Войцік за жыццё ўжо зведаў, як дасканала хітруе вораг, як прыкідваецца сваім, сябрам, нават партыйцам. Як той Хмялеўскі. Колькі гадоў віў сваю шкодніцкую вяровачку, прытвараўся, арганізоўваў слабыя калгасы. Ды ўсё ж выкрылі разумныя людзі, заўважылі і пакаралі. І хіба аднаго Хмялеўскага! А дырэктара школы Пратасевіча, міліцэйскага начальніка Лакцёнка, старшыню райспажыўсаюза Кузьміча. Ды ў кожнай вёсцы, у кожным калгасе. А ў вобласці! Скрозь паналезла процьма заядлых ворагаў, шкоднікаў, здраднікаў. А ў вайну іх вылезла яшчэ болей. Надта шмат было тых урокаў класавай барацьбы, каб і дурань чаму-нічаму навучыўся. Не, мусіць на тое дадзена і пільнасць, каб заўжды быць начаку і не паддавацца на зман. Не даць адмякнуць у сабе непрымірымасці і заўжды да ўсіх прыглядацца. Да суседа, да сябра, а то і да бацькі з маткай. Ці мала што? Часам, можа, шкадаванне возьме да каторага, асабліва калі знаёмы ці там радня. Але тое бабскае пачуццё міласэрнасці належала задушыць у сабе, сцяць зубы і намагчыся на тое, чаго вымагае бязлітасны класавы прынцып. Канешне, бывае агідна, боязна нават, часам не хапае рашучасці. Ну, але гэта таму, што ў Войціка слабы характар. Што зробіш...