выбіць, то дзверцы ў ваннай паправіць. Але марна. Кран Курачкін адрамантаваў падчас рэкламнай паўзы, дыван выбіў пасля прагляду, а пра дзверцы і зусім запамятаваў.

– Прабач. Такая захапляльная серыя была! – прызнаўся ён.

Машы стала сумна. Яна набыла невялічкі тэлевізар і паставіла яго на кухні. І там вечарамі глядзела розныя ток-шоу.

Нарэшце, серыял скончыўся. Курачкін, задаволены фіналам кінастужкі, адчуваў эйфарыю яшчэ тыдні два. А потым… Потым нічога цікавага для прагляду так і не мог знайсці.

А Маша працягвала глядзець ток-шоу і розныя серыялы.

Тут Курачкін заўважыў, што жонка зусім перастала гатаваць па вечарах. Толькі бутэрброды з гарбатай ці кавай. Не прасуе адзенне і наогул не цікавіцца яго жыццём.

– Пакуль ты «хварэў» на серыял, я ўсё рабіла сама. Цяпер твая чарга паклапаціцца пра мяне, – стомлена адказала палавінка.

Курачкін занепакоіўся. Няўжо і ён «хварэў» таксама, як цяпер жонка? Але выбару не заставалася. Курачкін гатаваў вячэру, займаўся бялізнай, прыбіраў кватэру. А Маша пасля прагляду серыяла і ток-шоу толькі ўздыхала ды ішла адпачываць.

– Больш ні на што сёння сілы ў мяне няма, – казала стомлена яна.

Нарэшце серыял завяршыўся. У той дзень Курачкін якраз выбіў дыван, набыў торт і прыгатаваў гарбату.

– Што зараз рабіць будзеш? – пацікавіўся ён у Машы.

– Не ведаю, – адказала жонка. – Сяброўкі кажуць, што па іншым канале такі цудоўны серыял пачаўся. Трэба будзе паглядзець хоць адну серыю.

– А ў мяне ёсць іншая прапанова, – сказаў Курачкін. – Давай сходзім у тэатр.

Курачкін паклаў на стол два квіткі.

– Гэта, пэўна, цікавей за серыялы, – падміргнуў муж. – Ды і нарэшце разам паглядзім, а не паасобку.

– Слушная ідэя, – падміргнула Маша. – Можа, і ў парк сходзім пагуляць?

– Можна, – абрадаваўся Курачкін.

103 032,66 s`om
Yosh cheklamasi:
0+
Litresda chiqarilgan sana:
25 dekabr 2024
Yozilgan sana:
2025
Hajm:
238 Sahifa 14 illyustratsiayalar
ISBN:
978-985-19-8386-1
Mualliflik huquqi egasi:
Аверсэв
Audio
O'rtacha reyting 4,7, 1079 ta baholash asosida
Matn
O'rtacha reyting 4,3, 302 ta baholash asosida
Audio
O'rtacha reyting 4,9, 152 ta baholash asosida
Matn
O'rtacha reyting 4,8, 375 ta baholash asosida
Matn, audio format mavjud
O'rtacha reyting 4,7, 587 ta baholash asosida
Matn, audio format mavjud
O'rtacha reyting 0, 0 ta baholash asosida
Audio
O'rtacha reyting 0, 0 ta baholash asosida