Kitobni o'qish: «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд»

Shrift:

© Грушэцкі А., 2023

© Козел В., ілюстрацыі, 2023

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2023

Зімовая дарога

– Гэта наш апошні ўрок у гэтым паўгоддзі. Наперадзе вас чакаюць зімовыя вакацыі, Каляды, забавы і новыя прыгоды. Баўцеся добра, бо пасля адпачынку чакаю вас усіх з сачыненнямі на тэму: «Як я правёў калядныя святы». Напэўна, некаторыя з вас паедуць хто за горад, а можа хто і наогул у іншыя краіны. Так, Мілана? – звярнулася настаўніца да вучаніцы, якая ўжо аддалася марам, разважаючы, куды ж яна адправіцца. – Вось вы, куды плануеце паехаць?

– У каралеўства Сварга, – недзе летуценячы задуменна адказала дзяўчына.

– Куды? – жанчына ажно разгубілася.

– Га? Не, у вёску, да бабулі і дзядулі, – вярнулася з нябёсаў на зямлю Мілана.

– Гэта ўжо больш зразумела, таксама люблю бываць на вёсцы. Але ж што гэта за каралеўства?

– Гэта так, з фільма аднаго, фэнтэзі, – выкруцілася кемлівая школьніца.

– А я ўжо на секунду падумала, што нешта з геаграфіі прапусціла, – пажартавала настаўніца. – Зрэшты, зараз столькі экзатычных напрамкаў, што часам нават дзіву даешся.

Ужо дома дзяўчына прызналася брату:

– Ты ведаеш, я сёння знянацку ледзь не прабалбаталася пра каралеўства.

– Як так?

– Замарылася, быццам зноў па ім вандрую.

– Разумею, таксама сумую па тых прыгодах. Але ты, глядзі, асцярожней у наступны раз. Гэта вялікі сакрэт!

Яны насамрэч знудзіліся па тых часах, калі яны, як сапраўдныя героі, змагаліся за волю цэлага краю, ратавалі сваіх сяброў і адстойвалі справядлівасць. Успаміны адразу паглынулі іх, і ім зноў захацелася апынуцца побач са сваімі прыяцелямі, якія так хутка для іх сталі блізкімі і дарагімі: мудры Пугач, волат Вярнігара, вужалкі… А як жа там Цмок пажывае? Улічваючы, што час у залюстрэччы цячэ зусім інакш, пэўна, ён ужо падрос. А каралевічы Сэнмур і Рэгла, з якімі склаліся такія цёплыя адносіны? Спаткацца б з імі ізноў… А зрэшты – чаму не? Бацькі ім ужо паабяцалі, што вакацыі яны правядуць у бабулі з дзядулем. А значыцца – усё магчыма. І настрой адразу ж узняўся.

Ужо хутка яны радасна збіраліся ў дарогу. Але што з сабой узяць на гэты раз? Калі шчыра, браць даспехі Янку ўжо не так хацелася. За паўгода ён падрос, стаў больш сур’ёзны, і цягнуць з сабой у вёску штучны набор, ды яшчэ і зімой, яму ўжо было не цікава. Затое ў яго цяпер было тое крэсіва, пра якое ён так марыў. Бацька, даведаўшыся пра гэта, купіў яму, бо Янка нярэдка хадзіў у вандроўкі на прыроду са скаўтамі. І ліхтарык яшчэ паклаў у заплечнік, якасны, святлодыёдны. А таксама, хоць і кампактны, але досыць моцны палявы бінокль. І, вядома ж, не забыў ён запакаваць і акуратна ўкласці драўляныя крыж з падковай, пры дапамозе якіх можна было адчыніць чароўны партал праз люстэрка ў таямнічае каралеўства.

А вось Мілана і ў гэты раз з задавальненнем брала сваю дыядэму, якой вельмі ганарылася. Вельмі цешыла дзяўчыну тое, за што яе атрымала – найпрыгажэйшая паміж аднагодкаў на раённым конкурсе! А на шыю павесіла той загадкавы кулончык дзіўнага фіялетавага колеру ў дэкаратыўнай аправе, пры дапамозе якога можна было выклікаць Цмока.

На наступны дзень яны ўжо і выехалі, каб паспець акурат да каляднай вячэры. Шлях быў няблізкі. Але менавіта зімой наш лес выглядае асабліва цудоўна, нават – чароўна. Высачэзныя сосны і яліны, нібы заможныя шляхцюкі і паненкі, апранутыя ў багатыя пясцовыя шапкі ды палярыны, выхваляюцца хараством сваіх строяў, якія так і ззяюць на сонцы. А рассыпаны пад ім сумётамі белы пушысты снег зіхаціць пералівам, нібы раскіданыя прыгаршчамі дарагія дыяменты. Гледзячы на гэтае пышнае багацце, Мілана з цеплынёй ўспомніла тую самую футраваю палярыну ад Сэнмура, годную асоб каралеўскай крыві. Вось бы калі яна спатрэбілася. Але ў такой раскошы фарсіць па вёсцы неяк няёмка. Хіба што пры двары. І тут перад яе вачыма паўстала выява прыгожа ўбранага замка, у якім яны балявалі перад развітаннем, і ў якім нарэшце ўладарыў праўдзівы кароль. Калі ўсё складзецца добра, то найверагодней з ім можа і пабачацца. Спадзяемся, у каралеўстве нарэшце пануе мір і спакой.

Казачны пейзаж за акном зачароўваў, але белая аднастайнасць хараства паволі закалыхвала, і неўзабаве дзеці і самі не заўважылі, як праваліліся ў сон. Раптам іх абудзіла рэзкае тармажэнне. Машына не пайшла ў занос, бацька быў дасведчаным кіроўцам, а дзеці не пацярпелі, бо былі прышпіленыя поясам бяспекі. Прычынай усёй гэтай аказіі быў малады лось, які знянацку з’явіўся на дарозе і ледзьве не стаў віноўнікам няшчаснага здарэння. Калі той заўважыў транспарт, што на яго рухаўся і сігналіў, ён спужаўся, і даў ходу, праўда, трохі прабуксаваўшы на старце даўгімі худымі нагамі.

– Вух ты, лось! – толькі і дзівіўся Янка.

– Так, ледзьве з намі не павітаўся, – прыходзіў у сябе ад шоку бацька.

– Далёка ж мы ад горада забраліся, відаць, як ласі так вольна шпацыруюць, – азіралася па баках Мілана, у надзеі выгледзець каго яшчэ.

– Чаму? Бывае, што яны і ў горад заходзяць, – не пагадзілася маці.

– Бывае, і зайцоў дзе на ўскрайку можна ўбачыць, – падтрымаў бацька.

– Ды ну?!

– Сам некалькі разоў бачыў.

Але ж ад горада яны былі зусім далёка. І праспалі дзеці досыць доўга, ужо хутка і дзедавы мясціны павінны былі паўстаць. Далейшая дарога была без здарэнняў, а ў хуткім часе яны праехалі і ўказальнік павароту на любімую вёску. Уздоўж дарогі ляжалі пухнатыя сумёты, за горадам снегу заўсёды паболей. А як толькі ўехалі ў вёску, адразу кінулася ў вочы акуратнасць гаспадароў – адснежаныя ходнікі, пачышчаныя заезды да брам. Кожны імкнуўся прыбраць не толькі ў сваім двары, але і за плотам, каб суседзі не лічылі цябе за лайдака, ды й вока цешыла, зрэшты. Гэтак жа было чыста і дагледжана і перад дзедавай хатай.

На пад’ездзе да вёскі яны патэлефанавалі, папярэдзіўшы, таму брамы ўжо былі расхінутыя. І, як толькі яны заехалі, усцешаныя бабуля з дзядулем выйшлі сустракаць сваіх родных.

Абдымкам не было канца. Унукаў старыя дык і ўвогуле не хацелі выпускаць з рук, па іх яны сумавалі найболей. А ў хаце ўжо чакаў накрыты калядны стол: бліны з мёдам і варэнікі, квашанне, выпечка ды прысмакі, смажаны карп, ды ў прыгожай шляхетнай супніцы дыміўся суп з лясных грыбоў. І пачэснае месца займала куцця ў гліняным гаршчэчку – ячная каша з мёдам ды макам. З печы ж даносіўся водар апошняй стравы, якая гатавалася – печанай бульбачкі ў чыгунку. І калі бабуля толькі ўсё гэта паспела, невядома.

Пакуль усе распакоўвалі рэчы, акурат і бульба дайшла, можна было сядаць з далёкай дарогі за вячэру. Тым больш, што і на двары вечарэла, а на небе ўжо можна было разгледзець першыя зоркі. У пакоі ўсё завіравала, і нават агромністы саламяны павук, што прыгожа звісаў з жырандолі і быў зроблены з сіметрычнай дакладнасцю, загайдаўся ў паветры, нібы прасіўся, каб і яго ўсадзілі разам з усімі. Стол быў засланы белым абрусом, вышыты ўзорамі па краях, а пад абрусом шамацела трохі саломы, якую клалі як сімвал урадлівасці і дабрабыту. А яшчэ гэта быў сімвал подсцілу, што быў у калысцы немаўляці-Ісуса пасля нараджэння. Часам нават дзівішся, наколькі цесна паганскія звычаі перапляліся з хрысціянскімі ў народзе.

– Дзяды, дзяды! Хадзіце куццю есці! – гучна прамовіў дзед, адкладваючы па лыжцы розных страў у асобны сподачак, які потым аднёс на падаконнік для продкаў-дзядоў.

Стары прачытаў разам з сям’ёй малітву, і ўсе селі за вячэру. З дарогі, ды яшчэ і такія ласункі… Амаль усё сваё, з уласнага падворка. Усяго 12 страў, як і належыць у такі святочны дзень. Сапраўдная сямейная ўрачыстасць.

За сталом і гутарка пацякла. Старых вельмі цікавіла, што новага ў іх дзяцей ды ўнукаў: тата Янкі з Міланай узначаліў новы праект, які меў прынесці яму поспех, калі ўсё пойдзе гладка, а маці атрымала павышэнне і цяпер кіравала цэлым аддзелам. Мілана больш не ганялася за прызнаннем прыгажосці, затое паспяхова выступіла на гарадскім лінгвістычным конкурсе. Янка ж выдатна выявіў сябе на конкурсе па матэматыцы, да таго ж ён цяпер кіраваў скаўцкім атрадам – вось дзе прыдаліся яго лідарскія здольнасці.

– А ў вас, што цікавага чуваць? – пацікавіўся тата ў старых.

– Ды што тут новага можа быць? Год пражылі і дзякуй Богу. Адно што – на вёсцы ніколі не засумуеш, зямля гэтага не даруе. Гаспадарка шмат клопату патрабуе. Галоўнае, што моладзь вёску не забывае, хоць час ад часу, ды прыязджае. Можа, не ўсе на сталы побыт, большасць, каб толькі пагасціць, але і гэта цешыць. Заўсёды трэба даражыць тым месцам, дзе нарадзіўся, і адкуль твае карані.

– Твая праўда, бацька. Цалкам маеш рацыю. Жыць і працаваць можна, дзе заўгодна, хоць у далёкім замежжы, але да роднай зямлі, да бацькаўшчыны, трэба заўсёды зберагаць любоў і пашану.

– Ну, і не забывацца пра нас, сваіх бацькоў, – падсумаваў, усміхаючыся дзед.

– Гэта найперш!

Яны напіліся яшчэ гарбаты з блінамі, якія стары разрэзаў крыж-накрыж, і бабуля прапанавала трошкі паваражыць. Яна сама першай саломінку і выцягнула, роўную, доўгую.

– Добры знак, – растлумачыла яна, – год прынясе здароўе і даўгалецце.

За ёй пацягнула маці, якой дасталася падобная. Мужчыны ў гэтым не ўдзельнічалі – яны ўважалі тое за дзявочыя забавы. А Мілана з задавальненнем і нават з вялікай цікаўнасцю далучылася. І з хваляваннем няспешна дастала насычана залацістую саломіну з коласам, поўным зярнятаў.

– Вого! – нават усклікнула бабця.

– Што? – прамовілі адначасова Мілана з Янкам, якіх здзівіла такая бурная рэакцыя.

– Заможнага жаніха сабе адхопіш!

Тут хлопец не вытрымаў і засмяяўся, пахлопаўшы сястру па плячы.

– Смейся. На меншае я нават і не разлічвала, – не паддалася юная прыгажуня, ведаючы сабе цану.

За такой непахіснасцю разгубіўся ўжо хутчэй сам Янка. Але потым, ацаніўшы пачуццё гумару Міланы, якая так лёгка асадзіла брата, засмяяліся ўжо і ўсе.

Калядоўшчыкі

Раство атрымалася на славу, нават ноч была такая шчодрая на снег, што зранку немагчыма было выйсці з хаты. Намяло так, што мужчынам спатрэбілася ледзьве не добрая гадзіна, каб хоць з большага разгрэбці. Затое дзецям была пацеха – снежныя бабы вырасталі амаль у кожным двары.

– Гэта вам не ў вашым горадзе, што растае хутчэй, чым далятае да зямлі, – пажартаваў дзед.

І тут цалкам меў рацыю, зімой вёска на снег заўсёды больш багатая.

Пакуль мужчыны прыбіралі ў двары, жанчыны гатавалі сняданак. Дзякуй, па багатай вячэры гэта было няцяжка. Пакуль Янка з Міланай снедалі, праз акно было відаць, як мясцовая дзятва, хто з санкамі, хто на лыжах, кіруюцца ў бок школы – там быў прасторны двор, а побач з ім горка. Далучаліся да іх і дзеці, што прыехалі да сваіх родных у вёску, зрэшты, дзеля гэтага з цеснага горада і вырваліся. Гледзячы, з якім задорам ўсе павысыпалі на вуліцу, закарцела і нашым падлеткам. Пахапалі лядзянкі – і гайда за снежнымі забавамі!

Бялюткая пушыстая паверхня горкі яшчэ не была ўезджанай, таму снег вылятаў з-пад санак і дошак, нібы пырскі на вадаспадзе бурлівай горнай ракі, што прыводзіла дзятву ў неапісальнае захапленне. А месцамі парабілі на спуску яшчэ і невялічкія трампліны, на якіх з вокрыкамі падскоквалі і нават трошкі праляталі, уяўляючы сябе праўдзівымі майстрамі экстрэмальнага спорту.

Вось каб яшчэ і пад’ёмнік на гару быў… Па пэўным часе яны нават трохі стаміліся і прыселі перадыхнуць. Тут яны заўважылі, што на пляцоўцы дзеці пачалі ляпіць снежную крэпасць. Янка заўважыў сярод іх і некалькі сваіх сяброў і пажадаў разам з сястрой далучыцца да будаўніцтва. І раптам яму прыйшла да галавы шалёная задума – зляпіць насупраць яе, непадалёк, яшчэ адну, каб мець магчымасць правесці сапраўдныя снежныя баталіі і пабавіцца на славу. Усім такая ідэя прыйшлася даспадобы, да таго ж – яны дадаткова паклікалі прыяцеляў, бо справа патрабавала больш удзельнікаў. Дзятва з азартам прынялася катаць камы. Акурат надвор’е і ўмовы таму спрыялі, снег ляпіўся, і галоўнае – яго было багата. Па пэўным часе выраслі сапраўдныя снежныя цытадэлі, фартэцыі з акенцамі-байніцамі і нават з чымсьці падобным да вежаў на мурах крэпасці.

Па завяршэнні дзеці самі былі задаволеныя сваёй працай, бо ніколі раней нічога падобнага ў іх не атрымлівалася. А прычынай поспеху быў азарт Янкі, які літаральна кіраваў будоўляй са сваёй камандай. Пры гэтым іх будучыя сапернікі, не жадаючы ні ў чым саступаць, прыкладалі ўсе намаганні, каб не выглядаць горш. Таму ў выніку і паўсталі адна насупраць адной дзве пярліны дзіцячага снежнага дойлідства. Убачыўшы і ацаніўшы ўвачавідкі вынікі сваіх высілкаў напачатку дзеці нават не хацелі пачынаць снежны бой. Многія пажадалі захаваць гэты цуд на памяць, дасталі свае тэлефоны і зрабілі памятныя здымкі бастыёнаў і сябе на іх фоне, пакуль ўся гэтая прыгажосць яшчэ не пацярпела зруйнавання. І толькі потым пачалі рыхтавацца да бою – назапашваць як мага болей снежак.

Знянацку ў бок Янкі паляцеў першы камяк – гэта праціўнік без папярэджання вырашыў распачаць бой першым. А за ім і яшчэ цэлы залп. Не зусім сумленна, але часам гэтак і ў жыцці – трэба заўсёды быць напагатове да нечаканых удараў. І тут завязалася сапраўдная баталія. Снежкі паляцелі, нібы малыя пушачныя ядры, са свістам разразаючы паветра. І таксама эфектна ўразаліся ў сцены снежнай крэпасці, быццам, выбухаючы і разрываючыся на кавалкі снегу, як сапраўдныя снарады пры ўдары аб мур каменнай фартэцыі. Даставалася як абаронцам, гэтак і тым, хто нападае, камусьці трапным ударам ужо нават збіла шапку.

Гэта біла па ваярах Янкі не толькі фізічна, гэта падрывала іх маральны дух. Бой напраўду яшчэ не пачаўся, а перавага ўжо была на баку праціўніка. Трэба было нешта прыдумаць, каб пераламіць сітуацыю. І ў галаве хутка саспеў план, хоць і рызыкоўны. Снежныя ўмацаванні знаходзіліся побач з вясковай школай, будынак якой быў невялікі, па гарадскіх мерках. Янка прапанаваў спрытнейшым хлопцам аббегчы школу, каб зайсці да непрыяцеля з тылу. А сам ён, разам з Міланай і астатнімі, застаўся трымаць абарону, ды яшчэ і ўзмацніў абстрэл, каб адцягнуць усю ўвагу на сябе. Гэта змяншала на пэўны час сілы, але магло даць шанец.

Адасланых хлопцаў калі хто раптам і заўважыў, то хутчэй палічыў, што тыя вырашылі пакінуць поле бітвы. А насамрэч яны панесліся на ўсю моц, прыхапіўшы яшчэ па дарозе і сяброў, і ўжо праз пару хвілін былі за спінамі непрыяцеля. Нарабіўшы дарогай як мага больш снежак, яны пачалі закідваць ужо не прыкрытага саперніка. Гэта ж паслужыла і сігналам да агульнай атакі. Янка ўзняў сваю залогу1, і ўсе дружна рынуліся ў бой. Цяпер праціўнікі былі ў разгубленасці, і ім заставалася толькі хавацца і прыкрывацца альбо ганебна бегчы з-пад абстрэлу. І ўжо хутка перамога была за камандай Янкі. Дзеці радасна ўсклікалі, цешыліся і абдымаліся.

Праўда, пры нападзе дасталося і фартэцыі. І не толькі ад снежак. Хтосьці наскочыў на яе пры атацы, хтосьці наваліўся, абараняючыся, ці зачапіў, уцякаючы ад кідкоў. Але з большага сцены вытрымалі. Тое, што вытрымала, спаборнікі пакінулі на забаву малым, якія ўвесь час з захапленнем назіралі за шаленствам старэйшых і чакалі, калі і ім можна будзе пабавіцца ўнутры.

Перамога ж была хутчэй умоўнай, потым усе дружна пайшлі далей гуляць. А на вечар дамовіліся сустрэцца, пайсці калядаваць па дварах. Усе прамоклі ды прытаміліся, але былі вясёлыя і ў добрым гуморы. Нарэшце па-сапраўднаму адчулі прывабнасць зімы і асалоду ад вакацый. За пацехамі мінула добрая палова дня, і дзеці пацягнуліся па хатах да гарачага абеду, адагрэцца і хоць трохі адпачыць.

Маці, калі ўбачыла Янку з Міланай, хацела, як кажуць, і плакаць, і смяяцца. Перад ёй стаялі двое пакрытых снежнай коркай дзяцей з чырвонымі ад марозу тварамі, але з вачыма, поўнымі бадзёрасці і задору.

– А, матухна! На вас не інакш, як снегавікі напалі і качалі вас па ўсіх сумётах, – пажартавала яна. – Распранацца на парозе, вопратку – адразу ў ванную, і сушыцца! – скамандавала жанчына. – Потым – мыць рукі, і чакаю вас на кухні! Зараз што-небудзь гарачае згатую, не хапала, каб вы яшчэ прастылі ў першы ж дзень.

Дзеці і самі прагнулі ўжо як мага хутчэй залезці ў сухую хатнюю адзежу і адагрэцца кубкам духмянай гарбаты. Тым часам на кухні пачулася патрэскванне на патэльні, і пайшоў водар, які бударажыў апетыт. Гэта маці разагравала смажаную бульбачку на скварках. Галодныя з вуліцы, яны падмялі ўсё падчыстую і, падмацаваўшыся і адагрэўшыся, ужо павольна прыняліся за гарачы напой. Стомленасць знікала, і надыходзіў гарманічны супакой. Цяпер можна было і адпачыць, наперадзе яшчэ чакаў насычаны вечар.

А дзеда пайшоў у сваю камору, дзе захоўваў як каштоўныя, так і рэчы, у якіх патрэба была толькі час ад часу. Напрыклад, там ляжала акуратна загорнутая ў тканіну маска казы, сімвал урадлівасці, ладу і дабрабыту ў сям’і. Яна была ўжо старая, ён сам яе рабіў калісьці даўно з пап’е-машэ для сваёй дачкі. Але тая ўжо даўно вырасла і пасля шлюбу з’ехала з мужам у іншую краіну. Застаўся толькі сын, бацька Янкі з Міланай. Вось для Міланы ён яе і даставаў, вельмі хацела яна быць козачкай на Каляды, адна з галоўных гераінь, як-ніяк. Роля для яе адводзілася вясёлая, што вельмі цешыла дзяўчынку. А для поўнага вобраза кажушок быў недзе прыхаваны, яшчэ больш стары за маску. Не паверыце – дзед яшчэ сам яго ў дзяцінстве насіў, бегаў праз сумёты ў ім да школы.

Было нешта і больш значнае ў яго – у куце, таксама прыкрытая, стаяла вялікая калядная зорка, з якой хадзілі па вёсцы, – галоўны сімвал калядоўшчыкаў. Увогуле, дзеда быў на ўсе рукі майстра, за што яго ў вёсцы ўсе вельмі паважалі і цанілі. Зорка была на кіі, шыкоўная і прыгожая. Янка, найверагодней, з ёй не даў бы рады, бо цяжкаватая была, таму яна прызначалася для таты. А Янка любіў хадзіць з буслом – звычайная лялька на палцы – галава з даўгой чырвонай дзюбай са штыкецін з вяроўкай, за якую, калі паторгаеш, то дошчачкі стукаліся адна аб адну і выдавалі гук, нібы насамрэч бусел клекатаў. Было нешта і для маці, якая любіла пераўвасабляцца ў цыганку – старыя, бабуліны, кажух ды некалькі пярэстых рознакаляровых хустак: і на галаву, і каб падвязацца. Заставалася надзець на шыю каралі, зрабіць яркі макіяж – і вобраз гатовы.

У другой палове дня па іх завіталі сябры – клікалі за галоўных калядоўшчыкаў. Бо без дзедавай зоркі, што гэта за Каляды? У некаторых хатах таксама захоўваліся зоркі, размаляваныя з фанеры, але іх «гвязда» ў параўнанні, нават з імі ўсімі разам узятымі, была сапраўдным мастацкім творам. А іх бабця мела неверагодны прыгожы ды гучны голас і заўсёды была галоўнай «запявалай», за ёй цягнуліся ўжо і ўсе астатнія. Уласна, ёй роля «бабы» і адводзілася. Адпаведна, яе стары быў «дзедам», чый вобраз увасабляў агульны вобраз продкаў. Менавіта ён узначальваў гурт калядоўшчыкаў і павінен быў весці «казу». На дзядулю быў апрануты стары кажух, які ўжо шмат бачыў, з такой жа паношанай шапкай, яшчэ ўскудлачаны парык і прымацаваная доўгая сівая барада.

Галоўны збор быў на ўскрайку вёскі, адкуль і пачыналі хадзіць па хатах. Там ужо сабралася з дзясятак удзельнікаў, таксама святочна апранутых, і добрая колькасць дзяцей, якія чакалі на ўрачыстасць. Былі і «цыган» з «мядзведзем», яшчэ адна «козачка», «жаўнер» і нават «чорт». Механошам быў іх дзядзька, стрыечны брат бацькі, які жыў на суседняй вуліцы. Чакалі толькі музыкаў, куды ж без іх. Праз некалькі хвілін падцягнуліся і яны, нарэшце можна было пачынаць.

Пасля вясёлых прывітанняў музыкі зайгралі і заспявалі. Зазвычай яны распачыналі з песні на Раство «Учора з вячора»:

 
Учора з вячора засвяціла зора.
Зора засвяціла, свет узвесяліла.
Свет узвесяліўся: Хрыстос нарадзіўся.
Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне.
 
 
Людзі, выбягайце, Хрыста прывітайце.
Хрыста прывітайце, нам каляду дайце…
 

Пасля чаго ўсе рушылі з бадзёрай песняй «Ой, дзе ж мы ходзім»:

 
Ой, дзе ж мы ходзім, дзе пахаджуем.
Коліда, коліда, коліда, коліда.
Мы на гэты двор ды захаджуем.
Коліда, коліда, коліда, коліда…
 

З ёй яны ўжо і заходзілі на першы двор, што быў па дарозе. У драўлянай хаце жыла шматдзетная сям’я. Калядоўшчыкі толькі пачалі праходзіць праз веснічкі, не дайшлі нават да хаты, а дзеці ўжо гуртам высыпалі, як гарох на вуліцу, хто што паспеў начапіць, і весела віталі калядоўшчыкаў. Тым часам настаў час Міланы.

 
– Го-го-го каза, го-го шэрая,
Дзе рожкі дзела?
– На соль праела.
– Го-го-го, каза, го-го шэрая,
Лезь, каза, на печ
Пакажы чапец…
 

Мілана скакала, не шкадуючы ног, як сапраўдная малая козачка. Ды з такім запалам, што і снег мог пад ёй растапіцца. Але песня скончылася, і яна ўпала на зямлю.

– Вох, – заквохкаў стары, – натанчылася наша козачка, наскакалася, змарылася зусім. Ні жывая, ні мёртвая, ледзьве дыхае. Вой, што ж нам зрабіць, каб яна ачуняла? – пытаецца дзед у дзяцей.

– Трэба падзьмуць на яе і пашкадаваць, – прапанаваў адзін з малых, потым падышоў да Міланы, прысеў да яе на кукішкі і пачаў дзьмуць ды гладзіць па кажуху.

Дзядуля, гледзячы на гэта, з замілаваннем усміхнуўся.

– Ну, можна і так. А што яшчэ, як вы думаеце?

Малыя прызадумаліся, паглядаючы на яе задуменнымі вачыма, поўнымі спачування.

– Трэба даць кавалак сала, каб каза ўстала, – падказала ім маці.

– Можна і цукерак! – раздаўся жаласлівы голас «казы» праз маску, на што дзеці засмяяліся.

– Во, бачыце, якая ў нас козачка-ласуха. А як цукерак з’есці, то і на плот зможа ўзлезці! – весела прагаварыў стары.

Тут іх бацька выйшаў з хаты, трымаючы ў руках вялікую міску, у якую былі насыпаны ласункі. Дзеці наўзахваткі з гоманам пацягнуліся па цукеркі і пачалі іх пхаць хто ў маску казе, каб тая ачуняла, хто ў рукі. Мілана адразу заварушылася, каб іх узяць, бо цукеркамі яе папросту засыпалі.

– Вой, дзеткі, якія вы малайцы! – пахваліў іх дзед. – Бачыце, козачка, дзякуючы вашым клопатам, адразу ажыла. Дзякуй вам вялікі! Толькі давайце гэта ўсё пакладзём у мех, бо, баюся, яна столькі за раз не з’есць, – зубы забаляць.

Дзеці засмяяліся і перасыпалі свае падарункі да механошы.

– Дзякуй, вам гаспадары! Дабрабыту на двары! Вашай хаце сто гадоў жыць у багацці! Вашы любыя дзеткі няхай растуць, як прыгожыя кветкі! – пасыпаліся зычэнні гасцінным гаспадарам і іх малым.

– Мусім зараз развітацца, трэба далей у шлях збірацца. Добра нам было ў вас, ды чакаюць далей нас.

Калядоўшчыкі развіталіся і вырушылі з песнямі за брамы да наступнай хаты:

 
На вашым дварэ дрэва стаяла.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
 
 
А на том дрэве цясова краваць.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
 
 
На той краваці Божая Маці.
Раю-раіўся, Хрыстос нарадзіўся
На вашым дварэ.
 
 
Божая Маці Сына радзіла…
 

З прыгожай працяглай песняй усёй талакой падышлі да наступных варот. Дзяцей там не было, жылі толькі старыя, самотна. Але можа менавіта таму і былі яны так усцешаныя гасцям, якія ўраз узнялі настрой, бо хацелася і ім, адзінокім, свята, мо і болей, чым іншым.

 
– Добры вечар тому, хто ў гэтым у дому.
Мы самі з сабою, з дзецьмі і з жаною.
Сталы засцілаем, Каляды спраўляем…
 

Старыя слухалі, стаіўшы дыханне. А бабуля, не вытрымаўшы, гэтак расчулілася, што нават пусціла па шчацэ слязіну. Бо шчырасць завіталых да іх аднавяскоўцаў-калядоўшчыкаў узрушыла да глыбіні душы, іх галасы зачароўвалі, а на пераапранутых у святочных персанажаў дзяцей немагчыма было глядзець без замілавання. Дзед жа, гаспадар той хаты, нават не дачакаўшыся танцаў «козкі», быў гатовы ўсіх асыпаць пачастункамі. А калі тая яшчэ і сваё заліхвацкае майстэрства выявіла, то не мог спыніцца ў пахвале, а потым нават і на калена апусціўся, каб абняць яе.

У кожную хату яны, зразумела, не заходзілі. Бо так і да раніцы не абышлі б усіх. З большага, завітвалі да тых, хто быў з дзецьмі ці жыў самотна і насамрэч меў у тым патрэбу, каму варта было ўзняць настрой. Зачыняць перад калядоўшчыкамі дзверы было нельга, бо так можна было наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку. І па пэўным часе нават запаснога механошу давялося падключаць, бо першаму ўжо і цяжка несці было – столькі тых «падзяк» надавалі. Пад канец вёскі ўсе былі добра стомленыя і з поўнымі мяхамі. Але, нягледзячы на тую стому, ва ўсіх быў святочны бадзёры настрой. Калядоўшчыкі неслі радасць людзям і ў адказ атрымлівалі такі зарад станоўчых эмоцый, што, каб не позні час, калядавалі б і яшчэ. Ды і без таго назбіралі на ўсіх артыстаў з лішкам. Прытым, яны не толькі прымалі пачастункі. Так, у адной з хат жыла ўдава з трыма дзеткамі. Калядоўшчыкі не толькі зладзілі цэлае прадстаўленне для іх, а яшчэ і пабавіліся з малымі, павадзілі з імі карагод, а пад канец і самі абдарылі дзятву падарункамі. Павінна ж быць свята ва ўсіх у такі ўрачысты час. На Раство ўсе чакаюць цудаў. І часам яны здараюцца…

 
Ходзім па дварах з песняй-Калядой,
Носім у руках зорку талакой.
Дзед вядзе казу, знаную ласу,
За яе красу дай ёй кілбасу.
 
 
Козку паважай – будзе ўраджай.
Грай, музыка, грай, будзе ў хаце рай.
Дайце мядзведзю сала ці куццю,
Каб ён дом бярог ды ўсю сям’ю.
 
 
Дай буслу пірог, каб пад’есці мог,
Ён гаспадарам з дзецьмі дапамог.
Дзеду са старой сыпце мех з гарой,
Каб мінала вас горайка з бядой.
 
 
Дай вам Бог пражыць аж да ста гадоў,
Каб у хаце ў вас кожны быў здароў.
Заспявалі мы вам калядачкі,
Дайце ж можа нам, хоць аладачкі2
 
1.Засада, атрад, які знаходзіцца ў засадзе; застава, гарнізон; салдат, якога пакінулі на пастой.
2.Аўтарскі верш «Калядная».
Yosh cheklamasi:
12+
Litresda chiqarilgan sana:
11 dekabr 2023
Yozilgan sana:
2023
Hajm:
232 Sahifa 21 illyustratsiayalar
ISBN:
978-985-581-632-5
Mualliflik huquqi egasi:
Четыре четверти
Yuklab olish formati:
Matn
O'rtacha reyting 3,7, 3 ta baholash asosida
Matn
O'rtacha reyting 0, 0 ta baholash asosida
Matn
O'rtacha reyting 4,6, 7 ta baholash asosida
Podkast
O'rtacha reyting 0, 0 ta baholash asosida